Семейные архивы. «Из бригады уцелело 12 бойцов…»

Актуалии

З брыгады ацалелі ўсяго дванаццаць байцоў…
Уніклівы чытач, хутчэй за ўсё, помніць вялікую, ледзь не газетную паласу, публікацыю пад назвай “Воля да жыцця Аляксея Кліміценкі”, а ўнізе,  падвалам завярстаны групавы сямейны здымак. Нагадаю: ліст і фота ў рэдакцыю прыслаў у чэрвені 2013 года А. У. Клімянценка (у прозвішча, якое падала раёнка, закралася памылка: усё ж правільна Клімянценка). У публікацыі А. У. Клімянценка з г. Кіраўска, што ў Расійскай Федэрацыі, распавядаў пра свой горкі лёс – лёс хлопчыка, які трапіў у час вайны ў дзіцячы дом, пра тое, як знайшоў яго бацька…
Зараз іншы расказ. Таксама пра вайну, але пра вайну, якую захапіў бацька М. А. Клімянценкі, энергетыка ДРБУ-204, Аляксей Мікалаевіч – дваюрадны брат таго, хто даслаў  чэрвеньскі ліст у рэдакцыю ў 2013-ым. Менавіта пра бацьку  Міхаіла Аляксеевіча і пойдзе гаворка. Спачатку ж адзначым, што на здымку бабуля Матрона Архіпаўна трымае на руках унука Мішку, якому ўсяго годзік. Злева ад яе сын Аляксей – франтавік, падводнік, справа – Георгій, ён таксама прайшоў вайну. Яны з сем’ямі. Здымак датуецца 1957 годам.
Гэта, так сказаць, прэлюдыя.  А зараз – той расказ, з якім пазнаёміў журналіста М. А. Клімянценка. Бацька яго  рос высокім і дужым. Гэта акалічнасць, відаць, і паспрыяла таму, каб юнак з далёкай беларускай вёскі Барсучына (была такая недалёка ад вёскі Рускія, на Дабейшчыне) быў накіраваны на службу ў марскі флот. Трапіў у даваенным 1938-ым на Ціхаакіянскі флот, там жа і сустрэў вайну.
Неўзабаве з маракоў-падводнікаў фарміруецца 81-ая   брыгада марской пяхоты. Брыгаду перапраўляюць пад Маскву, у самае пекла вайны ўзору 41-га года. Бацька пасля вайны расказваў, што гэта было за пекла. Мароз, снягі, сцюжа такая, што адмярзаюць ногі, рукі. “З пяцісот байцоў, як расказваў бацька, пасля першых баёў ацалелі ўсяго дванаццаць, – гаворыць сын франтавіка. – І што цікава, бацьку нават не параніла. Шчаслівы быў ці ўдачлівы…” Адзін з дванаццаці жывых, камуніст Аляксей Клімянценка быў прадстаўлены да ордэна Чырвонага Сцяга. Праўда, ні ў вайну, ні пасля вайны  ўзнагарода байца не знайшла. Тым не менш  верым, што байцы, якія ўцалелі ў такой “мясарубцы”, начальствам да ордэнаў былі прадстаўлены. Відаць, у крутаверці падзей і адступленняў штабісты ўсё ж недагледзелі або дакументы згубіліся.
Гэта не засмуціла Аляксея Клімянценку, бо жыла ў ім радасць ад таго, што выжыў, што ацалеў, вырваўся  з пекла. А тут паступае загад аб расфарміраванні брыгады (рэшткаў брыгады), і  ўчарашні абаронца Масквы   зноў адпраўлены на  флот.  Вядома, там не была перадавая, аднак і пад носам у агрэсараў-японцаў таксама было несалодка. Расказваў бацька, як паступалі самураі: іх прыкоўвалі  да кулямётаў, каб не змаглі, калі хто кволы духам, уцячы. Або абвязваліся ўзрыўчаткай і кідаліся пад танк. Гэта самураі, а радавыя японцы салдатамі былі слабымі.
На Хірасіму і Нагасакі ў 1945 годзе  амерыканцы скінулі бомбу.  Пацярпелі ад гэтага выбуху не толькі японцы, а і тыя савецкія байцы, якія знаходзіліся  недалёка ў падлодцы.  Такая версія. А мо ўсё ж нешта здарылася з самой субмарынай? Як бы ні было, а вялікую долю радыяцыі наш зямляк падхапіў. Таму і кароткі ў яго аказаўся век – пражыў усяго 59.
Дарэчы, там на флоце, ён адслужыў ажно да 1948 года. Іншымі словамі, быў адарваны ад сям’і, ад радзімы на цэлыя дзесяць гадоў. Камуніст, чалавек на рэдкасць адказны, ён, вярнуўшыся дамоў, працаваў інструктарам спорткамітэта ў раёне, потым майстрам ў дарожнай арганізацыі. Помніць М. А. Клімянценка, якому тады было гадоў дзесяць, як бацька катаў яго на матацыкле, як было цёпла з ім і надзейна…
Былі ва ўчарашняга матроса, франтавіка і іншыя пасады: начальнік аховы на прадпрыемстве па нарыхтоўцы збожжа, дырэктар шумілінскай сталовай, загадчык гаспадаркі камунгасу. Кім толькі ні быў, куды толькі не кідала яго партыя!
Шчаслівы ён быў чалавек, Аляксей Мікалаевіч Клімянценка.  Ён як зрэнку вока бярог дзве сталінскія граматы, медалі, адзін – “За перамогу над Японіяй” –  асабліва быў яму дарагі.
І ў сям’і быў шчаслівы, і наогул у жыцці. І кожны раз, калі заходзіла гаворка пра вайну, ён не прамінаў расказваць сынам Мікалаю і Міхаілу  пра флоцкае жыццё. Ён ганарыўся братам Георгіем,  які вярнуўся з вайны пры ордэнах і медалях, ён быў асабліва прывязаны да сям’і – жонкі Ірыны Цімафееўны Градоўкінай, якая ўсё жыццё аддала школе, да дзяцей.
Засталася пра Аляксея Мікалаевіча  памяць. Сыноўняя памяць. Удзячная памяць нашчадкаў.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №31 ад 22.04.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *