Рейд по сельскохозяйственным предприятиям выявил недостатки в охране труда

Сельское хозяйство Экономика

“Усё павінна быць пад кантролем”
Тыдзень таму карэспандэнт раённай газеты  разам з галоўным тэхнічным інспектарам працы Віцебскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў А. Л. Сцяпанавым, старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК В. В. Юхнаўцом , галоўным спецыялістам райсельгасхарчу І. В. Навіцкім прыняла ўдзел у рэйдзе па сельгаспрадпрыемствах раёна.
“Наша задача – праверыць, ці створаны ў гаспадарках бяспечныя ўмовы для  працы і адпачынку, – кажа Анатоль Лявонцьевіч. – Праводзім праверку ў час сяўбы, касавіцы, уборачнай. Як ні дзіўна, з году ў год паўтараюцца адны і тыя ж памылкі”.
Наведваем майстэрню ў “Сіроцінскім”.  Здаецца, тут парадак: тэхніка стаіць у радок, некалькі механізатараў завіхаюцца ля МТЗ. Але ў памяшканні майстэрні не прыбрана. А. Л. Сцяпанаў аглядае машыны і сістэмы, робіць шэраг заўваг: у час рамонту тэхнікі пад пярэднія і заднія колы трэба падкладваць не выпадковыя  падстаўкі, а спецыяльныя супрацьударныя прылады; на зварачным транспарцёры забараняецца выкарыстоўваць самаробныя трымальнікі.
Праходзім на эстакаду (на здымку), куды часта заганяюць трактары для рамонту. “Бачыце, з боку выхаду работніка на тэрыторыю няма ахоўнай агароджы, – кажа Анатоль Лявонцьевіч. – Думаецца, інжынерная служба ведае пра гэта парушэнне. І для зваршчыка зрабіць ахоўную агароджу нескладана”.
Спецадзеннем механізатары забяспечаны, запэўніў інжынер па ахове працы КУСГП “Сіроцінскі” Л. У. Кавалёў. Больш таго, пасля ўборачнай  тут мяркуюць купіць новае спецадзенне.
Правяралі і забяспечанасць работнікаў харчаваннем у палявых умовах. Механізатараў, якія працуюць на палетках (тыдзень таму яны яшчэ шчыравалі на касавіцы) кормяць два разы на дзень. Прычым, у гэтым годзе адмовіліся ад паслуг райспажыўтаварыства. “Адрамантавалі ўласную сталоўку,  – кажа дырэктар гаспадаркі М. У. Прыгодзіч. –  Абеды атрымліваюцца дзешавейшымі больш як ў два разы, з механізатараў вылічваем 20% кошту. Як і належыць, на поле разам з абедамі прывозім ваду і ручнікі, каб памыць і выцерці рукі,”. Дарэчы, Мікалай Уладзіміравіч асабіста кантралюе якасць абедаў і час ад часу смакуе. Але повары не ведаюць, менавіта ў які дзень “выпішуць механізатарам больш абедаў і які абед будзе дырэктарскі”.
Не скардзіліся на якасць абедаў і механізатары КУСГП “Ульскі”, якім абеды развозяць на шэфскай машыне віцебскага прадпрыемства “Фармацыя”. Захоўваюцца ўсе санітарныя нормы: бачкі з ежай шчыльна зачынены, у кожнага – індывідуальны посуд. Налілі супу – і мужчыны адышлі да трактара ці селі на поле.  А. Л. Сцяпанаў рэкамендаваў зрабіць хаця б дзве лаўкі і вазіць іх на поле  –  механізатарам будзе зручней абедаць.
Тэрыторыя майстэрні ў “Ульскім” заасфальтаваная і чыстая. Толькі вось з памяшканнем, дзе рамантуюць трактары, бяда: тут цячэ дах. Каб яго адрамантаваць, трэба немалыя выдаткі.  А. Л. Сцяпанаў раіць неадкладна  адрамантаваць і вароты, ён прыводзіць прыклад, калі вось такія вароты ў адным з сельгаспрадпрыемстваў Віцебскага раёна сарваліся з петляў і забілі чалавека.
Абодвум гаспадаркам дадзены рэкамендацыі за лета навесці парадак у пакоях адпачынку на фермах, каб там можна было не толькі пераапрануцца, але і памыцца, і папіць чаю.
“Усё павінна быць пад кантролем: і тэхніка, і харчаванне людзей, і бяспечныя ўмовы працы, – робіць выснову А. Л. Сцяпанаў. – Самае галоўнае на любой рабоце – захаваць жыццё і здароўе людзей. І на першы раз мы даём толькі рэкамендацыі па недахопах, выпраўленне якіх будзем правяраць праз тры тыдні”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №48 ад 24.06.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *