Подготовка к отопительному сезону и заготовке кормов рассматривались на заседании райисполкома

Актуалии Президент

Пашпарты гатоўнасці – да 1 верасня
Учора пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама У. П. Кураннога адбылося пасяджэнне райвыканкама, на якім было разгледжана пытанне аб выніках ацяпляльнага перыяду 2013-2014 года і задачах па падрыхтоўцы да работы арганізацый раёна ў асенне-зімовы перыяд 2014-2015 года, абмеркаваны меры забеспячэння  жывёлагадоўлі травянымі кармамі ў 2014 годзе, іншыя пытанні з жыцця раёна.
Выступаючы па першым пытанні, начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама В. А. Емельянаў адзначыў, што ў мінулым ацяпляльным перыядзе была забяспечана ўстойлівая работа па цеплазабеспячэнні на аб’ектах жыллёва-камунальнай гаспадаркі, сацыяльнага культурна-бытавога прызначэння. Але мінулы перыяд быў вельмі спрыяльны па кліматычных паказчыках, заўважыў дакладчык. Пры падрыхтоўцы да зімы быў выкананы значны аб’ём работ, накіраваны на павышэнне энергазберажэння і энергаэфектыўнасці аб’ектаў.
У прыватнасці, у Обальскім яслях-садзе быў устаноўлены  сучасны бойлер, аўтаматычны рэгулятар цяпла, заменена на шклопакеты частка вокнаў (на 275 мільёнаў рублёў), у Башнёўскай СШ устаноўлены два энергаэфектыўныя катлы (35 мільёнаў), заменена абсталяванне ў Добрынскай пачатковай школе (34 мільёны), іншых установах адукацыі. Замянілі кацёл у Язвінскім СДК, адрамантавалі ў Мікалаеўскай бальніцы. Значны рамонт выкананы ў Шумілінскай ЦРБ: мадэрнізаваны дах тэрапеўтычнага корпусу (830 мільёнаў), заменены вокны (357 мільёнаў рублёў).
Ва УП ЖКГ адрамантаваны 15 кацельняў і 5 цеплапунктаў, адрамантаваны 6,6 тыс. кв. м дахаў, 1,8 тыс. м швоў сценавых панэляў. Устаноўлены новыя катлы ў Слабадской кацельні.
Разам з тым, не ўсе планы былі выкананы: не зроблена перакладка цеплавых сетак ў аграгарадку Мікіціха, некаторыя работы па кацельні ў Обалі, па каналізацыйным калектары ў Шуміліне, некаторых іншых аб’ектах сацыяльнай сферы.
В. А. Емельянаў паведаміў, што цёплая зіма дазволіла знізіць спажыванне паліва на 18%, разам з тым адзначана, што па некаторых арганізацыях выяўлены звышнарматыўныя страты цеплавой энергіі. На слайдах была паказана і прычына – неналежны стан цеплавых сетак, на якіх месцамі пашкоджана цеплаізаляцыя. Таксама не выканана заданне па выкарыстанні мясцовых відаў паліва – 48,3% (заданне – 53%).
Галоўная ўвага зараз, падкрэсліў дакладчык, – падрыхтоўка да асенне-зімовага перыяду. Неабходна, каб усе запланаваныя мерапрыемствы былі выкананы па кожнай арганізацыі, да 1 верасня трэба стварыць запасы паліва – для УП ЖКГ – 50% неабходнага, для іншых арганізацый – 100%. Таксама важна праводзіць абучэнне і падрыхтоўку персаналу, бо аналіз сітуацыі паказвае, што менавіта непрафесійныя дзеянні аператараў кацельняў і качагараў становяцца падставай для узнікнення няштатных і аварыйных сітуацый. А практыка паказвае, што часам ў кацельні трапляюць выпадковыя неабучаныя людзі.
У ходзе абмеркавання старшыня райвыканкама паставіў канкрэтныя пытанні перад дырэктарам УП ЖКГ І. К. Штуро, льнозавода А. М. Папіна, іншымі кіраўнікамі прадпрыемстваў па падрыхтоўцы да наступнага ацяпляльнага перыяду.
У прынятым рашэнні райвыканкама ўстаноўлены дакладныя тэрміны па выкананні падрыхтоўчых мерапрыемстваў.
Наступае адзін з важнейшых перыядаў сельскагаспадарчых работ – нарыхтоўка кармоў, падкрэсліў кіраўнік раёна. Якасць кармоў – гэта малако і мяса ў будучым, гэта грошы на зарплату і стабільнасць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. На нарыхтоўку кармоў гаспадаркам будзе аказана дапамога ў памеры 350 мільёнаў рублёў. Сёлета неабходна максімальна выкарыстаць культурныя травастоі для корманарыхтоўкі. Для выпасу жывёлы  трэба карыстацца няўдобіцамі, дзе жывёла сама знойдзе дастаткова травы.  У мінулым годзе толькі каля 26% сенажу  і сіласу было першага класа. Сёлета стаіць задача давесці гэту лічбу да 90%.
У дакладзе першага намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама А. А. Кузняцова і прынятым рашэнні таксама засяроджана ўвага на дапамозе аграрыям з боку арганізацый і прадпрыемстваў раёна тэхнікай, механізатарамі, а таксама непасрэдна нарыхтоўкай зялёнай масы.
На пасяджэнні райвыканкама было ўзнята пытанне добраўпарадкавання населеных пунктаў раёна, навядзення парадку на тэрыторыях прадпрыемстваў і тых, якія за імі замацаваны. Намеснік старшыні райвыканкама А. П. Быкаў  адзначыў, што большасць арганізацый добра папрацавалі ў гэтым накірунку, але засталіся назавершаныя работы па абкошванні абочын дарог і некаторых іншых аб’ектаў.  Старшыня райвыканкама звярнуў увагу кіраўнікоў сельвыканкамаў,  жыллёва-камунальнай службы на неабходнасць прыцягнення насельніцтва да абкошвання дваровых тэрыторый і тэрыторый ля прыватных сядзіб.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №40 ад 27.05.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *