Дети отдыхают в лагере «Алый парус» в деревне Лесковичи Шумилинского района

Актуалии Здоровье Общество

“Я выбіраю здароўе!”
Для многіх  дзетак Шуміліншчыны стала добрай традыцыяй адпачываць летам у дзіцячым аздраўленчым лагеры “Пунсовы ветразь”, які месціцца ў Лескавічах. Не выключэнне стаў і сёлетні год.  За дзве змены тут адпачне звыш 150 чалавек.
На гэтым тыдні пачала работу другая змена ў “Пунсовым ветразі”. “Зараз у лагеры адпачываюць 93 чалавекі, – расказвае начальнік лагера Л. У. Маладзечкіна. – З іх  каля сарака дзетак з апякунскіх, прыёмных сям’яў, з дома сямейнага тыпу”.
Другая змена праходзіць пад агульным дэвізам “Я выбіраю здароўе!”. Упершыню ў лагеры будуць праходзіць “Хвілінкі здароўя” – імправізаваныя міні-размовы да пяці хвілін, на якіх адпачываючым будуць у лёгкай папулярнай форме расказваць пра асновы здароўя. Чакаюць дзетак Малыя алімпійскія гульні,  вялікае воднае свята, турысцкія паходы. Адным словам, сумаваць не прыйдзецца.
“У лагеры ужо ў восьмы раз, – расказвае Соф’я Шаракова. – Проста пераканана, што і сёлета цудоўна адпачну. Кожны год у нас весела і цікава. Нават не ведаю, што асобна і выдзеліць. Ну, хай будзе конкурс “Міс лагера”, хаця я сама ў ім ніколі не ўдзельнічала…”
Не першы раз у “Пунсовым ветразі” адпачывае і Аляксандр Ушал. Хлопец найперш адзначыў спартыўна-забаўляльныя мерапрыемствы. А затым, усміхнуўшыся, дадаў: “ Пастаянна атрымліваем у канцы змены розныя памятныя падарункі за актыўнасць. Так, асабіста я ўжо атрымаў набор ракетак і футбольны мяч. Хацелася гэтым летам прыехаць дадому з дартсам”.
Першая змена ў “Пунсовым ветразі”  праходзіла з 19 чэрвеня па 6 ліпеня і сабрала на адпачынак 54 дзетак. Адметнасцю  змены стала тое, што тут была асобная група валейбалістаў, а выхавацелем стаў трэнер ДзЮСШ па валейболе Аляксей Паршыкаў. “Хацелася, каб юныя спартсмены ўлетку не выпадалі з трэніровачнага працэсу, – дзеліцца Аляксей. – Таму і ўзнікла такая ідэя. Ахвотныя знайшліся адразу. Дванаццаць хлопцаў і склалі нашу групу”.
Зразумела, што валейбалісты бралі ўдзел ва ўсіх агульных мерапрыемствах лагера. У іх штодзень праходзілі валейбольныя трэніроўкі.
Толькі станоўчыя эмоцыі атрымалі за змену адпачываючыя. “Спадабалася ў лагеры ўсё, – расказвае Віталь Воранаў. – Шмат ўвагі ўдзяляў на трэніроўках Аляксей Аляксеевіч валейбольным хітрыкам, імкнуўся выправіць нашы памылкі. Запомніўся валейбольны матч супраць дзяўчат, якія прыехалі з Шуміліна. А яшчэ ніколі не забуду наш паход на Разван…”. Юныя валейбалісты падчас адпачынку па-новаму адкрылі для сябе  свайго трэнера. Так, напрыклад, Аляксей Аляксеевіч многіх навучыў рыбаліць.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №54 ад 18.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *