Размышления на темы морали. Забота о живых и мёртвых

Духоўнае

На могілках
Пакуль пра могілкі ды пра нябожчыкаў, нагадаем словы для жывых. Словы слыннага беларускага паэта Рыгора Барадуліна:
Наведвайце бацькоў, пакуль яны жывыя,
Пакуль дымяцца коміны – пагрэйцеся ў бацькоў.
Калі адчай вякоў гайнёй ваўкоў завые,
Не трэба анікому ён, сум ля сляпых слупкоў.
Чатырохрадкоўе – каб помнілі святыя рэчы, каб ведалі, як двойчы ў два:  нельга забываць сваю зямлю, сваіх бацькоў. І калі здарыцца непапраўнае, калі адыдзе каторы са сваякоў у нябыт – не дапаможа і “сум ля сляпых слупкоў”.  Сум і слупкі патрэбны будуць самому нашчадку – як паказ таго, што помніш продка і носіш па ім жалобу.
Слупкі тыя вырастаюць.  Праз год пасля пахавання. Можа, не на ўсіх могілках, але ставяць. У каго больш сціплыя, у каго вычварна-масіўныя, у некага з бетону, а той-сёй высякае з  чырвонага граніту, са скалы, адлівае з металу, з бронзы, ледзь не з золата.
Гэта – даніна павагі. Такая ў нас завядзёнка, такі, калі хочаце, абавязак жывых перад мёртвымі. Калі няма помніка, калі і год, і тры стаіць на магілцы адзін крыж са сціплым, выведзеным ад рукі фарбаю, надпісам (імя нябожчыка, даты народзін і смерці), то ўжо і ківае той-сёй галавой, абгаворвае, дакарае сваякоў. Калі ж помнік шыкоўны – значыць, нябожчыка шанавалі, любілі пры жыцці, нічога для яго не  шкадуюць і пасля. Для мёртвага. А ці шанавалі пры жыцці, ці дбалі пра тое, каб пры жыцці яму (бацьку, матулі, брату, свату, яшчэ каму) жылося ўтульна? Гэтага пытання для іх, хутчэй за ўсё, не стаіць.
А затым на могілках ставяць велічны помнік.  Што гэта – запозненае раскаянне? А мо ўсё-такі сляпая вера ў тое, што грошы ці тая ж стэла на магілцы знімуць грэх?..
На могілкі  “слупок” прыводзіць чалавека некалькі разоў у год  – на дзяды, на Вялікдзень і Тройцу, на Радаўніцу (а можа, і больш: у залежнасці ад таго, наколькі любіў той свайго продка). Нясе-вязе ён на магілку закуску, гарэлку, рассцілае белую сурвэтку і п’е за нябожчыкаў. Не раз бачыў, як  такіх гора-сваякоў неўзабаве выносілі з могілак п’яных, бы тых мерцвякоў…
Калі выносяць, то гэта тое ж дзікунства. Гэта маральная дэградацыя, для такіх памінанне сваякоў – лішняя нагода напіцца, а не ўспомніць пра іх, не пагаварыць з імі (калі, вядома, мы не матэрыялісты і верым у “жывую” душу), не расказаць ім пра свае радасці і беды.
На могілках  можаш сустрэць сваіх аднакласнікаў, распытаць пра тое, як ды што. У мае гады равеснікі часта пакідаюць зямное жыццё, іх становіцца ўсё менш і менш. Вось, здаецца, на Радаўніцу сустракаў на могілках Мішу Гвазда, а праз месяц звоніць брат і кажа: “Пахавалі Гвазда!..” І ўсплывае тая апошняя сустрэча, быццам перад табою яшчэ гэты Мішка – лысы, як калена, але яшчэ жвавы. У мяне, кажа, і “пенсіён” не такі, які будзе ў цябе: мне даплачваюць з Барысаўскага шпалапрапітнага, дзе атрымаў калецтва. І раней выйшаў на пенсію. Зараз вось унукаў гадую. Прыязджай, запрашае, разгавеемся, кульнём па чарачцы, успомнім тую пару, калі былі маладымі…
Не пажыў, не пацешыўся ўнукамі. І я, шэльма,  не пасядзеў з ім, не згадаў тое-сёе з маладосці. Вось так то Мішку згубіў, то Шурку, то недзе на могілках уведаеш пра сваё першае каханне, даведаешся, колькі яна, учарашняя весялуха, перажыла за жыццё.
Усё гэта – на могілках.  А дзе сустрэнеш столькі людзей, як не тут? Асабліва ў памінальныя дні. І шукаеш вачыма знаёмых, і знаходзіш, і радуешся гэтаму.
І тут без чарачкі не будзе. Менавіта чарачкі, а не так, каб абысці ўсіх землякоў і напіцца да парасячага віскату. І для мяне няважна, які помнік на магілцы, шыкоўны ці сціплы, галоўнае помніць, што могілкі яднаюць людзей, робяць іх дабрэйшымі і чыстымі душой. Яднаюць і жывых, і тых, з кім можна пагаварыць, каму можна расказаць і перад кім паплакацца. Няхай тое апошняе і будзе звычайнай містыкай…
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №43 ад 06.06.2014 г.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *