По дороге на Боёвку

Общество

Калі надвор’е спрыяе…
Прырода непрадказальная. Не, у апошнія гады чалавек верыць, што зіма ўсё-такі спазніцца з прыходам, што дазволіць падцягнуць такія-сякія “хвасты”, якія не паспеў падцягнуць да гэтага. Прыкмеціў гэта чалавек і  позняй восенню (добра што яна сёлета без золі і слоты) бярэцца за дом. Едзеш паўз новую дарогу, якая ідзе ад СШ № 2 у бок Баёўкі, і вачам раптам  адкрываецца размечаны пляц для будучага жылля. Той-сёй сумняваўся, што ў гэтым хмызу будзе чалавек ладзіць сваё жытло, а вось паглядзіце. А чаму б не ўзяцца? Тут пракладзена дарога, тут ёсць дзе падключыцца да сілавой лініі, тут ідзе газ. Дарэчы, толькі сёлета для патрэб квартала індывідуальнай пабудовы ў раёне вуліц Камунальная. Заходняя, Дабееўская ўкладзена 3 мільярды рублёў. Пра гэта паведаміла рэдакцыі начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама З. А. Мясаедава. Грошы пайшлі, каб закончыць пракладку асфальту, для іншых пільных патрэб. Так што ўся інфраструктура, уключаючы водаправод і каналізацыю, тут ёсць. І знайшлася маладая сям’я, якая рызыкнула. І правільна зрабіла: пакуль ёсць выбар участкаў, няма чаго валаводзіць.
Гэта першая тут, калі хочаце, ластаўка.  Як некалі першым быў у мікрараёне СШ № 2 шматпавярховы жылы дом.  Жылы раён Брыкета не будзе заставацца застылым, можа, і “сядзе” яшчэ адзін шматкватэрны дом (ёсць месца),  з’явяцца сацыяльныя аб’екты. Просіцца ў раёне жылых кварталаў маладзёжнае кафэ. Пакуль што ніхто заяўкі на такі аб’ект не падаваў. Можа, захоча райспажыўтаварыства. Яму сёння, аднак, вельмі цяжка з абаротнымі сродкамі. Тым не менш вясной уладам кафэ трэба прапаноўваць некаму больш настойліва.
Вельмі дарэчы была б тут аптэка ці аптэчны кіёск. Усё-такі з раёна СШ №2, з Баёўкі, Ільінцаў да цэнтра за лекамі дабірацца далёка. Тут няма прыстойнай лазні, няма клуба, не адкрываюцца паслугі банкаматаў і інфакіёскаў, важна разбіць у мікрараёне паркавую зону адпачынку. Усё гэта трэба, усё гэта важна,  тым больш, што не так даўно тут знайшоў прапіску філіял  ТАА “Альянспласт” з Віцебска…
Зіма яшчэ не прыйшла, і вось гаспадар, які асеў на адной з вуліц Баёўкі, падвёў пад дах свой ці то гараж , ці то хлеў. Хутчэй за ўсё, першае. Сцены з чырвонай цэглы, былой ва ўжыванні, дах – з новага шыферу. Пакуль што зеўраюць без рам аконныя праёмы, няма дзвярэй. Гаспадар разлічвае, відаць, на мяккі нораў позняй восені, на тое, што надвор’е дазволіць усё гэта зрабіць сёлета з тым, каб зімой ці ранняй вясною ўзяцца за ўнутраную аздобу памяшкання. А да гэтага, на вуліцы Дабееўскай, другі гаспадар лета ва-зіўся з падмуркам. Капалі траншэі ўручную, залівалі старанна, пад усе пераплёты сцен – сабе ж рабілі, а не дзядзю лысаму. Праязджаў міма і чуў, як  размерана і шархатліва гула ў іх ля падсобкі бетонамяшалка. Побач будуюцца ці не трэці год. Прывезлі машыну шчэбеню, уставілі вокны ПВХ, яшчэ тое-сёе падцягнулі. Астатняе – да вясны. Праўда, хто ведае, можа, і лістапад пастаіць такі ж гожы, і не прападзе жаданне ў гаспадара, хопіць яму грошай, каб зашыць франтоны або ўвязацца ва ўнутраную аздобу…
Рупіцца народ.  І правільна робіць: няма нічога, бадай, больш усцешанага, чым свой вугал. Пакуль ёсць жаданне, пакуль стае грошай і надвор’е спрыяе рабоце…
Мікалай ШОСТАК.
Надрукавана ў № 89 ад 18.11.2014 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *