Итоги работы АПК района подведены накануне профессионального праздника

Актуалии Сельское хозяйство

Ёсць хлеб! Ёсць і песня!

Кіраўнік раёна В. А. Падляшчук вітае лепшага кіраўніка сельскагаспадарчай галіны, старшыню СВК “Баравінка” А. А. Шалюту.

Даўно зжаты апошні сноп збажыны, звезены лён і кукуруза, і поле, узаранае чорнымі тлустымі барознамі, падрыхтавалася адпачываць.  Самы час паклікаць працаўнікоў сяла на свята. Заслужылі. І свята — шырокае, з шанаваннем перадавікоў, з узнагародамі і ўдзячнымі словамі, з падарункамі і шчырымі песнямі — адбылося.
У суботу прыгожы Дом культуры ў Мікіцісе стаў цэнтрам правядзення раённых Дажынак. На свята, вядома ж, запрасілі лепшых з лепшых працаўнікоў сяла. Сёння яны ўрачыстыя, прыбраныя. Механізатары, якіх мы летам фатаграфавалі ў майках і кепках, на свяце пры касцюмах, гальштуках. З прычоскамі і на абцасах у гэты дзень жанчыны, што ад ранку да цямна завіхаюцца на фермах… Ну дык, свята ж!
Свята адкрывае духмяны каравай, спечаны з мукі новага ўраджаю. Каравай на вышытым ручніку дзяўчына ў нацыянальным уборы ўручае кіраўніку раёна. Вальдэмар Антонавіч схіляецца ў паклоне перад хлебам. Так, не толькі хлебаробам, але і яму, і ўсёй раённай камандзе нялёгка даўся сёлетні хлеб, бо надвор’е нібы выпрабоўвала сяльчан на трываласць. І яны выстаялі.
Аб гэтым В. А. Падляшчук гаворыць у сваім выступленні. Дзякуе ўсіх, чыя праца звязана з сельскай гаспадаркай, за старанне і плён.
Менавіта дзякуючы нястомнай сялянскай працы, падкрэслівае Вальдэмар Антонавіч, сельскагаспадарчая галіна раёна развіваецца: збіраюцца багатыя ўраджаі, расце пагалоўе жывёлы. Ідзе актыўнае тэхнічнае пераўзбраенне гаспадарак, укараняюцца сучасныя тэхналогіі, паляпшаюцца ўмовы працы, ствараюцца перадумовы для далейшага росту вытворчасці.
Вынікам  вялікай планамернай напружанай работы тысяч працаўнікоў палёў і ферм, кіраўнікоў і арганізатараў вытворчасці стала выкананне мерапрыемстваў Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця сяла.
Робячы на гэтым акцэнт, старшыня райвыканкама прыводзіць толькі лічбы і факты, якія гавораць самі за сябе. За пяць год у раёне абустроена 8 аграгарадкоў (на гэтыя мэты пайшоў з бюджэту 21 мільярд рублёў). За гэты час пабудавана 56 жылых дамоў (кватэр) агульнай плошчай 4357 квадратных метраў. Праведзена рэканструкцыя і тэхнічнае пераўзбраенне 14 малочнатаварных ферм, 17 жывёлагадоўчых памяшканняў, чатырох рамонтных майстэрняў, чатырох зернесушыльных комплексаў, пабудаваны новы комплекс па ачыстцы зерня ў райаграсер-вісе.
Значна адноўлены машынна-трактарны парк сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. У гаспадаркі паступіла 49 зернеўборачных камбайнаў, 15 адзінак корманарыхтоўчай тэхнікі, 22 энерганасычаныя трактары, 26 аўтамабіляў, 20 пагрузчыкаў “Амкадор”, 273 адзінкі іншай сельгастэхнікі.
Уведзена першая чарга малочнатаварнай фермы на 800 галоў у аграгарадку Башні, на будаўніцтва якой інвеставана 22 мільярды рублёў.
Газіфікаваны аграгарадкі Амбросавічы, Башні, Мікіціха, Слабада, Светласельскі.
Сёлета ў раёне нарыхтавана 28,3 цэнтнера кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву.
За 10 месяцаў валавая вытворчасць малака склала 24,4 тысячы тон. Надоена на адну карову 2 тысячы 953 кілаграмы. Рэалізавана малака дзяржаве 18,9 тысячы тон. Сярэднясутачныя прывагі склалі 566 грамаў.
Усё гэта — вынік работы соцень руплівых працаўнікоў. Многія з іх — у святочнай зале.  Яны ведаюць кошт усяму сказанаму, кошт кожнаму атрыманаму кілаграму зерня, малака, мяса. І, безумоўна, ім прыемна, што праца заўважана і годна ацэнена. Прыемна і радавым працаўнікам, і галоўным спецыялістам, і кіраўнікам. Іх твары свецяцца задавальненнем ад зробленага, радасцю ад магчымасці аддаць цэлы дзень святу, што і бывае толькі раз на год.
Лідарам, тым, хто заняў першыя месцы на ўборцы ўраджаю, нарыхтоўцы кармоў, правафланговым жывёлагадоўлі Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта ўручае кіраўнік раёна. Вальдэмар Антонавіч не шкадуе шчырых удзячных слоў для кожнага. Магчыма,  гэтыя прызнанне і пашана з’яўляюцца дадатковым стымулам для некаторых, каб  з году ў год  не здаваць пазіцый, не саступаць свайго лідарства. І мы ў каторы ўжо раз бачым на авансцэне ўсмешлівага Сяргея Гоманава, стрыманага Аляксея Радзівонава, разважлівага Леаніда Галавача з райаграсервісу. У каторы раз старшыня райвыканкама дзякуе за выдатную працу Міхаілу Шумілу з “Лаўжанскага”, Аляксандру Карпушэнку з райплемстанцыі і ўсім, хто галоўны цяжар сялянскай працы браў на сябе.
У якасці адступлення. У размове пасля афіцыйнай часткі мерапрыемства малады механізатар з СВК “Прыазёрны” Мікалай Жыгуноў, які абраны дэлегатам чацвёртага Усебеларускага народнага сходу, прызнаўся, што для яго быць удзельнікам раённага свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці — вялікі гонар і добры стымул у далейшай рабоце.
Асаблівая роля кіраўніка сельгаспрадпрыемства. Ад яго ўмення стварыць надзейны штаб са спецыялістаў, арганізаваць увесь рабочы працэс, залежыць вынік. Вельмі годна спраўляецца з гэтай задачай старшыня СВК “Баравінка” Аляксандр Анатольевіч Шалюта — па выніках работы за бягучы год ён прызнаны лепшым кіраўніком сельскагаспадарчай галіны. Моцны поціск рукі кіраўніка раёна ў дадатак да шматлікіх ганаровых грамат і грашовых прэмій — гэта ўдзячнасць за добрую працу.
А эстафету віншаванняў прымаюць першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Генадзь Мікалаевіч Кісялевіч — ён узнагароджвае тых, хто ў раённых спаборніцтвах заняў другія і трэція месцы. Начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Марына Ганчарова ўручае ўзнагароды маладым перадавікам. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК дзякуе за добрую работу лепшым прафсаюзным лідарам.
Перадавікі сыходзяць са сцэны з усмешкамі, кветкамі, падарункамі. А ўслед ім гучыць шчырая песня.
У гэты дзень для лепшых працаўнікоў сяла спявалі лепшыя артысты Шуміліншчыны, шчыра пацвярджаючы тое, што будзе хлеб — будзе і песня!
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №91 ад 23.11.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *