Прихожанка Мария Яковлева: всем Бог даёт силы

Духоўнае

Прыхаджанка
Яна часта прыходзіць сюды, да муроў будучай царквы Мікалая Цудатворцы, радуецца, калі работа спорыцца, перажывае, калі непагадзь ці недахоп фінансаў перашкаджаюць храму расці.
Марыя Якаўлеўна Якаўлева шчыра верыць, што светам кіруе вышэйшая сіла, што кожнаму наканаваны свой лёс, кожнаму выпадаюць выпрабаванні і ўсім Бог дае сілы, каб іх пераадолець. Трэба толькі ісці ўперад, пераадольваючы найперш уласную недасканаласць. Ёй, напрыклад, доўгі час не ўдавалася вытрымаць пост, некалькі гадоў спатрэбілася, каб умацаваць сябе.  Затое зараз, прызналася жанчына, яна адчувае сапраўдную радасць ад посту.
У дзяцінстве бацька вадзіў яе ў Лескавіцкую царкву. Нягледзячы на тое, што гэта былі пяцідзясятыя гады мінулага стагоддзя, калі рэлігія лічылася опіумам для народа, а атэізм панаваў у галовах людзей, у царкве было мнагалюдна, асабліва ў такія святы, як Вялікдзень. Не, тады ў яе сям’і не пасціліся, але і раскошы не было ні ў чым, таму Вялікдзень быў сапраўды вялікім святам, калі ў доме фарбавалі яйкі, варылі халадзец, пяклі слоеныя пірагі і хрушчы.
Гэта былі дзіцячыя ўяўленні пра Бога. А ўсур’ёз да веры яна прыйшла ў сталым узросце, калі плечы згіналіся ад жыццёвых праблем і хвароб, калі задумалася над сутнасцю жыцця і яго каштоўнасцямі. Вядома, наіўна было б думаць, што нейкая звышсіла вырашыць твае праблемы, але яна пераканана, што з верай усе справы даюцца лягчэй. Калі верыш у Бога, верыш і ў сябе.
Марыя Якаўлеўна вельмі актыўная прыхаджанка, яна член прыходскага савета, шчыра перажывае за ўсе справы царквы. Надзвычайнай радасцю быў напоўнены для яе дзень закладкі першага каменя пад будаўніцтва праваслаўнага храма ў Шуміліне. Гэтая радасць нават вылілася ў паэтычныя радкі:
В Шумилино возле вокзала
Храм высился в честь Николая,
Тот храм незримой добротой
Оберегал поселок свой.
Но вот в лихие времена
Его разрушила война.
Пришлось надеяться и ждать,
Пока пошлёт Бог благодать.
И милость божья посетила,
Проблему мудро разрешила,
И храм восстал из небытья,
Спасенье на века неся…
Веруючыя моляцца, каб храм хутчэй запрасіў пад свае скляпенні, каб на ўсю акругу гучалі царкоўныя званы, каб абуджалі душы людзей. І не толькі моляцца, яны дапамагаюць чым толькі могуць. Марыя Якаўлеўна прызналася, што сама ахвяравала на будаўніцтва недзе каля пяці мільёнаў. А яшчэ яна падрыхтавала падарунак для новай царквы – купіла вялікую ікону Святога Мікалая Цудатворцы. Пакуль яшчэ ікону ў царкве не змесціш, яна прынясе яе да першай урачыстай службы.
Аліна КАНСТАНЦІНАВА.
Надрукавана ў №6 ад 23.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *