Генадзь Кісялевіч: «За прыроду ў адказе кожны»
Эколагі, абаронцы прыроды, грамадскія памочнікі, усе, хто перажывае і клапоціцца пра прыроднае асяроддзе нашай зямлі, адзначаюць 5 чэрвеня Дзень аховы навакольнага асяроддзя, які па сутнасці з’яўляецца прафесійным святам эколагаў.
У гэты дзень яны падводзяць вынікі работы, ставяць задачы, імкнуцца з розных трыбун звярнуць увагу грамадства на праблемы навакольнага асяроддзя, узняць актуальныя экалагічныя пытанні. З нагоды “зялёнага” свята – наша інтэрв’ю з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Генадзем Кісялевічам пра прыродны патэнцыял Шуміліншчыны і праблемы ў сферы аховы навакольнага асяроддзя.
– Генадзь Мікалаевіч, колькі гадоў вы стаіце на варце аховы прыроды ў раёне?
– На пасадзе начальніка інспекцыі працую з 2011 года – 14 год.
– У такім разе вы дакладна можаце назваць галоўныя рысы эколага?
– Добрасумленнасць, прыстойнасць, прынцыповасць, любоў да прыроды, зразумела, да Радзімы.
– Як вы ацэньваеце прыродны патэнцыял Шуміліншчыны?
– Нам пашчасціла жыць і працаваць на прыгожай шумілінскай зямлі. Прыроднае асяроддзе раёна па-свойму ўнікальнае і разнастайнае. Край багаты на рэчкі і азёры (31 вадаток, 72 возеры, 3 пруды). У нетрах вядзецца здабыча такіх карысных выкапняў, як торф, цагляная гліна, будаўнічы пясок, сапрапель. На тэрыторыі раёна знаходзяцца самы вялікі валун Беларусі, два рэспубліканскія прыродныя ўнікальныя заказнікі: ландшафтны “Казьянскі” з комплексам рэдкіх відаў раслін і жывёл і гідралагічны “Сосна”, дзе можна сустрэць рэдкія для Беларусі наяду марскую, гідрылу мутоўчатую, рака шырокапалага. У нашым раёне маюцца 5 геалагічных помнікаў прыроды рэспубліканскага значэння, 4 гідралагічныя помнікі, 5 батанічных помнікаў прыроды, адзін водна-балотны заказнік. За апошнія гады выяўлены і перададзены пад ахову 9 тыповых біятопаў, 13 месцаў пражывання жывёлы і 18 месцаў вырастання раслін, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Гэтым нельга не ганарыцца, як наогул і тым, што экалагічная абстаноўка ў рэгіёне стабільная.
– Якія першачарговыя задачы стаяць перад супрацоўнікамі раённай інспекцыі на сённяшні дзень?
– Працуем па розных накірунках дзейнасці: ахова прыродных рэсурсаў, кантроль за станам паветра, вады, за абыходжаннем з адходамі…
– Нядаўна тэма адходаў, збору і перапрацоўкі смецця ўзнімалася на нарадзе ў кіраўніка краіны. Наколькі востра стаіць пытанне ў нашым раёне? Як экалагічная служба ацэньвае праводзімую работу ў гэтым накірунку?
– Інспекцыя найперш вядзе кантроль за адходамі на вытворчасці, тым не менш не стаіць у баку ад работы з камунальнымі адходамі. Пры ўсім тым, што ў раёне праводзіцца значная работа па набыцці і ўстаноўцы кантэйнераў, яе нельга лічыць дастатковай. На вялікі жаль, у нас вельмі нізкі паказчык у вобласці па ўзроўні атрымання другасных матэрыяльных рэсурсаў з саставу камунальных адходаў. На маю думку, недастаткова наладжана работа па раздзельным зборы смецця, крытычна мала кантэйнераў для збору паперы. Да сённяшняга дня ў райцэнтры няма ніводнай пляцоўкі для збору буйной габарытнай тэхнікі і мэблі, просіцца павелічэнне плошчы некаторых найбольш запатрабаваных смеццевых пляцовак, а дзесьці павелічэнне перыядычнасці збору смецця, не вырашана пытанне збору смецця ў некаторых населеных пунктах. Ёсць пытанні і з функцыянаваннем і арганізацыяй работы на палігоне ў Шуміліне, якому больш за 50 год і які не адпавядае патрабаванням экалагічнай бяспекі. Адным словам, працаваць ёсць над чым.
– Як вы ацэньваеце азеляненне нашага горада?
– Сапраўды, мы ўсе бачым, якая вялікая работа праводзіцца. У Год добраўпарадкавання гэтым пытанням надаецца асаблівая ўвага. За апошнія гады ў раёне высаджаны сотні саджанцаў дрэў і тысячы кустоў. Выжываюць не ўсе, бо паўстае пытанне з іх далейшым утрыманнем. Калі з палівам кветак пытанняў няма, то з доглядам саджанцаў дрэў і кустоў сітуацыя некалькі іншая. Прыкладаюць, на вялікі жаль, рукі і нядобрасумленныя жыхары. Не аднойчы даводзілася бачыць у раёне «верхняга горада» карціну, як дзеці трасуць маладзенькія дрэўцы, а маці ніякім чынам не рэагуюць. Хто вырасце з такога маленькага вандала? Варта разумець, што мы ўсе ў адказе за нашу прыроду, за малую радзіму, і толькі ад нас залежыць, наколькі зялёнай і квітнеючай яна будзе.
З нагоды Дня аховы навакольнага асяроддзя хочацца павіншаваць са святам усіх людзей, якія стаяць на варце аховы прыродных рэсурсаў і робяць усё магчымае дзеля захавання нашай непаўторнай, шчодрай і прыгожай Зямлі, пажадаць здароўя, магчымасцей, плёну і рэалізацыі ідэй.
– Дзякуй за размову.
Гутарыла Алена КАРПУШЭНКА

