Фінальныя акорды рэспубліканскай акцыі «У цэнтры ўвагі – дзеці» прагучалі ў гарадскім парку Шуміліна

Безопасность Общество

Свята бяспекі

Фінальныя акорды рэспубліканскай акцыі «У цэнтры ўвагі – дзеці» прагучалі ў гарадскім парку Шуміліна.

У мерапрыемстве галоўны акцэнт быў зроблены на бяспеку і бяспечныя паводзіны дзяцей. Набыць ці паўтарыць веды завіталі вучні 4-х і 7-х класаў СШ №1 і 3-х класаў СШ №2 разам з класнымі кіраўнікамі.
Адкрываючы свята, намеснік старшыні райвыканкама Ірына Шалахава падзякавала за актыўнасць, нагадала, наколькі важна ўсім нам валодаць ведамі і ўменнямі, якія дапамогуць у жыцці падчас самых нечаканых надзвычайных сітуацый.
Хто ў нас адказвае за бяспечнае жыццё, хто прыходзіць у самыя цяжкія і складаныя сітуацыі на дапамогу? Службы, важныя і неабходныя: райаддзел па надзвычайных сітуацыях, хуткая дапамога, дзяржаўтаінспекцыя і аддзел унутраных спраў, газавая служба. На пляцоўцы гарадскога парка была прадстаўлена іх тэхніка і арганізаваны для дзяцей цікавыя і карысныя інтэрактыўныя навучальныя пляцоўкі.

Так, выратавальнікі запрасілі на пляцоўкі «5 крокаў ратавання», «Экзамен па бяспецы», «Правядзі час з карысцю» і інш. Кожны жадаючы мог вывучыць аварыйна-ратавальную тэхніку і абсталяванне, прымерыць касцюмы, сесці за руль пажарнай машыны, зрабіць фота на памяць.
Чым укамлектавана машына хуткай дапамогі, што такое мяшок Амбу, як выглядаюць шыны і супрацьчумны касцюм, паказвала старшы фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі ЦРБ Аліна Шайкіна.

Работнікі газавай службы знаёмілі з камплектацыяй машыны аварыйнай газавай службы. Дзеці з задавальненнем прымяралі маскі, каскі, дыэлектрычныя боты, выказвалі жаданне патрымаць у руках паветрадуўку.
Шмат цікаўных сабралася і каля машыны ДАІ: многія хлопцы, ды і дзяўчаты, скарысталі момант апрануць поўную экіпіроўку супрацоўніка ДАІ, а таксама даведацца пра выкарыстанне святлогукавых сігналаў.
Адным словам, мерапрыемства прынесла дзецям шмат карыснай інфармацыі і пазітыўнага настрою. Многія атрымалі памяткі і буклеты прафілактычнай накіраванасці, каб паўтарыць веды дома. І жыць бяспечна.
Алена КАРПУШЭНКА.
Апублікавана ў №72 ад 15.09.2020 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *