Подворный обход заглянул в каждую деревню Ловжанского сельсовета

Общество Президент Сельское хозяйство

Вёска прыціхла перад зімой
Ад хаты да хаты, з вёскі ў вёску – і так па ўсіх населеных пунктах Лаўжанскага сельсавета прайшлі рабочыя групы райвыканкама падчас падворнага абходу. Па-рознаму людзі сустракалі гасцей з райцэнтра, хтосьці радаваўся нечаканаму візіту, іншы паводзіў сябе насцярожана і стрымана. Шмат гаварылі пра жыццё, пра паўсядзённыя праблемы.
На шляху нашай рабочай групы ляжала пяць вёсак: Лоўша (ці Лоўжа, як лічаць тутэйшыя жыхары), Мерзлякі, Марынкіна, Залессе, Слабада. Апроч Лоўшы, у астатніх чатырох вёсках, як і ў многіх іншых па сельсавеце, па два-тры жылыя двары. Летам, праўда, вясковае жыццё ажывае, дзякуючы дачнікам ды гарадскім унукам, а зараз вёска прыціхла перад зімой. На вуліцы мала каго сустрэнеш, усе хінуцца да хатняга цяпла.
Вось і В. М. Дудаву, адну з дзвюх аселых жыхарак вёскі Марынкіна, мы заспелі дома. Жанчына ўзрадавалася людзям і магчымасці пагаварыць. Былая даярка з дваццацігадовым стажам не скардзілася ні на што, наадварот, дзякавала за тое, што “аўталаўка два разы на тыдзень спыняецца пад самым акном, прывозіць, што захочаш, сацыяльны работнік Вера Конышава трапілася добрая, дапамагае ва ўсім, і медыкі наведваюць, хаця новыя ногі ніхто не дасць…” Вера Мікалаеўна падзялілася з намі галоўнай на сённяшні дзень для яе праблемай: ехаць ці не да дачкі ў Асвею. Хацелася б ёй дажыць у роднай хаце адведзены богам век, але дачка кліча, крыўдзіцца, што матуля не едзе, а з Асвеі не блізкі шлях, кожны тыдзень не наездзішся… Яна вагаецца, ёй хацелася парады. А што тут параіш? Родны вугал яно, канешне, важна, але ж родны чалавек, які хоча сагрэць тваю старасць, важней. Усё адно няпростае рашэнне прымаць ёй.
Шкадаваннем, што вёска аджывае і ўспамінамі пра яе былое паўнакроўнае жыццё, калі моладзь будавала дамы, дзеці бегалі гурбамі, калі ледзь не ля кожнай вёскі была ферма, была работа, сустракалі многія. Але што тут зробіш, плынь жыцця не павернеш назад, чым тут дапаможаш, хіба толькі спачуваннем.
А вось у Лоўшы папрасілі рэальнай дапамогі. Жыхары вуліцы Прыазёрнай скардзіліся, што лінія электраперадач даўно “не цягне” нагрузку, напружанне падчас, як расказаў У. І. Бялоў, дацягвае толькі да 170 В, а ў людзей зараз халадзільнікі, маразільнікі, камп’ютары, пральныя машыны, газавыя катлы… У электрасеткі званілі, але там сказалі, што грошай няма. І яшчэ адна праблема на гэтай жа вуліцы – з вадой. Вада ў калонкі ідзе ад фермы, вада, як пацвердзіла і старэйшына вёскі Т. В. Бялова, няякасная, мутная, для піцця непрыдатная. Хацелася б людзям, каб калонкі запіталі ад вежы, там добрая вада, вось толькі ці зробіць гэта камунальная служба?
Пытанне па якасці вады ўзнікла і ў вёсцы Залессе. Там усяго два жылыя дамы, як раз адзін насупраць другога, карыстаюцца адным калодзежам, дакладней, не карыстаюцца, бо калодзеж, як расказалі жыхары, адразу не задаўся, хоць і паклалі шэсць колцаў. А вада там толькі верхаводка. Трэба паглыбляць студню, а хто гэта зробіць? А пакуль ходзяць за вадой да крынічкі за 150 метраў.
Аліна ПЯТРОВА.
Надрукавана ў №80 ад 17.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *