А ў мамкі цяпер гарадское жыццё…

Общество Семья

А ў мамкі цяпер гарадское жыццё…

12 выклікаў, 12 жыццёвых гісторый, пераважна настояных на віне і гарэлцы. Пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, якое вяла намеснік старшыні камісіі Людміла Грузневіч, доўжылася паўдня.

Камісія, заўважым, працуе на грамадскіх пачатках, а гэта значыць, што людзі, якіх на паўдня адарвалі ад прамых прафесійных абавязкаў, павінны будуць рабіць іх увечары ці ў выхадныя. А які груз на душу ўзяў кожны пасля гэтых гутарак!
Няма сэнсу расказваць усе гэтыя гісторыі, вы і самі іх ведаеце, яны паўсюдна. Але на адной, самай, на маю думку, яскравай усё ж спынюся.
Сітуацыя такая. Вясковая бабуля гадуе дзвюх унучак, устае рана, гатуе ім сняданак, адпраўляе ў сад-школу, купляе прадукты і тое-сёе з неабходнага, усімі сваімі сіламі стараецца паставіць дзяцей на ногі. Бабулі цяжка – фізічна, фінансава, а найбольш маральна. Цяжка, таму што яе дачка, мама гэтых дзетак, збегла ў горад, захацела гарадскога жыцця ў чыстым выглядзе, не абцяжаранага ні дзецьмі, ні вясковымі клопатамі.
У мамкі ж ад гарадскога жыцця ў галаве стала зусім вольна і ёй ужо здалося неабавязковым ехаць у тую вёску, дзе ні табе забаў, ні кавалераў. Яна і не высільваецца ехаць, хіба што раз на месяц наведаецца, калі ўжо бабуля абарве ўсе тэлефоны.
Вось толькі аказалася, што ў горадзе тым больш не пражывеш без грошай, а дзе іх браць? Яна ўладкавалася швачкай, але ж гэта так маркотна і не цікава, таму палічыла залішнім кожны дзень туды хадзіць, не абавязковым палічыла і за кватэру плаціць. Пачалі расці даўгі, на рабоце запісалі першым кандыдатам на звальненне…
Чым усё гэта закончыцца? Тут не трэба быць экстрасэнсам. І ніводная камісія на свеце не ўправіць разгульнай маладзіцы мазгі. Але ж дзеці яшчэ вераць у яе і чакаюць і просяць бабулю: толькі не аддавай нас у прытулак. Яна, вядома, не аддасць, пакуль будуць сілы. Вось толькі на колькі іх хопіць?
А пакуль што камісія ініцыюе рашэнне аб пазбаўленні жанчыны бацькоўскіх правоў з тым, каб на бабулю аформіць апякунства.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №31 ад 18.04.2017 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *