«Приозёрный мир» Шумилинского района делает ставку на холодный метод содержания телят

Сельское хозяйство Экономика

Халодны метад утрымання цялят
Многія жыхары раёна заўважылі ў Дабеі (ля павароту на Войлавічы) агароджу, зробленую рабочымі ААТ “Прыазёрны мір”. Некаторыя падумалі, што тут летам будуць пасвіцца гусі.  “Не, гэта агароджа для цялят: думаем перайсці на халодны метад утрымання, – развеяў сумненні дырэктар ААТ “Прыазёрны мір” А. М. Пытко. – Такі метад бачыў на прыватных фермах у Германіі. Цялят утрымліваюць на полі не ад бяскорміцы, як думаюць некаторыя, а каб павысіць жыццяздольнасць статку, каб жывёла была больш моцнай і вынослівай”.
Вядома, Шуміліншчына – не Германія. У нас больш суровы клімат, больш марозныя зімы. Тым не менш прыклады халоднага спосабу ўтрымання жывёлы вядомыя і ў Віцебскай вобласці. Спецыялісты райсельгасхарчу ў якасці прыкладу прывялі Пастаўскі раён. Там цяляты ўтрымліваюцца круглы год на полі. Але ж ім ёсць куды схавацца ад ветру і дажджу, прама на полі пабудаваны кармавы стол з навесам, сюды прывозяць сянаж з сенам і цёплую ваду.
Вядома, спецыялісты ААТ “Прыазёрны мір” вывучалі вопыт Пастаўшчыны. “Мы абгарадзілі поле ад Дабеі да Боськава, па перыметру гэта будзе з пяць кіламетраў, – расказвае Аляксей Мікалаевіч. – Выбралі менавіта  неакультураныя землі – каб не пуставалі”.
Разам з дырэктарам сельгаспрадпрыемства едзем на поле. З матэрыялаў, што ўзялі на былой ферме ў Гародне, будаўнічая брыгада ўзводзіць пасярэдзіне поля цялятнік даўжынёю ў пяцьдзясят метраў. Цялятам будзе дзе схавацца ад слоты. “Мяркуем у цялятніку зрабіць тоўсты слой падсцілкі, каб і ў мароз было цёпла, – расказвае Аляксей Мікалаевіч. –  Будуем таксама кармавы стол, кармушкі робім бетонныя – каб цяляты не тапталі сянаж”.
Па словах А. М. Пытко, у лістападзе названыя работы будуць завершаны. І на поле выганяць паўтары сотні цёлак перадзлучнога ўзросту з фермы Дабея. Гэта будзе так званы эксперыментальны статак.  Калі халодны метад вырошчвання цялят апраўдае сябе, то і астатнія статкі перадзлучнога ўзросту будуць пераведзены на такі метад утрымання.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №87 ад 11.11.2014 г.



1 комментарий по теме “«Приозёрный мир» Шумилинского района делает ставку на холодный метод содержания телят

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *