В деревне Лялюги Шумилинского района скучать не приходится

Общество Сельское хозяйство

Ім на пенсіі сумаваць некалі
Для жыхарак з в. Лялюгі Валянціны Сямёнаўны Скірман і Ніны Іванаўны Лялюга  сёлетні  год адметны –  юбілейны.
Гэтых жанчын звязвае многае: жывуць у адной вёсцы, разам калісьці працавалі на мясцовай ферме, практычна разам пайшлі на пенсію.
Жанчыны расказалі, што раней ў вёсцы была малочнатаварная ферма. Спачатку кароў даілі ўручную, кармы таксама раздавалі ўручную. Цяжка было.  Таму калі з’явіўся малакаправод, гэта здалося нейкім цудам, збаўленнем для напрацаваных рук.
“Пенсійны ўзрост – гэта нібыта новы статус у жыцці чалавека, – усміхаюцца жанчыны. – І мы ў свой час яго ўспрынялі як новы этап свайго жыцця.  З’явілася больш вольнага часу, які мы павярнулі ў новае рэчышча і выкарысталі для сям’і, дзяцей, унукаў”.
Некаторыя пажылыя людзі скардзяцца, што на пенсіі ім нудна і маркотна. А вось Валянціне Сямёнаўне і Ніне Іванаўне сумаваць некалі. “Напэўна, таму, што жывём мы не ў горадзе, а ў вёсцы, – лічаць жанчыны. – То курэй трэба пакарміць, то на падворку прыбраць, то ў печцы прапаліць. Да таго ж, ходзім у госці адна да адной і да суседзяў. У нас вёска дружная, і мы, пенсіянеры, часта збіраемся разам. Проста пасядзець за кубкам гарбаты, успомніць былыя маладыя гады”.
Ну, а пра вясенне-летнія клопаты вясковых жанчын і гаварыць не прыходзіцца. Яны рупяцца на агародах, нібыта тыя пчолкі. Градкі ў іх – заглядзенне, ані травінкі. Затое добра родзіць ўся гародніна, вырастаюць самыя вялікія гарбузы – не абняць рукамі. Пры гэтым жанчыны не забываюць і пра свае палісаднікі. Саджаюць кветкі дзеля душы. І лічаць: чым больш кветак ля кожнага дома – тым прыгажэйшая вёска.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў № 75 ад 30.09.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *