Интервью с директором Шумилинского лесхоза накануне профессионального праздника

Актуалии Экономика

Выраслі аб’ёмы, з’явіліся абаротныя сродкі
У трэцюю нядзелю верасня адзначаецца Дзень работнікаў лесу. Кожны год, за рэдкім выключэннем, кіраўніцтва мясцовага лясгасу заказвае газетную паласу для таго, каб расказаць пра свае поспехі, здабыткі, пахваліць праз газету людзей працы.
Не стаў выключэннем сёлетні год. Газета змяшчае святочнае інтэрв’ю з дырэктарам ДЛГУ “Шумілінскі лясгас” І. Я. Папком.
– Ігар Яўгенавіч, пачнём з поспехаў, хаця не будзем забывацца і на  праблемы, якія перашкаджаюць рухацца наперад больш імкліва.
– Праблемы свае ведаем, нацэлены іх вырашаць. Між тым,  поспехаў нямала.   Летась фінансы не дазвалялі разгарнуцца ва ўсю шыр з адгрузкай драўніны на экспарт, а са студзеня бягучага года паступова сітуацыя пачала мяняцца. Сёння практычна ўдвая выраслі аб’ёмы паставак, давялі іх да 2,8 мільярдаў рублёў за месяц. Адпаведна з’явіліся абаротныя сродкі, а значыць, можам без праблем разлічвацца са сваімі традыцыйнымі пастаўшчыкамі – чыгункай і за пастаўку паліва. Напрыклад, чыгунка забірае штомесячна 300 мільёнаў рублёў, 400 мільёнаў ідзе на закупку бензіну і дызпаліва. З кастрычніка 2013 года не карыстаемся крэдытамі банкаў для выплаты заработнай платы. Выплачваем яе стабільна, без затрымак, выконваем умовы, прапісаныя ў калектыўным дагаворы.
Паўтаруся, намнога палепшылася адгрузка таварнай прадукцыі і дроў, зараз за месяц рыхтуецца і адгружаецца 7,5 тысячы куб. м  лесу, за 8 месяцаў 2014 года нарыхтавалі 55 тысяч, вывезлі 56 тысяч кубоў. Важна, што экспартная валютная выручка за адзначаны перыяд дасягнула паўмільёна еўра.
– Вядома,  што лясгас з нядаўняга часу мае сваю пілараму. Ці акупляюцца выдаткі?
– Мы ўзялі ў арэнду ў райаграсэрвіса цэх, устанавілі дзве стужкавыя піларамы. З ліпеня піламатэрыялы ідуць на экспарт, за месяц адгружаем пяць машын з прадукцыяй. Робім паддоны для Обальскага керамічнага. Увогуле піларама дае нам рэнтабельнасць у межах 5-8%. Акрамя гэтага, мы вывозім за мяжу колатыя дровы.
– Дровы – за мяжу?..
– Вядома, не абы-якія, ясянёвыя, аднак па 50 еўра за кубаметр. Дровы ідуць у Данію, Германію, імі паляць у камінах. А яшчэ зарабляем на шчапе. Бяром у ПМК-70 і УП ЖКГ драбілкі і перапрацоўваем рэшткі лесу пасля нарыхтовак. Адпраўляем шчапу на Віцебск, нарыхтавалі яе ўжо 4,5 тысячы кубаметраў. На пад’язных шляхах ляжыць для здрабнення 2,5 тысячы кубаметраў драўніны. Па дрывах закрылі “культурныя” ўстановы, дапамаглі з вывазкай дроў для кацельняў УП ЖКГ.
– Ігар Яўгенавіч, але ж вы не толькі валіце лес, вывозіце, але і аднаўляеце яго, інакш праз дзясяткі гадоў утварылася б пустыня…
– Гэта само сабой зразумела. Прычым лесапасадкі вядуцца не дзедаўскім спосабам, калі трэба было ў іх год ці два рабіць абкос травы, каб не заглушыла, не забіла яна маладое дрэўца. Такім чынам абкошвалі плошчу ў 700 га. Паступова сітуацыя мяняецца, прыходзіць тэхналогія вырошчвання саджанцаў у касетах з тым, каб трава не паспела заглушыць расліну. А наогул пасадзілі і аднавілі лес на плошчы 189 га, правялі высечкі догляду маладняку на 306 га. З кастрычніка  ўводзім у строй у вёсцы Полцева пастаянна дзеючы лясны гадавальнік. Адвялі месца для кампаставання, установім сістэму арашэння на выпадак спякотнага лета, будзе яшчэ адна цяпліца для пасадачнага матэрыялу ў закрытым грунце.
– На вашым балансе і дэндрапарк. Ці абнаўляецца ён?
– Вядома. Разбілі яго па сектарах, па лясніцтвах, і кожнае лясніцтва даглядае свае саджанцы. Акрамя таго, што на месцах маюць свае міні-дэндрапаркі.
– І пра людзей раскажыце, Ігар Яўгенавіч…
– У лясгасе працуе 250 чалавек. Не называючы канкрэтных прозвішчаў, адзначу нялёгкую, аднак вельмі ўдзячную працу вальшчыкаў-лесарубаў, не было б  такога важкага плёну без аператараў “Харвастэраў” і “Фарвардэраў”, без вадзіцеляў лесавозаў. На іх, калі хочаце, і трымаецца наша эканоміка. Праўда, нельга забываць пра тых, хто абслугоўвае гэтых людзей, хто вырошчвае лес, даглядае яго, хто дбае пра тое, каб ён радаваў чалавека сваім багаццем і прыгажосцю. Усіх іх, а таксама ветэранаў лясной гаспадаркі,  шчыра віншую з прафесійным святам, зычу ўсім здароўя, міру і дабрабыту.
Мікалай МАРОЗ.
Надрукавана ў №72 ад 19.09.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *