«Юбилейный экспресс-2015» — в честь юбиляров Шумилинской районной организации Белорусского общества инвалидов

Общество

“Юбілейны экспрэс-2015”
На мінулым тыдні члены раённага таварыства інвалідаў сабраліся на мерапрыемства, прысвечанае юбілярам. На свята (на яго прыйшлі больш за паўсотню чалавек) завітаў старшыня праўлення Віцебскай абласной грамадскай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў М. Я. Каралюн.
Вечар сустрэчы юбіляраў быў праведзены ў цікавай форме. Дарогу жыцця ўвасабляў цягнік, у якім ехалі ўсе прысутныя. “Юбілейны экспрэс-2015” імчаўся згодна з раскладам, з усімі прыпынкамі. Ніхто не парушаў правілаў, якія ўстанавіла начальнік цягніка (яна ж старшыня раённай арганізацыі інвалідаў) Л. М. Нагібава. “Прапаноўваю пакінуць дрэнны настрой, раўнадушша і эгаізм, а ўзяць з сабой толькі аптымізм, дабрыню, разуменне і ўсмешкі”, – параіла прысутным Любоў Мікалаеўна.
Наша жыццё сапраўды падобнае на дальнюю паездку. Мы прыпыняемся, знаёмімся з новымі людзьмі, адкрываем для сябе многа цікавага. Разам з тым ёсць час падумаць над сваімі ўчынкамі і над сэнсам жыцця. Напэўна, у 25 гадоў (менавіта столькі споўнілася самаму маладому юбіляру) над гэтым і не вельмі хочацца задумвацца, а вось у 85 (такую дату адзначыў сталы юбіляр) асэнсоўваеш жыццё зусім іншымі вачыма. Самай вялікай камандай былі 75-гадовыя юбіляры (на здымку). Яны спявалі і жартавалі, весяліліся ад душы. Кожнаму былі ўручаны памятныя падарункі, а іерэй Вадзім Яско падарыў усім  “Евангельскія запаведзі”.
На мерапрыемстве было добра і гасцям, і самадзейным артыстам. У вясёлым тэмпе правяла вечарыну старшыня раённай арганізацыі “Беларускага саюза жанчын” ( намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама) В. Г. Навіцкая. Добрую канцэртную праграму  падрыхтавалі работнікі аўтаклуба раённага Цэнтра культуры і Кардонскага сельскага клуба. Не засталіся ўбаку і самі госці. Яны прыйшлі на свята з байкамі, вершамі, жыццёвымі гісторыямі і песнямі. А вось жыхар в. Лялюгі В. В. Алейнікаў спецыяльна для юбіляраў прымеркаваў песню “Прыязджай, сынок”, словы  да якой напісаў сам.
Падчас свята кожны з прысутных мог  падзяліцца сваімі радасцямі і праблемамі, адчуць сябе патрэбным. Не сакрэт, што менавіта пажылым людзям часта не хапае ўзаемін. А мастацкая самадзейнасць – спосаб самавыяўлення, магчымасць рэалізаваць свае здольнасці праз творчасць.
Старшыня Светласельскага сельвыканкама В. В. Шчарбакоў павіншаваў сваіх землякоў, расказаў пра пенсіянераў свайго сельсавета і пра клопат дзяржавы пра пажылых людзей.
У сваім выступленні М. Я. Каралюн адзначыў, што Шумілінскае таварыства інвалідаў – лепшае ў вобласці. Тут сабраліся аднадумцы, моцныя духам людзі, якія разам вартыя на многія добрыя справы. Міхаіл Ягоравіч уручыў Л. М. Нагібавай падзячны ліст за работу, а ўсяму раённаму таварыству падарыў камп’ютар. Думаецца, з такім  падарункам будзе спрытней працаваць.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №7 ад 27.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *