Дзеці, дзеці, куды вас падзеці?

Актуалии Образование Общество

Дзеці, дзеці, куды вас падзеці?
З набліжэннем доўгачаканага лета дарослыя ўсё часцей задаюць сабе пытанне: чым заняць сваіх сыноў і дачок гэтыя тры месяцы, куды адправіць на адпачынак, як спалучыць цікавае з карысным? Добра, калі пад бокам ёсць клапатлівыя бабулі і дзядулі, якія з задавальненнем возьмуць унучкоў да сябе “на пастой” у якую-небудзь спакойную і прыгожую, з лесам і рэчкай, вёсачку. А калі няма?
У такім выпадку вам могуць прыйсці на дапамогу аддзелы адукацыі, спорту і турызму, якія па абавязку службы паклапаціліся пра паўнавартасны дзіцячы адпачынак. Што педагогі гэтым летам прапануюць дзецям Шуміліншчыны, пацікавіліся мы ў галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Дзіяны Іванаўны КАХТЭНКІ.
“Навізны сёлета не чакаецца, – расказала Дзіяна Іванаўна. – Усё, можна сказаць, плануецца па традыцыйных напрацоўках. Відавочна адно: аздараўляць дзяцей Шуміліншчыны будзем на самым высокім узроўні”.
У раёне запланавана аздаравіць за летні перыяд звыш паўтысячы дзетак у лагерах з дзённым (530 дзетак) і кругласутачным (310 дзетак) прабываннем.
Кругласутачнае прабыванне прадстаўлена, як звычайна, лагерам “Пунсовы ветразь” у Лескавічах, а таксама лагерам працы і адпачынку, які будзе арганізаваны на базе Башнёўскай СШ.
Дзённыя лагеры – гэта школьныя, якія будуць працаваць ва ўсіх школах раёна, у д/с №3 і Обальскім я/с, валанцёрскія (на базе СШ №1, СШ №2, Кардонскай СШ), спартыўны лагер на базе ДЮСШ, дзённыя лагеры працы і адпачынку на базе СШ № 2, Обальскай СШ і Слабадской  д/с–СШ.
“Пунсовы ветразь” запросіць да сябе ў госці дзяцей на дзве змены, – працягвае Д. І. Кахтэнка. – Першая змена пройдзе з 19 чэрвеня па 6 ліпеня, другая – з 14 ліпеня па 31 ліпеня. Працягласць змен – 18 дзён. У гэтым годзе ўпершыню на базе лагера будзе створаны спартыўны атрад па накірунку валейбол.”
Кошт пуцёвак у “ПВ” будзе залежыць ад месца работы бацькоў і ўзросту дзяцей. Так, сёлета датацыя бюджэту дзяржаўнага сацыяльнага страхавання складае  1млн. 200 тыс. рублёў. Бацькоўская плата за пуцёўку для дзяцей работнікаў бюджэтных арганізацый і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў складзе 1.230.000 руб. Для астатніх бацькоўская даплата будзе наступнай: дзеці 6-10 год – 1.497.000 руб., 11-13 год – 1.573.000, 14-18 год – 1.621.000 руб.
Школьныя лагеры будуць працаваць у тры змены. Першая змена пачнецца  10 чэрвеня і закончыцца 30 чэрвеня,  другая – з 8 па 28 ліпеня, трэцяя – з 30 ліпеня да 19 жніўня. Кошт прабывання ў школьных лагерах – 91.500 рублёў.
Рэжым работы – з 9.00 да 15.30, рэжым харчавання – двухразовае гарачае і падвячорак.
“Засталося зусім няшмат часу для таго, каб зарыентавацца ў выбары месца адпачынку. Калі вы ўжо вызначыліся, рыхтуйце заяву і медыцынскую даведку на дзіця, – падвяла рысу гутаркі Дзіяна Іванаўна, – бо без гэтых дакументаў дзіця ў лагер не прымуць.”
А наогул па ўсіх пытаннях летняга дзіцячага аздараўлення можна звяртацца ў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама (тэл. 4-17-37, Кахтэнка Д. І.) і да галоўнага спецыяліста Прадстаўніцтва Віцебскага абласнога ўпраўлення па аздараўленню і санаторна-курортнаму лячэнню (тэл. 4-95-14, Куранная В. В.).
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №38 ад 20.05.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *