Работники культуры Шумилинского района подарили себе праздник

Актуалии Культура Общество

Работнікі культуры падарылі сабе свята
У мінулую пятніцу ўтульная зала Шумілінскай школы мастацтваў прымала работнікаў культуры з усяго раёна, якія сабраліся разам адзначыць сваё прафесійнае свята.
Яны – гаспадары Палацаў культуры і школ мастацтваў, музеяў і бібліятэк, яны валодаюць вакальнымі і музычнымі талентамі, ім падуладны рэжысура і тэатральнае мастацтва, без іх нельга ўявіць ніводнае мерапрыемства. А сёння – свята ў іх гонар, і свята яны арганізавалі на самым высокім прафесійным узроўні – з гасцямі, падарункамі, багатай канцэртнай праграмай.
Намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Зайцаў, які завітаў на свята, шчыра павіншаваў работнікаў культуры з прафесійным святам, падкрэсліў, што культура фарміруе духоўнасць чалавека, фарміруе душу. Анатоль Мікалаевіч адзначыў стабільны рост галіны культуры раёна, як у матэрыяльным плане, так і ў развіцці творчасці. Ад імя старшыні раённага выканаўчага камітэта ён уручыў работнікам культуры вітальны адрас з пажаданнямі плёну ў рабоце і новых творчых здабыткаў.
Шмат шчырых пранікнёных слоў знайшла для сваіх калег намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Валянціна Навіцкая. “Без культуры цяжка ўявіць наша жыццё, – адзначыла Валянціна Георгіеўна. – Праз культуру ідзе маральнае і духоўнае выхаванне дзяцей і падлеткаў, захоўваецца і памнажаецца духоўнае багацце насельніцтва, культура дорыць людзям радасць”. Яна выказала перакананне, што наперадзе шмат вялікіх здзяйсненняў, а лепшым работнікам культуры, сярод якіх было нямала ветэранаў галіны, у гонар свята і як прызнанне іх асабістых заслуг уручыла граматы аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама з грашовым падмацункам.
З падарункам выйшла на сцэну і старшыня райкама прафсаюза работнікаў культуры Алена Сініцкая. Алена Міхайлаўна расказала, што кожны год райкам вызначае пераможцу па выніках правядзення ўборачнай кампаніі (не здзіўляйцеся, і ўборачная кампанія не абыходзіцца без добрай песні. Успомніце “Дажынкі”, святы вёсак і іншыя мерапрыемствы – аўт) . Сёлета такім пераможцам названы ансамбль народнай песні “Сяляначка” Кардонскага сельскага клуба. Яго кіраўніку Анатолю Матусу і быў уручаны прыз.
Шыкоўны канцэрт, падрыхтаваны сіламі Шумілінскай і Обольскай школ мастацтваў, дапаўняў і ўпрыгожваў свята, дарыў гледачам святочны настрой і натхненне. Цёплыя словы знайшлі для сваіх калег па цэху вядучыя свята Кацярына Карнілава і Аляксандр Карнілаў.
Аліна ПЯТРОВА.
На фота:
Зала стоячы дзякавала артыстам за свята;
В. Г. Навіцкая ўручыла маладым спецыялістам культуры першыя ў прафесійнай дзейнасці штодзённікі;

Аптымістычныя “Гарэзнікі” задавалі тон канцэрту.
Надрукавана ў №79 ад 14.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *