Алмазная свадьба Белецких

Людзі і лёсы

Алмазнае вяселле Бялецкіх
У мінулую нядзелю, 15 чэрвеня, Вольга Гаўрылаўна і Мікалай Данілавіч Бялецкія з вёскі Лоўжа  справілі алмазнае вяселле – 60 гадоў сумеснага жыцця. Павіншаваць іх з гэтай шаноўнай датай і падарыць ім ружы і музычны падарунак прыехалі  артысты аўтаклуба Цэнтра культуры і карэспандэнт раённай газеты.
Усе, хто ведае Бялецкіх, згодзяцца, што гэта працавітая, дружная і надзейная сям’я. Менавіта такіх можна ставіць у прыклад моладзі. Як і шэсцьдзясят гадоў таму,  яны ставяцца адзін да аднаго з павагай і любоўю.
–  Сустрэліся мы, можна сказаць па волі лёсу, – кажа Мікалай Данілавіч. – Я заканчваў Лужаснянскі тэхнікум, дзе вучыўся на агранома, а Вольга толькі туды паступіла.  Я адразу прыкмеціў гэтую статную дзяўчыну, але заляцацца не было калі: я ж паехаў працаваць на Шуміліншчыну. А праз чатыры гады працаваць аграномам ў райсельгасупраўленне прыехала Вольга”.
Не трэба  ўдакладняць, як у Мікалая затрымцела сэрца і знянацку падкасі-ліся ногі, калі зноў убачыў яе – папрыгажэўшую, усмешлівую, блакітнавокую.  “Канкурэнтаў было многа, – усміхаецца М. Д. Бялецкі. – Так што мне прыйшлося  адбіваць дзяўчыну ў сапернікаў”.
Мікалай Данілавіч любіць пажартаваць з нагоды. Відаць, з такім лёгка разам ісці па жыцці. Па характары ён даволі падатлівы. Лічыць, што гэта вельмі дапамагае ў сямейным жыцці. І цяпер, праз 60 гадоў сумеснага жыцця, Вольга Гаўрылаўна з усёй упэўненасцю можа сказаць: ёй дастаўся самы лепшы муж, у якога яна ўсё жыццё была і ёсць самай лепшай жонкай, пакладзістай, разважлівай і мудрай.
У Бялецкіх не было вяселля. Не было за што яго спраўляць у 50-ыя гады. Але не ад гэтага залежыць сямейнае шчасце,  лічаць Вольга Гаўрылаўна і Мікалай Данілавіч. Калі пажаніліся, сталі будаваць у Лоўжы ўласны дом.   Мікалай Данілавіч працаваў кожны дзень пасля работы з сякерай у руках. Якая ж была радасць, калі нарэшце справілі наваселле. Бялецкія і цяпер жывуць у гэтым доме. Тут выхавалі дзвюх дачок, сюды прыязджаюць  трое ўнукаў.
Вольга Гаўрылаўна працавала аграномам у калгасе імя Сталіна (Лоўжа), а потым – эканамістам у саўгасе імя Кароткіна (Добрына). Умела ладзіць з людзьмі і ніколі не сядзела на месцы: бывала, аб’едзіць з дырэктарам М. П. Івановым кожнае поле,  праверыць якасць работы, кожнаму раскажа пра расцэнкі. Прыходзіць дадому – і хутчэй спраўляцца па гаспадарцы, бо муж, якія працаваў дырэктарам саўгаса “Сіроцінскі”, потым інструктарам райкама партыі, а апошнія 13 гадоў – старшынёй Лаўжанскага сельвыканкама, вяртаўся яшчэ пазней.
Пытаемся ў Бялецкіх, у чым іхні сакрэт сямейнага шчасця. “Напэўна, трэба працаваць, – усміхаецца Вольга Гаўрылаўна. – Тады няма калі  прад’яўляць адзін аднаму прэтэнзій.  А нашы справы звязаны з работай на зямлі. І цяпер саджаем агарод. Нават калі здароўе падводзіць – усё роўна саджаем. Там заўсёды ўсё вырастае добра – два ж аграномы ў хаце!”  І яшчэ адно захапленне ёсць у Бялецкіх – гэта пчолы. Трымаюць іх многа гадоў, бо ўпэўнены у карысных каштоўнасцях мёду. Ну, а ў вольны час Вольга Гаўрылаўна і Мікалай Данілавіч чытаюць кнігі і разгадваюць красворды – лічаць гэта “нядрэннай размінкай”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №46 ад 17.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *