Гроза: не бояться, но остерегаться

Безопасность

Навальніца: не баяцца,  але асцерагацца
Навальніцы  ў Беларусі пачынаюцца з сярэдзіны красавіка і заканчваюцца, як правіла,  у пачатку кастрычніка. Найбольш небяспечныя яны ў летні час.
Навальніца – гэта электрычныя разрады, якія суправаджаюцца ўспышкамі святла і рэзкімі гукавымі перакатамі. Удары маланкі нярэдка выклікаюць пажары, псуюць лініі электраперадач, парушаюць рух электрацягнікоў.
Таму нялішне будзе нагадаць правілы паводзінаў падчас навальніцы.
Перад навальніцай трэба зачыніць вокны, дзверы, дымаходы. Не дапускайце скразнякоў – гэта можа прыцягнуць шаравую маланку.
У час навальніцы нельга паліць у печы, паколькі дым, які выходзіць з трубы, мае высокую электраправоднасць. Існуе небяспека, што маланка трапіць у трубу, якая ўзвышаецца над дахам.
У час навальніцы трэба як мага далей трымацца ад электраправодкі, антэн, акон і дзвярэй. Пры гэтым помніць, што антэны радыё і тэле-прыёмнікаў павінны быць заземлены. Вілкі шнуроў трэба выцягнуць з разетак сілкавання.
Небяспечна хавацца ад навальніцы пад адзінокім дрэвам, а ў лесе – пад высокімі дрэвамі. Трэба асцерагацца ад схованак у хлявах, адрынах, якія месцяцца асобна ад іншых пабудоў, у стагах, сціртах, асабліва калі яны складзены на ўзвышэннях.
Падчас навальніцы нельга быць на рэчках, азёрах і ля сажалак, купацца і катацца на лодках, бо вада і ўчасткі зямлі побач з ёй  маюць вялікую электраправоднасць.
Па гэтай жа прычыне не лажыцеся на мокрую зямлю. Не трымайце ў руках парасоны, вудачкі, зніміце з сябе ўсе жалезныя прадметы, пакіньце іх на адлегласці пяці метраў ад сябе.
Калі навальніца заспела вас у аўтамабілі – вы ў бяспецы. Аднак не пакідайце аўто  бліз дрэў і  высакавольтных ліній электраперадач, зачыніце вокны і апусціце антэну.
Ну, а калі ўсё ж бяда здарылася? Таго, каго паразіла маланка, трэба пакласці на спіну, падкласці валік з адзення  пад шыю, расшпіліць каўнер, пояс, змачыць твар вадой і даць панюхаць нашатырны спірт.  Калі зрэнкі расшыраныя, не рэагуюць на святло, дыхання і пульсу няма,   трэба неадкладна правесці прамы масаж сэрца, штучнае дыханне, і рабіць гэта трэба да прыбыцця “хуткай дапамогі”. Помніце: пацярпеламу патрэбны ўзмоцненыя прытокі паветра да цела.
А. ХРАПАВІЦКІ, інспектар раённай энергаінспекцыі.
Надрукавана ў №38 ад 20.05.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *