Зимовка на фермах Шумилинского района проходит нормально

Сельское хозяйство Экономика

Зімы яшчэ не адчулі
У канцы мінулага тыдня карэспандэнт раённай газеты пабывала на некаторых фермах раёна і пацікавілася, як праходзіць зімоўка жывёлы.
Прызнацца, пасля наведвання фермы Мосарава КУСГП “Сіроцінскі” засталіся прыемныя ўражанні: чыста, прыбрана, утульна. У кармушках ляжаў сянаж, ветурачы рабілі каровам чарговыя прафілактычныя прышчэпкі.
“Ферма Мосарава самая шматлікая – тут больш за чатырыста кароў, – расказала галоўны заатэхнік гаспадаркі Марына Панкраценка. – Ферма цёплая, тут новыя вокны. Што датычыцца іншых памяшканняў, то прыйшлося пастарацца, каб уцяпліць іх да зімы: вароты абклалі саломай, вокны абабілі плёнкай. Але зімы мы яшчэ і не адчулі. Чакалі ў студзені вялікіх маразоў, а на самой справе ішоў дождж і мокры снег. Але гэта на руку жывёлаводам: не трэба разаграваць ваду ў паілках і трубах”.
На фермах Мосарава і Сіроціна зараз ідуць масавыя ацёлы, таму і надоі невялікія – 5,5 літра на карову. Негатыўна сказалася і тое, што тут доўга не было ветурача. І многія каровы проста не былі своечасова вылечаны, таму і надоі, як кажуць, казіныя. Галоўны ветурач Мікалай Панкраценка, які працуе ў гаспадарцы з  канца мінулага года, кажа, што галоўнае ў жывёлагадоўлі – гэта ўзнаўленне статку. Над гэтым зараз і працуюць.
Па словах спецыялістаў, кармоў у “Сіроцінскім” хопіць да пашавага перыяду. Больш таго, нядаўна ў Бабруйску закупілі 20 тон камбікорму –  там  дзешавей, чым на Полацкім ці Віцебскім КХП.
Больш важкімі надоямі пахваліліся на ферме Амбросавічы  ААТ “Прыазёрны мір”, дзе мы пабывалі ў мінулую пятніцу падчас дня жывёлавода. Дзесяць літраў на карову – гэта адзін з лепшых паказчыкаў (надоі па раёне складаюць 6,2 літра). “А калі палічыць малако толькі на дойных кароў, то выходзіць больш за 11 літраў на кожную, – расказала загадчыца фермы Кацярына Касцюкова. – На комплексе добрыя ўмовы працы, сучаснае абсталяванне. Але галоўнае – калектыў падабраўся працавіты, малады. Людзі імкнуцца працаваць добра, бо разумеюць, што ад прадукцыі залежыць і зарплата”.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №5 ад 20.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *