Шумилинцы на областной лыжне и бегали быстро, и частушки пели лучше всех

Актуалии Культура Спорт, туризм

Спорт і народныя традыцыі
Прыгожае, шырокамаштабнае спартыўна-мастацкае свята “Віцебская лыжня-2015” і абласная Масленіца з раніцы 21 лютага развярнуліся ва ўрочышчы Вераб’ёвы горы, што ў Гарадку. З усіх куткоў Віцебшчыны сюды з’ехаліся прыхільнікі здаровага ладу жыцця, самадзейныя артысты і рамеснікі, што захоўваюць традыцыйную культурную спадчыну свайго рэгіёна.
Праграма спартыўнага свята была
надзвычай насычанай: лыжныя забегі, спаборніцтвы па міні-футболе, перацягванні каната, армрэслінгу, гіравому спорту, дартсу, шашках і шахматах, купанні ў палонцы і наведванне імправізаванай лазні. Усеагульную ўвагу прыцягнула выступленне дэсантнікаў 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады сіл спецыяльнага прызначэння.
Найбольшую цікаўнасць выклікалі пяць змешаных эстафетных лыжных забегаў 4х600, у якіх узялі ўдзел 45 каманд. У іх склад увайшлі супрацоўнікі Віцебскага аблвыканкама (дарэчы, за каманду выступаў яго старшыня Мікалай Шарстнёў), кіраўнікі многіх раённых выканаўчых камітэтаў і Саветаў дэпутатаў, абласных камітэтаў і ўпраўленняў, сілавых структур. Каманду Шумілінскага райвыканкама ўзначальваў намеснік старшыні А. М. Зайцаў.
Спартыўная перамога аказалася па плячы прадстаўніцы нашага раёна Вользе Гаўрылкінай (на здымку). У індывідуальнай гонцы вольным ходам на 1 км сярод дзяўчат-школьніц яна стала лепшай.
Годна прагучала імя кіраўніка народнага хору “Світанак” Шумілінскага РЦК Ларысы Дземідовіч (на здымку), якая заняла першае месца ў конкурсе прыпевачніц. Артыстызмам, выбітным голасам і весялосцю прыпевак яна пераўзыйшла два дзясяткі саперніц.
За актыўны ўдзел у абласным свяце “Масленічны разгуляй” у межах абласнога агляду-конкурсу гісторыка-культурнай спадчыны, фальклору і рэдкіх традыцыйных рамёстваў “Букет Паазер’я” дыпломам узнагароджаны народны фальклорны калектыў “Гульбічы” Шумілінскага РЦК (кіраўнік Л. Цыркунова), Обальскі ГДК  (дырэктар В. Сіценка), Дом рамёстваў (дырэктар А. Сяргеева). Асобны дыплом гэта ўстанова атрымала за выраб і прэзентацыю масленічнай лялькі. Народны клуб аматараў беларускай нацыянальнай кухні “Разынка” Дома рамёстваў (кіраўнік Н. Сцержанкова) стаў лаўрэатам 1 ступені за найлепшую прэзентацыю традыцыйных страў.
Тэкст і фота Святланы ЯКАЎЛЕВАЙ.
Надрукавана ў №16 ад 27.02.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *