У Асаевичей из агрогородка Никитиха свои курочки, утки и даже корова

Сельское хозяйство Экономика

“Год  угаворвала  мужа  купіць  карову”
Анжэла Анатольеўна Асаевіч з аграгарадка Мікіціха  – адна з лепшых малаказдатчыкаў на тэрыторыі ААТ “Лаўжанскае”: за мінулы год здала каля пяці тон малака.
Сама мясцовая (родам з Кардона), Анжэла Анатольеўна з дзяцінства прывыкла да вясковай працы.  І мужа пераманіла на Шуміліншчыну, дакладней, у Мікіціху. ААТ “Лаўжанскае” восем гадоў таму выдзеліла сям’і Асаевічаў дом сядзібнага тыпу. Жанчына ўладкавалася загадчыцай нафтабазы і загадчыцай склада.
Практычна адразу сям’я абзавялася гаспадаркай. Купілі парасят і курэй. Затым узяліся за развядзенне качак. “Гэта даволі выгадная справа, – кажа Анжэла Анатольеўна. – Парася трэба карміць цэлы год, а качка вырастае за тры месяцы. Вось нядаўна мы набылі сорак качак у Бешанковіцкім раёне. Кожная з іх вырасце да трох кілаграмаў. Гэта, лічыце, больш за сто кілаграмаў мяса. Так што сорак качак  амаль замяняюць гадавалае парася”. Менавіта таму ўсім сваім знаёмым Асаевічы рэкамендуюць разводзіць качак, ну, ці хаця б курэй-бройлераў.
Яшчэ пазней Асаевічы завялі карову. “Праўда, муж спачатку не згаджаўся, маўляў, работы многа ля жывёлы, – усміхаецца Анжэла Анатольеўна. – Год угаворвала яго, прыводзіла важкія аргументы, пераконвала, колькі грошай можна мець кожны месяц ад здадзенага малака, а колькі зэканоміць на масле і смятане.  Перамога была на маім баку. На карову згадзіўся не толькі муж, але і двое сыноў”. Цяпер мужчыны ведаюць, чым адрозніваюцца дамашнія смятана і тварог ад магазінных. А на старажытнай ручной маслабойцы Асаевічы робяць і сметанковае масла.
Падаіць і дагледзець карову для Анжэлы Анатольеўны справа прывычная. Самае складанае, на яе думку, – нарыхтаваць сена. Сама дзень на рабоце, гаспадар таксама (працуе вадзіцелем у санстанцыі) . Але на дапамогу прыйшла гаспадарка – з ААТ “Лаўжанскае” выдзелілі тры тоны сена на зіму для каровы. І цяпер выдзяляюць кожны год. А гэта добрая палёгка для гаспадароў.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №29 ад 14.04.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *