Интервью с прокурором Шумилинского района

Актуалии Закон

Інтэрв’ю з пракурорам раёна: “Нас цікавіць бездакорнае выкананне заканадаўства”
– Скажыце, Яўген Юр’евіч, якая самая першая і самая галоўная задача работы пракуратуры?
– Найперш – нагляд. Нагляд за правільным і аднастайным прымяненнем дзеючага заканадаўства. Каб законы не толькі прымаліся, але і як след прымяняліся і выконваліся.
– Такім чынам атрымліваецца даволі шырокая сфера дзейнасці.
– Вельмі шырокая. Пракурорскі нагляд датычыць літаральна ўсіх структур і арганізацый – усяго таго, што знаходзіцца ўнутры дзяржавы. Гэта не толькі органы ўнутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі, выканаўчая ўлада, як прынята лічыць. Нас цікавіць бездакорнае выкананне заканадаўства, якой бы сферы дзейнасці гэта ні тычылася.
– Вы ўжо больш за пяць год працуеце пракурорам у Шумілінскім раёне і можаце рабіць пэўныя высновы. Скажыце, якая самая галоўная праблема існуе ў нашым раёне, калі можна нешта вылучыць.
– Ведаеце, гледзячы пра які накірунак гаварыць.  Калі гаварыць пра праблему злачынстваў і правапарушэнняў, то тут на першы план выходзіць п’янства. Вядома, што многія злачынствы здзяйсняюцца менавіта “пад градусам”. Адсюль многія нашы беды.
– Ці адпавядае сітуацыя з правапарадкам у нашым раёне тэндэнцыям, характэрным для ўсёй краіны, ці ўсё ж ёсць асаблівасці?
– Я б не сказаў, што ў нас нейкая асаблівая сітуацыя. У нас ёсць, канешне, адметнае, але глабальна з агульнай карціны мы не выбіваемся. Магу адзначыць, што на сёння росту злачыннасці ў раёне няма. І наогул жыццё ў нас спакойнае. Нам усё ж удалося за апошнія два гады належным чынам наладзіць работу па прафілактыцы. Працаваць у гэтым накірунку павінны ўсе суб’екты прафілактыкі, і мы робім усё магчымае, каб так і было. Мы не можам, ды і закон сёння не дазваляе зваліць усю работу па прафілактыцы на РАУС. Да прыкладу, той жа старшыня сельвыканкама на месцы выдатна ведае, хто ў яго сямейны дэбашыр, хто п’яніца, хто схільны да злачынстваў, і можа эфектыўна дзейнічаць. Галоўнае, каб работа гэта не была фармальнай. Не атрымліваецца нешта – можна паклікаць на дапамогу пракурора, начальніка міліцыі.
– Дарэчы, як Вы ацэньваеце работу міліцыі наогул?
– На “здавальняюча” з плюсам. Ёсць там праблемы – у першую чаргу кадравыя. Але нейкіх сур’ёзных правалаў і праблем у рабоце РАУС я не бачу.
– Што з апошняга, чым прыходзі-лася займацца, Вас асабліва непакоіць?
– Складана сказаць. Сітуацыі бываюць розныя. Здараюцца рэзанансныя злачынствы, а бывае зацішша. У памяці здарэнне, калі на тэрыторыі раёне загінулі чацвёра ўрачоў – абсалютна недарэчны выпадак, які цяжка патлумачыць. Канешне, гэта ашаламіла ўсіх, і мяне ў тым ліку: я таксама выязджаў на месца здарэння. Сёння вадзіцель фуры, якая ўрэзалася ў мікрааўтобус, асуджаны на сем год пазбаўлення волі. Расследуецца зараз дарожна-транспартнае здарэнне, калі збілі хлопчыка ў Шуміліне. Усе мы ведаем, што летась у Дабейскім сельсавеце было забойства, і сёлета там жа адбылося забойства з асаблівай жорсткасцю і з падпалам на ферме Дабея-2. І ўсе гэтыя факты, заўважу, канстатуюць пралікі ў прафілактычнай рабоце.
– Спасылаючыся на Вашу юрыдычную практыку, хочацца спытаць, ці мяняюцца з часам спосабы здзяйснення злачынстваў?
– Безумоўна, з развіццём тэхнічнага прагрэсу. Таму і заканадаўства вымушана быць надзвычай дынамічным, пастаянна мяняцца і пашырацца. Але калі гаварыць пра наш раён, то тут усё больш-менш класічна. Хіба што цяпер сустракаюцца злачынствы, звязаныя з банкаўскімі пластыкавымі карткамі, якіх раней не было.
А як становяцца пракурорамі – хочацца спытаць Вас у Дзень работнікаў пракуратуры.
– Па-рознаму. Адны мараць пра гэта з дзяцінства, у некага родныя працуюць у пракуратуры. Але часцей за ўсё – гэта прызванне. Асабіста я заўжды марыў працаваць менавіта пракурорам. І сваю работу люблю. Хаця вольнага часу яна зусім не пакідае.
– Зараз так многа фільмаў здымаюць пра работу пракуратуры. Як вы да іх ставіцеся.
– Усё, што там паказваюць, – вельмі далёкае ад жыцця. Я ўспрымаю гэта, як нешта непраўдападобнае, адарванае ад рэалій.
Гутарыла Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №49



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *