Родительское собрание в Обольской СШ собрало полный зал

Безопасность Образование

Пра ДТЗ, наркотыкі і ненадзейны лёд
Нячаста ўбачыш такі мнагалюдны бацькоўскі сход – у актавай зале Обальскай школы сабралася больш за шэсцьдзесят чалавек. Гэта значыць, бацькі нераўнадушныя да тых пытанняў бяспекі, якія агучылі ў сваіх выступленнях старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС  А. М. Селязнёва і спецыяліст групы прапаганды і абучэння РАНС Л. А. Лінкевіч.
Алена Мікалаеўна расказала, што зараз на тэрыторыі Віцебскай вобласці праводзіцца комплекс дадатковых мерапрыемстваў па прафілактыцы дарожна-транспартнага траўматызму сярод пешаходаў. І выклікана такая акцыя тым, што павялічылася колькасць ДТЗ. І прычыны тут самыя розныя: няўважлівасць вадзіцеляў і пешаходаў, перавышэнне хуткасці, невыкарыстанне святловяртальных элементаў. А. М. Селязнёва заклікала бацькоў захоўваць Правілы дарожнага руху і быць прыкладам для сваіх дзяцей.
Алена Мікалаеўна расказала, што на тэрыторыі раёна пражывае 3529 падлеткаў, 138 з іх (з 72 сем’яў) знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У 14 бацькоў дзеці ўвогуле адабраны. На такія крайнія меры пайшлі ў асноўным з-за таго, што дарослыя злоўжываюць спіртным. Вось і нядаўна вымушаны былі адабраць чатырох дзяцей з дзвюх біялагічных сем’яў.
Злабадзённай праблемай застаюцца злачынствы ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў. “Летась у Віцебскай вобласці было выяўлена 35 такіх злачынстваў, прычым большая палова іх тычылася курыцельных сумесяў, – кажа Алена Мікалаеўна. – Самае страшнае, што ў злачынную дзейнасць былі ўцягнуты 26 падлеткаў. У некаторых выпадках дзяцей агітуюць да незаконных дзеянняў праз сацыяльную групу “УКантакце”. Таму не перашкодзіць пацікавіцца, з кім перапісваюцца вашы дзеці, якія фотаздымкі змешчаны на іхніх старонках”. А. М. Селязнёва нагадала бацькам пра Дэкрэт № 6, згодна з якім крымінальная адказнасць за наркотыкі наступае з 14 гадоў.
Л. А. Лінкевіч расказала пра прафілактычную акцыю “Бяспека ў кожны дом”, якая прайшла ў раёне. Нагадала бацькам, што большая палова пажараў летась адбылася з-за курэння у нецвярозым стане.
У гэтым годзе на тэрыторыі раёна зарэгістравана 5 пажараў. Ларыса Анатольеўна заклікала бацькоў і іх дзяцей быць асцярожнымі і не хадзіць па лёдзе на рэчках і азёрах, бо ён зараз вельмі ненадзейны: на мінулым тыдні ў Гомельскай і Брэсцкай абласцях пад лёд праваліліся хлопчыкі, выратаваць іх не ўдалося.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №19 ад 10.03.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *