В Лесковичах стартовал «Снежный снайпер»

Актуалии Спорт, туризм

“Снежны снайпер”: У запале спаборніцтваў
У пятніцу ў Лескавічах прайшлі раённыя спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай зброі і біятлоне “Снежны снайпер”.  За перамогу змагаліся амаль 50 спартсменаў  у дзвюх узроставых групах.
На ўрачыстым адкрыцці спаборніцтваў намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама А. У. Мазанкоў адзначыў, што біятлон на Шуміліншчыне мае слаўныя традыцыі. “На юніёрскім чэмпіянаце свету, які пройдзе ў гэтым месяцы ў Раўбічах, за зборную Беларусі будзе выступаць і наша зямлячка Ганна Сола,” – падкрэсліў Андрэй Уладзіміравіч.   Пачаліся спаборніцтвы са стральбы з пнеўматычнай зброі. Юныя спартсмены добра падрыхтаваліся да стартаў, пра гэта сведчаць і паказаныя вынікі. Няшмат было такіх, якія з пяці выстралаў “выбілі” менш чым дзесяць ачкоў. А вось  Антон Козыраў  з Навікоўскай школы паказаў “грайсмайстарскі” вынік: пяццю кулямі “ўзяў” 48 ачкоў.
Другі этап – лыжныя гонкі. Было бачна, што дзеці засумавалі па лыжах, перад стартам  у сваё задавальненне гойдаліся. Сёлета не так усё добра з лыжнай падрыхтоўкай: большасць вучняў толькі тыдні два як сталі на лыжы.  Таму і дыстанцыя выдалася для юных спартсменаў цяжкай, хаця тыя і стараліся як маглі.
Па выніках этапаў у малодшай узроставай групе перамаглі  Мікіта Кажамякін і Наталля Калеснікава (абодва са Слабадской школы), у старэйшай –  Валерый Махноў (Язвінская школа) і Наталля Макарэвіч (раённая гімназія). У камандным заліку сярод гарадскіх школ перамагла Обальская СШ (настаўнікі фізкультуры П. В. Ганушчанка і Л. А. Шэшко), сярод сельскіх школ прызавая тройка наступная: першае месца – раённая гімназія (С. П. Вашадок), другое – Слабадская д/с — СШ (У. А. Кучко), трэцяе – Мікіціхінская СШ (А. Я. Асташонак).  Сярод базавых школ лепшы вынік у Язвінскай школы (А. У. Караленка).
Сфарміравана зборная нашага раёна для ўдзелу ў абласных спаборніцтвах.
Аляксандр ШЭДЗЬКО.
Надрукавана ў №11 ад 10.02.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *