В Шумилинском районе студенты-волонтёры из ВГТУ ремонтируют интернат Мишневичской средней школы

Актуалии Молодёжь Общество

Работают студенты ВГТУ

“Калі мы разам – нам многае пад сілу”

Школьнаму інтэрнату, які пры Мішневіцкай СШ, даўно патрабуецца рамонт. І калі пра гэта даведаліся валанцёры “Чырвонага Крыжа”, вырашылі дапамагчы. Тыдзень назад тут кіпела работа: студэнты тэхналагічнага ўніверсітэта рабілі рамонт у пакоях інтэрната, аднаўлялі фасад будынка.
“З рэктарам і выкладчыкамі нашага ўніверсітэта звязаўся валанцёр Андрэй Чыжыкаў, – расказалі студэнты. – А ў нас якраз прыспела практыка, так што мы згадзіліся рэалізоўваць свае праекты і задумкі ў школьным інтэрнаце”.
У Мішневічах працавала 12 юнакоў і дзяўчат, студэнтаў-чацвёртакурснікаў. “Наша будучая спецыяльнасць – камунікатыўны дызайн, – расказаў Уладзімір Крутаў (яго астатнія студэнты назвалі “прарабам”). – Хочацца рэалізаваць сябе, падабраць цэласны матыў малюнка. Доўга думалі над эскізамі, прыкідвалі, што падыдзе. У нас фантазіі цераз край…”  І трэба адзначыць, атрымалася ў іх нядрэнна: пакой для хлопчыкаў зрабілі “ў касмічных матывах”, пакой для дзяўчынак – у больш светлых  танах.
“Вельмі задаволены памочнікамі, – не стрымлівае сваіх эмоцый дырэктар Мішневіцкай школы В. С. Курчанава. – Нават і не думалі, што нам дапамогуць з рамонтам бясплатна. Дзякуй усім валанцёрам”.
Дарэчы, у Мішневічах яшчэ чакаецца шмат праектаў “Чырвонага Крыжа”. У прыватнасці, зараз збіраюць кнігі для дзіцячай бібліятэкі, якую створаць у школьным інтэрнаце. Можна прыносіць  і “дарослую” літаратуру любых аўтараў. Папоўняць і бібліятэку бальніцы сястрынскага догляду.
“Мы нікому нічога не абяцаем, але калі атрымліваецца – робім, – гаворыць Андрэй Чыжыкаў. – Узялі на карандаш, што мішневіцкаму інтэрнату яшчэ трэба замяніць вокны, адрамантаваць дах, правесці водаправод і каналізацыю. З таго, што ўжо ёсць у распрацоўцы – гэта бібліятэка і куток для рукадзелля са швейнай машынкай, невялічкая камп’ютарная зала”.
А каб усё гэта ажыццявіць, валанцёрам патрэбны памочнікі. Гэта не значыць, што яны павінны працаваць кожны дзень, без сна і адпачынку. Дапамога можа быць разавай: скажам, прывезці фарбы з Шуміліна ў Мішневічы ці пракапаць некалькі метраў траншэі. Вельмі запатрабаваныя паслугі муляраў і тынкоўшчыкаў. Бывае, што трэба вывезці ўсяго адну сцяну, а кваліфікаваных работнікаў няма. А неўзабаве патрэбны будуць і транспартныя паслугі: 21 ліпеня трэба адвезці дзяцей ў аздараўленчы лагер “Арляня”, што ў Бешанковіцкім раёне. Будзем спадзявацца, што ў раёне знойдуцца ўладальнікі мікрааўтобусаў, якія акажуць такую паслугу. “Мы чакаем  папаўнення валанцёраў “Чырвонага Крыжа”, будзем рады любой, нават самай маленькай дапамозе, – гаворыць Андрэй Чыжыкаў. – Увогуле, каб лепш жыць і штосьці змяніць да лепшага, не варта чакаць чыёйсьці дапамогі, трэба проста паверыць у свае сілы і зразумець: калі мы разам – мы моцныя, нам многае пад сілу. Звязацца з намі можна па тэлефоне 895-04-96 (МТС)”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №56 ад 16.07.2012 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *