Жанчына і трактар

Общество

Жанчына і трактар
Гэта толькі на першы погляд здаецца, што вынесеныя ў загаловак паняцці – несумяшчальныя. І вельмі нават сумяшчальныя, пры ўмове, што шумілінскай жанчыне дужа захацелася мець вадзіцельскія правы катэгорыі “В”. Вядома, гэтая ж умова распаўсюджваецца і на шумілінскіх мужчын, але згадзіцеся, што з мужчынамі такі агрэгат, як трактар, стасуецца ў нашай свядомасці куды больш лагічна. Хаця я ўжо з поўным правам магу гаварыць, што нічога неверагоднага ў тым, каб сесці за руль трактара ў спадніцы, няма.
Уся справа ў тым, што каб атрымаць вадзіцельскія правы, нам, і мужчынам, і жанчынам, спачатку трэба прайсці выпрабаванне трактарам. І гэта зусім не значыць, што без гэтага – ніяк. Проста ў Шуміліне няма аўташколы, а жадаючыя атрымаць вадзіцельскія правы ёсць. І год ад году іх усё больш. І калі яшчэ нейкія дзесяць год таму прадстаўніца прыгожай паловы чалавецтва за баранкай была сапраўднай рэдкасцю, то цяпер – азірніцеся, хто ездзіць па нашых шумілінскіх вуліцах.
Карацей, вадзіцельскія правы патрэбны многім, а аўташколы няма. Не, можна, канешне, тры разы на тыдзень ездзіць на заняткі ў Віцебск, а тады яшчэ дадаткова – на ваджэнне. Можна дзеля гэтага нават на тры месяцы звольніцца з работы ці закінуць дзяцей і сям’ю. Але такія ахвяры нам не патрэбныя, таму мы цярпліва і настойліва асвойваем трактар, яго ўстройства, асаблівасці работы на розных глебах і з рознымі прычапнымі механізмамі. Большасці з нас у жыцці нам гэта ніколі не спатрэбіцца, але, прабачце, без гэтага вам не выдадуць правы катэгорыі “А”. А значыць, перспектыва вадзіць машыну адсунецца далёка і надоўга.
“Нічога, нічога, – падбадзёрваў мяне мой інструктар па ваджэнні Юрый, – я вас абавязкова навучу і ездзіць, і на эстакаду заязджаць, і ў бокс. У дзяўчат, бывае, яшчэ і лепш атрымліваецца, чым у хлопцаў”. Я з усіх сіл старалася апраўдаць ягоныя спадзяванні, і трактар (мой равеснік), як гэта ні дзіўна, слухаўся і рабіў тое, што я ад яго патрабавала. Нас досыць грунтоўна вучылі правілам дарожнага руху. І не без гонару магу заявіць, што калі мы з сяброўкай паехалі здаваць тэарэтычны экзамен у абласную ДАІ і здалі яго паспяхова, нам жартам заўважылі, што так не прынята, што з першага разу мала хто здае. І дарэчы, акрамя нас у нашай падгрупе ніхто і не здаў (а ўсе ж астатнія вучыліся ў “нармальных” аўташколах).
А вось з ваджэннем аўтамабіля, канешне, не ўсё так проста. Усім нам трэба браць урокі ў прафесійнага інструктара. Адна гадзіна заняткаў (45 хвілін) каштуе ад 130 да 200 тысяч. Як паказвае жыццё, нават у 10 заняткаў укласціся складана. А газ і тормаз, заўважу, у трактары і ў аўтамабілі размешчаны ў розных месцах.
Лічыцца, што ў жыцці не пашкодзяць ніякія веды і навыкі. Магчыма, і мне некалі спатрэбіцца сесці ў кабіну трактара. І цяпер мяне гэты факт ніколькі не напалохае і не збянтэжыць.
Наталля ЯГОРКІНА.
Надрукавана ў №59 ад 05.08.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *