На президиуме Шумилинского районного Совета депутатов разговор шел о торговом и бытовом обслуживании на селе

Президент Сельское хозяйство Экономика

Што не стае кадраў, спажыўца не цікавіць
“Палітыка ляжыць на паліцах нашых магазінаў”, – з такога ўвогуле крылатага выразу і пачала гаворку на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў старшыня Савета І. М. Новікава. Словы  былі вельмі да месца, бо былі ў тэму – пра гандлёвае і бытавое абслугоўванне на сяле.  Нараканняў на работу гандлю і бытавікоў было нямала. Але сёлета іх стала значна больш, яны паступалі на “прамую” і “гарачую лінію”,  у дні прыёмаў кіраўніцтва райвыканкама і  райсавета дэпутатаў. Менавіта таму вырашана было правесці прэзідыум райсавета па аналізу работы райспажыўтаварыства і КУП БАН.
З аналізам спраў у гандлі і  бытавым абслугоўванні выступіла начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Т. А. Сідарава.  У сельскай мясцовасці ажыццяўляе гандлёвае абслугоўванне 10 суб’ектаў гаспадарання. Большасць  гандлёвых аб’ектаў (31) належаць райспажыўтаварыству, 9 гандлёвых аб’ектаў – прыватнаму сектару. Аддаленыя вёскі забяспечвае таварамі 7 аўталавак райпо.
Тэмпы росту аб’ёму рознічнага тавараабароту сістэмы райпо за студзень-верасень 2014 года  сталі ніжэйшымі адносна адпаведнага перыяду мінулага года. Увесь прырост аб’ёму забяспечаны за кошт арганізацый гандлю прыватнай формы ўласнасці.
У рамках рэалізацыі Рэгіянальнай праграмы інавацыйнага і інвестыцыйнага развіцця вобласці расчыніў дзверы магазін ПГУП “Новае Таклінава” ў в. Мішкавічы, прыватным гандлёвым прадпрыемствам “Казарка” плануецца адкрыць магазін ў аграгарадку Крывое Сяло. Зроблены рамонт магазіна райпо ў в. Сіроціна.
Між тым, патрабуецца мадэрнізацыя і рэканструкцыя сельскіх магазінаў кааператыўнага гандлю. У некаторых вёсках зачынены і доўгі час не працуюць магазіны. Не выконваюцца графікі работы некаторых магазінаў, збяднелы асартыментны пералік тавараў у аўталаўках, там адсутнічаюць цэннікі, машыны не давозяць хлеб да канечных пунктаў маршрутаў, не  выдаюцца чэкі, не выконваюцца заказы. Але там, дзе працуюць пастаянныя вадзіцелі-прадаўцы, нараканняў не ўзнікае.
Удзельная вага КУП БАН у аб’ёме бытавых паслуг, якія аказваюць юрыдычныя асобы,  складае 36,6 %. Тэмпы росту бытавых паслуг у раёне складаюць 117%, на аднаго жыхара раёна аказана паслуг на 54462 рублі  (у сельскай мясцовасці 126,5% і 54029 рублёў адпаведна). Гэта значная нагрузка, аднак ёсць пытанні па пераліку аказваемых паслуг, па якасці выканання. Ёсць яны па рабоце комплексных прыёмных пунктаў. Трэба правесці аб’ектыўны маніторынг з тым, каб не было так, што “ў адных пуста, у другіх – густа”.  Гэта датычыць і гандлю, і бытавых паслуг. Вельмі добра, каб КУП БАН выйшаў да вясковага люду з канкрэтным і вывераным графікам выезду  бытавой машыны і змясціў іх у раённай газеце. Па ўсіх буйных вёсках і аграгарадках.
Выступілі в. а. старшыні райспажыўтаварыства В. М. Чапурнова і дырэктар КУП БАН В. П. Бабічаў. Валянціна Міхайлаўна, якой, трэба сказаць, дасталася нялёгкая фінансава-эканамічная спадчына,  у прыватнасці, паскардзілася на недахоп кадраў.  І гэта пры сярэдняй зарплаце каля 3 мільёнаў рублёў. В. М. Чапурнова расказала пра далейшы лёс кожнага праблемнага магазіна, прызналася, што да канца года на прыбытковую работу не выйдуць. Па стратнай рабоце аўтамагазінаў (па словах В. М. Чапурновай, у межах 5-6 мільёнаў рублёў з кожнай за месяц), І. М. Новікава параіла падысці да арганізацыі гэтай работы больш прадумана і ўзважана. Не ганяць па вёсках паўпарожнія машыны, строга выконваць заяўкі. Райспажыўтаварыству сумесна з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама і старшынямі  сельскіх Саветаў дэпутатаў  даручана рашыць праблему ўкамплектавання кадрамі прадаўцоў у сельскіх магазінах.
Старшыня пастаяннай камісіі райсавета Л. У. Маладзечкіна расказала пра тое, як быў праведзены рэйд па магазінах Светласельскай зоны ў будні дзень. У Башнях магазін быў зачынены, у Лескавічах праводзілі рэвізію, у Язвіне зачынілі дзверы а чацвёртай гадзіне дня. Што рабіць чалавеку, які вяртаецца з работы? Куды, у які магазін заглянуць? На думку дэпутата Л. У. Маладзечкінай, кіраўніцтву райпо трэба прадумваць свае рашэнні з тым, каб не пакідаць сам-насам з праблемамі цэлыя рэгіёны.
В. а. старшыні райпо В. М. Чапурнова і дырэктар КУП БАН В. П. Бабічаў выказалі свае меркаванні па далейшаму развіццю і ўдасканаленню сістэмы гандлю і бытавога абслугоўвання насельніцтва. У прыватнасці,  гаворка ішла пра адкрыццё да сярэдзіны лістапада магазінаў у вёсках Язвіна, Дабея, Навікі, аб захаванні асартыментнага пераліку тавараў, аб шырокім інфармаванні  вяскоўцаў пра  гандлёвыя акцыі, продажы ў крэдыт і растэрміноўку. Кіраўніцтва прадпрыемства бытавікоў абяцала да 1 мая 2015 года адкрыць КПП у аграгарадку Мішневічы, больш увагі ўдзяліць матэрыяльна-тэхнічнай базе Крывасельскага КПП, забяспечыць рост аб’ёму бытавых паслуг на КПП у аграгарадках Амбросавічы, Слабада, Мікіціха, у в. Сіроціна.
Мікалай ЯНЧЫН.
Надрукавана ў №84 ад 31.10.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *