Шумілінскі раён. Старонка ў Чырвонай кнізе

Край шумілінскі Экология

Шумілінскі раён. Старонка ў Чырвонай кнізе
Чырвоная кніга – кніга горкіх страт, кніга-папярэджанне, кніга-SOS. Чалавек шмат “пастараўся”, каб многія расліны і жывёлы зніклі, набылі статус рэдкіх, аказаліся пад  пагрозай знікнення. І толькі чалавеку па сілах наладзіць сваё жыццё ў такім фармаце, каб побач камфортна сябе адчуваў любы жывы арганізм, каб не пакідаць вынікам сваёй жыццядзейнасці нежывое поле.
Нам гэта па сілах, галоўнае – расцэньваць Чырвоную кнігу не проста як сігнал трывогі, але і як пэўную праграму дзеянняў, накіраваных на захаванне каштоўных, рэдкіх жывёл і раслін, на павелічэнне іх колькасці.
Такая работа вядзецца ў нашым раёне, пастаянна аднаўляецца інфармацыя па рэдкіх раслінах і жывёлах, вядуцца даследаванні.
У 2013 годзе дацэнт кафедры экалогіі і аховы прыроды ВДУ імя П. М. Машэрава Уладзімір Іваноўскі разам з дырэктарам батанічнага сада ўніверсітэта Юрыем Высоцкім правялі абследаванне тэрыторыі Казьянскага заказніка з мэтай выяўлення чырванакніжных жывёл і раслін. Ім удалося выявіць месцажыхарства на гэтай тэрыторыі наступных відаў рэдкіх птушак: чорнага бусла і малога падворліка. А таксама такіх рэдкія відаў раслін, як падвей стройны, баранец звычайны, бяроза карлікавая, вярба чарнічная, журавіны драбнаплодныя, марошка прысадзістая, асака заліўная, асака малакветкавая, пуханос альпійскі, наяда марская, пустапялёснік зялёны.
Рашэннем райвыканкама былі зацверджаны пашпарты і ахоўныя абавязацельствы гэтых аб’ектаў, вызначаны суб’екты, якія будуць рэалізоўваць дадзеныя ахоўныя абавязацельствы. Яны будуць сачыць за тым, каб вызначаныя рэдкія віды жывёл і раслін не зніклі, каб дзейнасць чалавека не пагоршыла ўмоў пражывання і росту жывёл і раслін, расказала галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ірына Блізнец.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Чорны бусел
Кароткае апісанне: даўжыня цела да 100 см, маса да 3 кг. Спіна, галава і шыя чорныя, бруха і падхвосце белыя, дзюба і ногі чырвоныя.
Асноўныя абмежавальныя фактары: знішчэнне яек і птушанят шэрымі варонамі, падзенне гнёздаў ад моцнага ветру, нападзенне на вывадкі мядзведзяў і іншых драпежнікаў, асобныя выпадкі высечкі гнездавальных дрэў.
Месцы пражывання: у старых забалочаных лясах з наяўнасцю ручаёў і рэчак, у мяшаных лясах па сухадолу, на мысах і астравах сярод балот, на астравах сярод нізкага забалочанага лесу і высечак, астатнія – у хваёвых барах і на асобных дрэвах сярод высечак і асушаных тарфянікаў.
Асаблівасці біялогіі: прылятае ў пачатку красавіка, гнёзды робіць у разгалінаваннях кроны, размяшчаюцца на вышыні 5-26 м. Кладку (3-5 яек) наседжваюць абедзве птушкі 33-38 сутак. Маладыя пакідаюць гняздо 25-30 ліпеня. Корміцца дробнай рыбай, земнаводнымі і беспазваночнымі, часам паўзунамі і птушкамі.
Баранец звычайны
Кароткае апісанне: шматгадовая вечназялёная лекавая расліна з узыходнымі аблісцелымі сцёбламі вышынёй 10-20 см і кароткім карэнішчам. Сцябло дыхатамічна галінастае. Лісце цвёрдае вузкаланцэтнае суцэльнакрайняе або каля верхавінкі слабазубчастае, прыціснутае або злёгку адагнутае, размешчана спіралямі накшталт чарапіцы. Спарангіі жаўтаватыя, размешчаны па аднаму ў пазухах спарафілаў некалькі ніжэй верхавінкі сцябла.
Асаблівасці біялогіі: спараносіць у ліпені. Размнажэнне споравае і вегетатыўнае. За год адрастае на 2-3 мм.
Месцы росту: яловыя, шыракаліста-яловыя, ясене-чорнаальховыя і чорнаальховыя лясы.
Характар росту: расце асобнымі курцінамі і невялікімі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары: высечка лесу, асушэнне зямель, вытоптванне і бескантрольная нарыхтоўка раслін.
Малы падворлік
Кароткае апісанне:  даўжыня цела да 65 см, маса да 1,8 кг, размах крылаў 134-159 см. Афарбоўка цёмна-бурая. Маладыя птушкі цямнейшыя, з рэдкімі вохрыстымі плямамі на верхнім баку цела і рыжай плямай на патыліцы. Самкі некалькі больш буйныя за самцоў.
Месцы пражывання: вільготныя лісцевыя і мяшаныя лясы паблізу адкрытых забалочаных поймаў і азёр, нізінных і пераходных балот, сырых лугоў.
Асноўныя абмежавальныя фактары: асушэнне нізінных і пераходных балот, выпростванне рэчышчаў, акультурванне поймавых лугоў, меліярацыя лясоў. Драпежніцкая актыўнасць куніцы. Браканьерскі адстрэл.
Асаблівасці біялогіі: у месцы гнездавання прылятае ў другой палове сакавіка – першай палове красавіка. Гнёзды будуе сам або займае старыя гнёзды канюка, цецяроўніка, чорнага бусла. Кладка ў апошнія дні красавіка – пачатку мая, як правіла, з 2 яек. Наседжванне доўжыцца каля 43 сутак. Птушаняты вылупліваюцца ў апошнія дні мая-чэрвені. Пры наяўнасці ў гняздзе 2 птушанят адно з іх гіне на 3-4 дзень жыцця. Аснову корму складаюць земнаводныя і дробныя грызуны. Адлёт да канца верасня.
Пустапялёснік зялёны
Кароткае апісанне: шматгадовая травяністая меданосная расліна з пальчатараздзельнымі, падоўжнымі, на канцах шылападобна падоўжанымі клубнямі і прамым або злёгку сагнутым сцяблом вышынёй 15-35 см, укрытым пры аснове бураватымі похвамі. Лісце эліптычна-яйкападобнае або эліптычна-ланцэтнае, даўжынёй 3-10 см. Прыкветнікі лінейна-ланцэтныя. Кветкі жаўтавата-зялёныя (радзей чырванавата-карычневыя), сабраны ў коласападобнае суквецце даўжынёй 10-15 см. Лісцікі калякветніка сабраны накшталт шлема. Губа даўжэйшая за лісцікі калякветнікаў, на канцы зубчастая, адваротнаклінападобная, з кароткім мешкападобным шпорцам. Завязь сядзячая, скручаная. Плод – сухая каробачка.
Асаблівасці біялогіі: цвіце ў чэрвені-ліпені, пладаносіць у ліпені-жніўні.
Размнажэнне ў асноўным насеннае, зрэдку вегетатыўнае.
Месцы росту: сырыя нізінныя і ўвільготненыя сухадольныя лугі, поймы невялікіх рэк і ручаёў, крыніцы і выпаты на схілах, тальвегі яроў.
Характар росту: расце асобнымі экземплярамі і невялікімі, радзей значнымі групамі.
Асноўныя абмежавальныя фактары: гаспадарчая трансфармацыя зямель, водапаніжэнне, перавыпас жывёлы, празмерныя рэкрэацыйныя нагрузкі.
Надрукавана ў №5 ад 20.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *