Олимпийские надежды Шумилинщины: Артём Сочивко

Молодёжь Образование Спорт, туризм

Без паражэнняў не бывае перамог
Абальчанін Арцём Сачыўка (на здымку) упэўнена заявіў пра сябе ў спартыўным асяроддзі не толькі Віцебшчыны, а і рэспублікі. Гэты хударлявы васьмікласнік нарабіў сваімі выступленнямі нямала шуму: на барцоўскім дыване ў яго бліскучыя перамогі на рэспубліканскіх і міжнародных турнірах па грэка-рымскай барацьбе. Толькі за мінулы год на рахунку Арцёма прызавыя месцы на прадстаўнічых міжнародных (у Мазыры другое месца, у Маладзечне – трэцяе) і рэспубліканскім (у Бабруйску – трэцяе) турнірах. У свае 13 год ён у складзе зборнай вобласці, абараняе гонар Віцебшчыны на рэспубліканскіх спаборніцтвах.
Арцём Сачыўка займаецца грэка-рымскай барацьбой пяты год. На заняткі ў секцыю трэцякласніка паклікаў трэнер Пётр Ганушчанка. “Заўважыў таленавітасць хлопчыка, яго ўпартасць, імкненне абавязкова дасягаць запланаванага,” — расказвае трэнер. Арцёма адразу захапіла барацьба.
Вырашальным у спартыўнай кар’еры Арцёма Сачыўкі стаў першы турнір. Пётр Ганушчанка выставіў яго на обальскі турнір (праз два месяцы трэніровак!). Арцём у першай сустрэчы прайграў. «Гэта быў той момант, калі вырашаецца далейшае жыццё ў спорце, — адзначае трэнер, — або зламаешся і развітаешся з барацьбой, альбо ўпарта будзеш трэніравацца, каб дасягнуць вынікаў. Арцём знайшоў сілы працягваць барацьбу».
Дзень за днём, трэніроўка за трэніроўкай, Арцём ловіць кожнае слова, кожную параду трэнера і штодзень упарта трэніруецца. Для яго няма дробязей, хлопчык не з тых, хто паўтарае ўласныя памылкі. І вось наступны старт. Цяжка перадаць, што тварылася на той момант у душы юнага спартсмена. Падтрымка і вера трэнера памаглі Арцёму выйсці на дыван і перамагчы спачатку ў першым паядынку, затым у другім…
Як адзначаюць спецыялісты, Арцём Сачыўка – спартсмен, які думае на барцоўскім дыване. Для яго галоўнае ўтрымацца, выстаяць першыя трыццаць секунд паядынку. Гэтага часу дастаткова, каб зразумець саперніка і знайсці свае контраргументы. Такая манера барацьбы – вынік мнагалетніх трэніровак і паражэнняў, на якіх вучыўся спартсмен і без якіх, на думку Арцёма Сачыўкі, не бывае перамог.
“У Арцёма выдатныя шансы знайсці сябе ў прафесійным спорце, — упэўнены Пётр Ганушчанка. – Безумоўна, у яго ёсць талент, які ён шліфуе на трэніроўках і турнірах”. Верыць трэнер у свайго выхаванца, што той можа трапіць у склад нацыянальнай зборнай Беларусі, што будуць у яго перамогі на чэмпіянатах свету і Алімпійскіх гульнях.
Сам Арцём так далёка пакуль што не загадвае. “Сёлета хочацца выйграць першынство Беларусі – гэта асноўная мая задача, — дзеліцца планамі обальскі барэц. – А потым пабачым…”
Надрукавана ў №7 ад 28.01.2011 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *