Шумилинские старшеклассники выбирают профессию

Актуалии Молодёжь

Выпускнікі выбіраюць прафесію
Літаральна некалькі месяцаў засталося на абдумванне і выбар будучай прафесіі ў нашых сёлетніх выпускнікоў школ. Некаторыя ўжо вызначыліся, куды будуць паступаць, і зараз актыўна рыхтуюцца да здачы неабходных тэстаў. Многія яшчэ, як кажуць, у пошуках.
Успомніце сябе ў выпускных класах. Ці многія ведалі, кім яны жадаюць быць у будучым дарослым жыцці, у якой сферы  бачаць сябе? Добра, калі побач былі дарослыя, якія маглі даць слушную параду, зарыентаваць у вялікім свеце прафесій. Яшчэ лепш, калі ўлічвалі здольнасці, схільнасці, талент, магчымасці. І юнак ці дзяўчына паступалі і вучыліся ахвотна і зацікаўлена. І станавіліся высокакласнымі спецыялістамі.
А колькі такіх, хто закончыў навучальную ўстанову па адной спецыяльнасці, ні дня не працаваў па абранай прафесіі, а знайшоў сябе абсалютна на іншай ніве і адчувае сябе шчаслівым чалавекам. Сённяшні рынак працы дэманструе, што найперш запатрабаваныя ў грамадстве менавіта людзі з прафесійнай адукацыяй. Спецыяльнасць у чалавека павінна быць. Яшчэ лепш, калі іх некалькі. Прычым няважна, з якой: вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай. Шансы на дастойныя ўмовы працы і аплаты ў такім выпадку будуць заўжды. І сённяшнія выпускнікі павінны ведаць і разумець гэта.
Менавіта каб дапамагчы выпускнікам зарыентавацца ў прафесійным свеце, падказаць ім, якія спецыяльнасці і прафесіі запатрабаваны на Шуміліншчыне,  на раённым узроўні распрацаваны план па прафарыентацыйнай рабоце, узгоднены з усімі навучальнымі ўстановамі. Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама арганізуе сустрэчы выпускнікоў з кіраўнікамі, спецыялістамі па кадрах арганізацый і прадпрыемстваў раёна.
У панядзелак адбылася сустрэча выпускнікоў 9-х і 11-х класаў СШ №1 і 9-11 класаў СШ №2 з прадстаўнікамі многіх арганізацый і прадпрыемстваў раёна ў Шумілінскай СШ №1. Пра сітуацыю з кадрамі ў педагагічнай галіне расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама В. В. Мянькова, у медыцыне – галоўны ўрач ЦРБ К. Ф. Баканаў,  санітарнай службе – галоўны санітарны ўрач С. А. Конышаў. Выступілі перад вучнямі першы сакратар РК ГА БРСМ А. Ю. Хмарын, ваенны камісар раёна А. Г. Чарняўскі, а таксама прадстаўнікі з прадпрыемства меліярацыйных сістэм, аддзела па надзвычайных сітуацыях, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, райаграсэрвісу, ПМК-70, бібліятэчнай сістэмы, райспажыўтаварыства, рэдакцыі.
Інфармацыі для абдумвання выпускнікам паступіла шмат. Хацелася б верыць, што для некаторых гэта стане штуршком для прыняцця рашэння “кім быць і куды паступаць”.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў №8 ад 30.01.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *