Репортаж о праздновании Дня Независимости в Шумилино

Актуалии Край шумілінскі Общество

Завецца ж спадчына мая ўсяго старонкай роднаю
Сімвал свабоды, сяброўства і салідарнасці

70 год беларуская зямля – свабодная. 70 год – мы прывыклі да стабільнасці, да ўпэўненасці ў шчаслівым і свабодным “заўтра”. Прывыклі, але не забыліся, хто і якой цаной падарыў нам гэтую свабоду. Таму трэцяга ліпеня на брацкіх могілках заўжды збіраецца шмат людзей, шмат моладзі і дзяцей.
Ветэранаў вайны і ўсіх удзельнікаў свята павіншаваў кіраўнік раёна Уладзімір Куранны: “Вайна пакінула нам цяжкую спадчыну. Вогненны смерч ваеннага ліхалецця не пашкадаваў гарады і сёлы нашай Радзімы, народ перанёс нечалавечыя пакуты, жыццём кожнага трэцяга запла-ціла Беларусь за сваю свабоду. Кожнай пядзяй зямлі ўзнялася на барацьбу з ворагам і наша Шуміліншчына. Дзве партызанскія брыгады, падпольная камсамольская арганізацыя “Юныя мсціўцы”, шматлікія партызанскія атрады змагаліся з акупантамі ў нашым краі. Шумілінская зямля памятае і магутную стратэгічную аперацыю “Баграціён” па выгнанні ворага.  За мужнасць і гераізм, праяўленыя ў вызваленні Прыдзвінскага краю, 230 воінаў Чырвонай Арміі ўдастоены звання Герой Савецкага Саюза, у тым ліку 106 – пры вызваленні нашага раёна. Трэцяга ліпеня стала сімвалам свабоды, сяброўства і салідарнасці”. Уладзімір Пятровіч заўважыў, што сучаснікі сваёй што-дзённай працай умацоўваюць незалежнасць дзяржавы, узбагачаюць яе гісторыю сваімі дасягненнямі і поспехамі, каб быць дастойнымі прадаўжальнікамі слаўных традыцый мінулага.
Сваімі ўспамінамі дзя-лілася ў гэты дзень і ветэран вайны Кацярына Васільеўна Мацвеенка. Яна, тады яшчэ зусім юная, хадзіла ў разведку, стаяла ў дазоры, кідала гранаты… На роўных з мужчынамі. І медаль “За адвагу” атрымала як сапраўдны салдат. Кацярына Васільеўна ўсё памятае, гадам не ўдалося сцерці з памяці падзеі і ўражанні. Таму сёння і ў таго хлопчыка, які ўпершыню прынёс кветкі да брацкіх могілак, ёсць унікальная магчымасць даведацца пра вайну ад чалавека, які не па кніжках ведае, што значыць – ваяваць, абараняць Радзіму, штодня рызыкаваць жыццём.
Гэта трэба не мёртвым, гэта трэба жывым
Юбілейныя святкаванні, напэўна, для таго і ладзяцца, каб не забываўся чалавек на тыя зверствы, якія чыніў нямецкі фашызм. Не забываўся на той светлы і ўзрушаны дзень, калі вызваліцелі прайшлі пераможным маршам па зруйнаваным горадзе, па апусцелай вёсцы, мястэчку.
Як ні горка гаварыць, але высокая цана ў нашай перамогі. Таму і павінны нашы сучаснікі, наша моладзь  помніць, наколькі важна шанаваць мір. І святкаванні, якія прайшлі з нагоды 70-ай гадавіны з дня вызвалення Беларусі ад фашысцкай няволі ў аграгарадку Мікіціха і мястэчку Обаль, яскрава засведчылі: помняць нашчадкі ветэранаў вайны, усіх, хто прайшоў праз гарніла Вялікай Айчыннай.
А ветэранаў усё менш. Час бязлітасны, аднак і тыя, хто жывы, даносяць да людзей слова праўды. Як вось З. Ф. Юрчанка з в. Пабеда Лаўжанскага сельсавета. Мітынг, прысвечаны юбілейнай даце, тут прайшоў 2 ліпеня ля брацкіх могілак. «Мужная краіна, гераічны народ, – пераканана гаворыць Зінаіда Фёдараўна. – Перамаглі такога каварнага і  лютага ворага. Перамаглі, хаця перамога каштавала дорага…»
Мітынг, між тым, адкрыла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава.
– Дзень 3 ліпеня для кожнага з нас асаблівы і адметны. Ніхто з нас не можа забыць пра ахвяры вайны, пра забітых і пакалечаных на франтах, патопленых у балотах, павешаных, расстраляных мірных людзей, адпраўленых у рабства ў Нямеччыну… Кожная са  133 спаленых у вайну вёсак раёна – гэта наш боль. На тэрыторыі чатырох тадышніх сельсаветаў не засталося ніводнай ацалелай хаты. Трэба помніць пра гэта…
– Будзем помніць, – як эстафету, прымае наказ член БРСМ, настаўніца Мікіціхінскай СШ Н. Ю. Белановіч. – Ніхто не мае права забываць, колькі гора прынеслі 1418 ваенных дзён для народа…
– У нас ваенны парад, – усміхнуўся, падганяючы да месца дыслакацыі грамадскіх сіл Обалі сваё дзівоснае аўто, былы дырэктар Обальскай СШ А. М. Штокін. У машыне якраз месца для трох ветэранаў, якія змаглі прыйсці на святкаванні. Так што калона, якую адкрывала гэтае цуда тэхнікі, пад гукі духавога аркестра і паланёная рэдкім пакуль што летнім цяплом, рушыла да школы: тут, на школьным двары, і адбыліся ўрачыстасці.
Зноў выступленні. Акрамя І. М. Но-вікавай, якая, у прыватнасці, нагадала пра мужнасць і бясстрашша Обальскага падполля,  выступіў ветэран вайны, франтавік В. П. Кажамякін. Васіль Патапавіч спыніўся на гераічных вехах Вялікай Айчыннай, даў наказ шанаваць заваёвы бацькоў і дзядоў. Павіншаваў са святам, выказаў словы ўдзячнасці за перамогу ветэранам ваенны камісар раёна А. Г. Чарняўскі. З палымянымі словамі падзякі за Перамогу, любві да роднага краю выступіла група членаў БРСМ Обальскай школы.
Пад гукі песні “Жураўлі”, нібы з туману, нібы  з блакітнай высі, паволі і размерана праходзіць адзін за адным паўз гераічную сцяну школы група юнакоў і дзяўчат. Яны і апрануты па-даваеннаму, і твары ў іх засяроджаныя і мужныя. Гэта ўдалы вобраз, гэта даніна памяці тым 38 падпольшчыкам, якія 605 дзён і начэй трымалі ў напружанні акупантаў у Обалі.
Мітынгі закончыліся, памяць працягваецца…
“Вакзал – месца разлук, чаканняў, сустрэч…”
Менавіта такую трапную назву далі работнікі культуры тэатралізаванаму прадстаўленню-шэсцю – цэнтральнай дзеі вялікага свята ў гонар Дня Незалежнасці Беларусі. Ім не пазайздросціш: тэатралізаванае шэсце ладзіцца ў нас кожны год, і паспрабуй прыдумаць новую канцэпцыю, дадаць новыя фарбы ў святочны каларыт.
Тым не менш, усё атрымалася выдатна, вакзальная задума аказалася бяспройгрышнай, яна ўразіла і запомнілася. Усе мы, хто жыве ў Шумілінскім раёне, прывыклі да нашага вакзала, як да чагосьці натуральнага, неад’емнага, як да вады ці паветра. Калі мы пастаянна спяшаемся на вакзал ці з вакзала, мы не задумваемся, колькі падзей на сваім паўтаравекавым існаванні ён бачыў, мы не ўспамінаем, што ён быў сведкам і тых горкіх разлук 41-га, і радасных пераможных сустрэч…
Аўтары сцэнарыя і рэжысёры зрабілі на гэтым акцэнт, закранулі пачуццёвыя струны душы. Ужо само з’яўленне на плошчы макета вакзала выклікала жывы інтарэс шумілінцаў. А 3 ліпеня вакзал ажыў. Ён гаварыў і плакаў, спяваў і танцаваў – і на ягоным фоне перад вачыма ўваскрасалі падзеі сямідзеся-цігадовай даўніны.
Чэрвень 1941-га. Моладзь, песні, гітара. Вайна… На пероне вакзала развітваюцца маці з сынам, жонка з мужам… Ці давядзецца ім сустрэцца?
І ўжо разгортваюцца карціны фашысцкага насілля, невыносных здзекаў у лагерах смерці, сцэна смерці партызана. Гэта вельмі цяжка эмацыянальна, можа, і замнога, бо калі плачуць маладыя, то няцяжка ўявіць, што робіцца ў душах тых, хто ўсе гэта перажыў. Таму гледачы з нецярпеннем пазіраюць  углыб вуліцы Кароткіна, дзе ўжо выстраіліся “чырвонаармейцы”, чакаюць, пакуль яны пагоняць “паганых фрыцаў”. І вакзал, здаецца, усімі сваімі мураванымі сіламі дапамагае набліжаць перамогу, набліжаць доўгачаканыя выпакутваныя сустрэчы родных і блізкіх. А мы ж ведаем, што менавіта над вакзалам у Шуміліне – адзіным уцалелым вышынным будынку – 23 чэрвеня 1944 года ўзвіўся пераможны чырвоны сцяг…
Тэатралізаванае дзея завяршаецца пераможнымі песнямі, танцамі, шэсцем маладых сучаснікаў – спартсменаў са сцягамі і выпускнікоў школ 2014 года.
Гэта сённяшні дзень, якому праз 70 год абаронцы беларускай зямлі адрасуюць сваё палкае жаданне бачыць наш дзень светлым і шчаслівым. І мы проста абавязаны зрабіць яго такім.
Для таго, каб тэатралізацыя атрымалася такой яркай і запамінальнай, працаваў не толькі кожны работнік сферы культуры, але і самадзейныя акцёры, прадстаўнікі многіх арганізацый раёна. Назваць усе прозвішчы ў газетнай нататцы няма магчымасці, тым не менш нельга не сказаць ухвальнае слова пра рэжысёраў тэатралізаванай дзеі Л. А. Дарзнек і І. А. Бондараву, гукааператара Ю. В. Раманава.
Пра свята ў Шуміліне размаўляем з Любоўю Навойчык (зараз яна жыве ў Германіі, разы два-тры на год прыязджае ў роднае Шуміліна, дзе нарадзілася і вырасла, дзе жыве яе мама): “Я проста не паверыла, што ўся тэатралізацыя была падрыхтавана не прафесіяналамі з вобласці, а сіламі саміх шумілінцаў, я захоплена чыстымі звонкімі галасамі салістаў, выдатным агучваннем, касцюмамі. Малайцы, дзякуй. І яшчэ. Так здарылася, што ад расійскай кампаніі “Аэрафлот” я трапіла працаваць у Германію. Жыву там ужо дзесяць год і з упэўненасцю магу сказаць, што сённяшнія немцы гэтак жа, як і беларусы, хочуць жыць у міры, што яны ўсёй душой супраць таго, каб рэанімаваць падзеі Вялікай Айчыннай”.
На  “Партызанскай заставе” спявалі песні і частавалі кашай
Менавіта пад такой назвай праходзіла сёлета прадстаўленне сельсаветаў на традыцыйным свяце “Родная зямля”. Паказаць партызанскі быт, спець песню ці ваенныя прыпеўкі, пачаставаць удзельнікаў свята ячнай кашай – такая задача стаяла перад вяскоўцамі. І з пастаўленай задачай справіліся ўсе.
З экспазіцый школьных музеяў і куткоў, з клубаў і бібліятэк, з сялянскіх хат і падворкаў з’явіліся сапраўдныя рэчы ваенных часоў: савецкія і нямецкія каскі, кацялкі, баклажкі, рэшткі зброі – на такія знаходкі і да гэтага часу багатая шумілінская зямля, так многа пакінула вайна сваіх слядоў. Прадэманстраваныя самаробныя і заводскія ліхтары, прадметы сялянскага быту змогуць упрыгожыць экспазіцыю любога музея. З забытых камор з’явіліся дзедаўскія патэфоны. Усе гэтыя рэчы дазвалялі дакрануцца да даўніны. Франтавыя і партызанскія лістоўкі, плакаты ваенных часоў, зводкі Саўінфармбюро, а таксама ваенная форма артыстаў і муляжы зброі дапамагалі стварыць адпаведную атмасферу.
Ніводны сельсавет не паўтарыўся. Багатую творчасць,  таленты паказвалі тыя, хто рыхтаваў экспазіцыі: “Салдацкі бівак”, “Партызанскі штаб”, “Франтавая зямлянка”, “Партызанскі лагер”… Перад гледачамі праходзілі розныя эпізоды баявога жыцця і хвілін адпачынку, развітання з каханым, які ідзе ў бой, і імгнення вялікай радасці ад доўгачаканай весткі: “Перамога!”.
Пранікнёныя вершы, старыя песні, баявыя прыпеўкі, інсцэніроўкі дазвалялі раскрыцца творчым здольнасцям самадзейных артыстаў усіх узростаў, як кажуць, і старому, і малому. А франтавы і партызанскі гумар ярка паказваў, што і ў ваенныя часы жыццё не спынялася.
А якія падрыхтавалі прысмакі? Што там італьянская ці французская кухні – наша беларуская нічым не горшая! Чаго вартая ячная каша з тушонкай  і грыбамі ад Светласельскага сельсавета ці дранікі са свежымі баравікамі з Мікалаеўскага. А якім  смачным бярозавым сокам частавалі ў Дабейскім савеце, а самаробным квасам  – у Каўлякоўскім? Дарэчы, ніводны рэцэпт кашы не паўтарыўся. А арганізацыя таварыства інвалідаў прадставіла некалькі відаў кашы: ячна-бульбяная, бабовая, гарбузовая. Многія частавалі хлебам, спечаным дома, па рэцэптах сваіх бабуль.
Аўтарытэтная камісія, у склад якой ўваходзілі старшыня раённага Савета дэпутатаў І. М. Новікава, намеснікі старшыні райвыканкама А. П. Быкаў і А. М. Зайцаў, начальнікі аддзелаў райвыканкама, адзначыла дыпломамі экспазіцыі ўсіх сельсаветаў, раённага савета ветэранаў, раённай арганізацыі БелТІ, народнага клуба “Разынка” раённага Дома рамёстваў. “Няхай толькі ў тэатралізацыях будзе паказаны партызанскі быт, – адзначалі члены журы. – А ў жыцці  заўжды будзе мір, спакой, шчасце і дабрабыт”.
Выставачная зала пад адкрытым небам
“Вехі гісторыі: нам – 90” – так называлася выстава, якую арганізавалі работнікі гісторыка-краязнаўчага музея. Выстава прысвечана гісторыі ўтварэння нашага раёна. Тут можна было пачытаць пра першых кіраўнікоў раёна, дырэктараў саўгасаў і старшынь калгасаў, якія працавалі яшчэ ў даваенны перыяд, даведацца пра Герояў Сацыялістычнай Працы і іншых нашых знакамітых землякоў.
Побач размясцілася выстава ваенных рэчаў. Усе яны знойдзены на тэрыторыі нашага раёна. Прычым некаторыя параўнальна нядаўна. Спецыялісты 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна  Узброеных Сіл Беларусі падчас раскопак на тэрыторыі  нашага раёна знайшлі многа ваенных рэчаў паблізу вёсак Запалянка, Бондарава, Казьяны: артылерыйскі компас, ваенная каска, розная зброя, сапёрная лапатка…  Асабліва цікава было хлопчыкам, будучым салдатам, якія не толькі разглядалі ваенныя рэчы, але і фатаграфавалі іх.
На другім паверсе музея размясцілася выстава  мастака-аматара, ураджэнца Шуміліна,  В. Д. Мясаедава “З любоўю да роднай зямлі”. Людзі з задавальненнем разглядалі цікавыя пейзажныя работы, прысвечаныя нашаму раёну.
Імгненні Вялікай Айчыннай вайны… Імгненні Перамогі… Яны ўвасоблены ў тых немудрагелістых рэчах, якія работнікі Дома рамёстваў сабралі ў старажылаў нашага раёна. З гэтых гістарычных рэчаў і атрымалася цікавая этнаграфічная  выстава пад назвай “Імгненні, спыненыя часам”.
Вось старажытная гліняная манітра. Калісьці з яе елі кашу партызаны. А ў гліняных збанках, якіх багата было на выставе, вяскоўцы падносілі партызанам малако. А з даўнім калаўротам увогуле звязаны жыццёвы лёс адной з шумілінскіх сем’яў. Калаўрот перажыў вайну і эвакуацыю, з яго дапамогай жанчыны пракармілі сваіх дзяцей.
Побач з рэчамі побыту – газета “Праўда”, датаваная 10 мая 1945 года. Гэта таксама імгненні часу, наша гісторыя.
Майстры нацыянальнай кухні “Разынка” Дома рамёстваў падрыхтавалі  да свята шмат смачных страў. Партызанская ячная каша, самапечаны хлеб, дранікі, бульба з кропам, бліны…
Работнікі раённай бібліятэкі прымеркавалі да свята выставу краязнаўчых матэрыялаў “Праз полымя вайны”: 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, партызаны Шуміліншчыны, невядомыя салдаты, якія вызвалялі наш раён, іншым тэмам былі пры-свечаны матэрыялы  выставы.
Другая частка выставы – “Беларусь сучасная”. Тут можна было пазнаёміцца з сучаснымі дасягненнямі нашай рэспублікі, са знакамітымі вучонымі, з паэтамі-землякамі і іх творамі.
На танцпляцоўцы, што  ў гарадскім парку, была арганізавана выстава дзіцячага малюнка “Вайна вачыма дзяцей”. Танкі, ракеты, салдаты, ружжы – вось як нашы дзеці ўяўляюць вайну.  А побач сонца, трава і аблокі. Нават з малюнкаў бачна, што дзеці хочуць жыць у мірнай шчаслівай краіне.
Тут жа была арганізавана забаўляльная праграма для дзяцей “Шляхамі Перамогі”.
Работнікі Цэнтра дзяцей і моладзі зрабілі ў гарадскім парку выставу-продаж сувенірнай прадукцыі. Лазовыя кошыкі, мяккія цацкі, вырабы з саломкі і дрэва і многае іншае змяшчалася на выставе “Традыцыя і сучаснасць”. Работнікі Цэнтра арганізавалі забаўляльную праграму для школьнікаў “Калейдаскоп весялосці”, а таксама гульнявую праграму “З рога ўсяго многа”.
“Акадэмія талентаў”
Мы ўжо прывыклі, што ў дзень 3 ліпеня галоўная раённая эстрада належыць гасцям. У Шуміліна прыязджалі з канцэртамі многія вядомыя калектывы і выканаўцы. У гэты раз Дзень Незалежнасці Беларусі разам з шумілінцамі адзначылі артысты тэатра песні Ірыны Дарафеевай, пераможцы тэлевізійнага праекта “Акадэмія талентаў”. Сваімі спевамі яны стараліся скарыць сэрца шумілінскага гледача,  хацелі запомніцца і пашырыць армію сваіх прыхільнікаў. Артысты спявалі сусветныя хіты і беларускія песні, якія былі шчыра сустрэты гучнымі апладысментамі.
Спартыўны гарадок
Шмат цікавага было ў Дзень Незалежнасці на гарадскім стадыёне. Кожны жадаючы мог паспрабаваць сябе ў фігурным ваджэнні веласіпеда ці майстэрстве валодання  тэхнікай гульні ў футбол. А для самых моцных былі прапанаваны свае забавы – армрэслінг і канат.
Прайшоў і турнір па пляжным валейболе. У галоўнае свята краіны за перамогу вырашыла пазмагацца шэсць пар. Упартай была кожная сустрэча, як прызнаваліся спартсмены, перамагчы ў Дзень Незалежнасці – ганарова і пачэсна. Перамогу атрымала пара Пётр Лазука — Арцем Масько, другое месца ў Андрэя Салаўёва – Аляксандра Купрыянава, трэцяе – у Андрэя Іванова- Дзмітрыя Суханава.
Надрукавана ў №51 ад 08.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *