Районная конференция юных исследователей природы

Актуалии Образование Экология

Зберагчы і дапамагчы
За ўсё існаванне зямлі было пяць масавых выміранняў жывых істот. Як не дапусціць наступнага? Такое сур’ёзнае пытанне паставілі перад сабой удзельнікі раённай канферэнцыі юных даследчыкаў прыроды, якая адбылася  ў Цэнтры пазашкольнай работы.
Сёлета аб’яўлены Міжнародны год біялагічнай разнастайнасці. І шумілінскія школьнікі разумеюць усю важнасць неадкладных мер па абароне і ўзнаўленні жывёльнага і расліннага свету.
За апошнія 200 гадоў на зямлі знішчана толькі птушак 180 відаў. Вінаваты ў гэтым і чалавек, які забруджвае рэкі, азёры, глебу. А каб захаваць жывёльны і раслінны свет, яго трэба вывучаць. Тады не нашкодзіш, а наадварот, зберажэш і дапаможаш выжыць. Гэта думка была галоўнай у выступленнях. З навуковымі работамі прыехалі на канферэнцыю 12 вучняў з васьмі школ раёна. Яны доўга рыхтаваліся: аналізавалі, вывучалі, параўноўвалі, абагульнялі вынікі. Цікава было паслухаць выступленні пра лекавыя травы нашага краю, пра стогадовыя дрэвы на Шуміліншчыне, пра рэдкія кветкі і расліны, пра жывёльны свет рэчак і азёр, пра якасць пітной вады ў калодзежах, калонках і крыніцах.
Обальская СШ на працягу пяці гадоў з’яўляецца ўдзельнікам рэгіянальнага праекта “Назіранне за рэкамі”. Школьныя даследчыкі расказалі аб рэдкіх прадстаўніках фаўны мясцовай ракі.
Навуковыя работы і выступленні рабят ацэньвала журы. Першае месца прысуджана Анастасіі Чыжыкавай і Раману Зязюльку з Суравенскай школы за работу “Дынаміка колькасці папуляцыі шпажніка чарапічнага ў пойме ракі Чарнаўкі” (работа заняла другое месца ў вобласці, і суравенскія школьнікі паедуць на рэспубліканскую канферэнцыю); другое – Анастасіі Шапавалавай з Башнёўскай СШ (“Атрыманне біягумусу пры дапамозе дажджавых чарвякоў”). Усе ўдзельнікі канферэнцыі атрымалі граматы ад раённага аддзялення грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны”.
На канферэнцыі былі ўзнагароджаны пераможцы раённага конкурсу малюнкаў “Красуй, Беларусь!” і “Жыццё на зямлі”. Памятныя прызы ўручыў начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя С. Д. Карнякоў.
Ларыса Зайцава.
Надрукавана ў №97 ад 14.12.2010 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *