Людмила Мясоедова из деревни Ловша Шумилинского района нашла место захоронения отца в городе Гагарин

Векапомнае Людзі і лёсы Общество

Да бацькі на магілу, у Гагарын
Людміла Васільеўна Мясаедава з вёскі Лоўша мала што ведала пра свайго бацьку. Калі ён загінуў пад Масквой у 1942 годзе, ёй было ўсяго тры гады.
“Да вайны бацька – Васіль Іванавіч Мяснікоў – быў старшынёй Слідчанскага сельсавета Чашніцкага раёна, – расказвае Людміла Васільеўна. –  У красавіку 1941 года яго прызначылі другім сакратаром Чашніцкага райкама партыі. Калі пачалася вайна, адным з першых пайшоў на фронт. У пачатку 1942 года малодшы лейтэнант В. І. Мяснікоў быў цяжка паранены пад Масквой…”.
Доўгі час сваякі В. І. Мяснікова спрабавалі высветліць, дзе ён пахаваны, але адусюль прыходзіў адзін несуцяшальны адказ: “Месца пахавання невядома”.
У мінулым годзе пошукамі свайго прадзеда заняўся 14-гадовы Аляксандр Мясаедаў. Праз інтэрнэт Аляксандр знайшоў інфармацыю, што Васіль Іванавіч пахаваны на брацкіх могілках у горадзе Гагарын Смаленскай вобласці, што непадалёк ад Масквы. Як прызнаецца Л. В. Мясаедава, неверагодныя пачуцці перажыла яна, калі праз столькі год даведалася пра месца пахавання бацькі.
Адразу былі напісаны лісты на Смаленшчыну. Адказ ад ваеннага камісарыята Смаленскай вобласці не прымусіў сябе доўга чакаць: “На Ваш запыт паведамляю, што ўсе астанкі савецкіх воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны у в. Жулева Гжацкага (сёння Гагарынскага) раёна Смаленскай вобласці, перазахаваны ў брацкую магілу №2, якая знаходзіцца на ўсходняй ускраіне г. Гагарын. Імя загінуўшага малодшага лейтэнанта Мяснікова Васіля Іванавіча 1911 года нараджэння ўвекавечана ў Памятным альбоме”. Гэты ліст Мясаедавы атрымалі летам мінулага года.
Нядаўна сем’і Мясаедавых і Цімошчанкаў наведалі горад Гагарын. “Прадстаўнікі мясцовай улады сустрэлі нас гасцінна, – расказвае Людміла Васільеўна. – Зразумела, найперш пабывалі на брацкіх могілках, дзе перазахаваны бацька. Пабывалі ў вёсцы Жулева. Нам нават паказалі прыкладнае месца, дзе ён загінуў”.
Людміла Васільеўна не можа перадаць усе пачуцці, якія адолелі яе, калі пабачыла месца пахавання. Былі слёзы, але гэта былі слёзы ўдзячнасці.
На магілу леглі кветкі – як сімвал сямейнай памяці.
Алесь САКАЛОЎ.
Надрукавана ў №55 ад 22.07.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *