Медклас, электронная школа, новыя стандарты
1 верасня. Па ўсёй краіне гучаць першыя званкі, безліч кветак, усмешкі першакласнікаў і хваляванне бацькоў. Шуміліншчына не выключэнне – ва ўстановы адукацыі пайшлі сёння 2050 дзяцей. Як раён сустракае новы навучальны год? Што чакае школьнікаў і настаўнікаў? Пра гэта – наша размова з начальнікам аддзела па адукацыі райвыканкама Аксанай ТАЛСТОЙ.
?Аксана Генадзьеўна, сёння 1 верасня. З якімі эмоцыямі вы сустракаеце свята?
– Гэта заўсёды хвалюючы і светлы дзень. Калі бачыш першакласнікаў з букетамі, іх трохі спалоханыя, але шчаслівыя вочы, разумееш, што мы робім нешта вельмі важнае. Сёння ў 16 установах адукацыі пачаўся новы навучальны год. 1604 вучні пайшлі ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі і 446 – ва ўстановы дашкольнай адукацыі. Пасля аптымізацыі спыніў работу Светласельскі дзіцячы сад.
?Якія задачы пастаўлены на гэты год?
– Перш за ўсё – якасць. Сёлетнія вынікі ЦЭ нас падбадзёрылі: сярэдні бал 64,71 і 10-е месца ў вобласці – добра, але не мяжа. Двое выпускнікоў сталі 100-бальнікамі. Глеб Лаўрыненка па матэматыцы (настаўнік Паліна Кавалева) і Ганна Аглушэвіч па рускай мове (настаўнік Вольга Бяляева) паказалі выдатны вынік. Атрымалі дыпломы першай ступені на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды, дасягнулі высокіх вынікаў на рэспубліканскім узроўні ў даследчай дзейнасці, актыўна супрацоўнічалі з Нацыянальнай акадэміяй навук, наладзілі міжнароднае супрацоўніцтва ў адукацыйным працэсе.
?Як вы ацэньваеце паступленне выпускнікоў у ВНУ?
– Гэта адзін з паказчыкаў, над якім мы таксама працуем. У 2026 годзе 87,2% выпускнікоў сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў – гэта значны рост у параўнанні з 69,3% у 2025 і 67,1% у 2024. Лепшыя вынікі ў Кардонскай і Мікіціхінскай школ – 100%-ае паступленне. Але ёсць школы, дзе працэнт паступлення менш за 50%. Мы перагледзелі падыходы педкалектываў да прафарыентацыйнай работы і падрыхтоўкі да экзаменаў.
?Галоўная навіна сезона – адкрыццё медыцынскага класа. Раскажыце пра гэта падрабязней.
– Мы ўпершыню адкрываем групу медыцынскай накіраванасці. Ва ўзаемадзеянні з Галоўным упраўленнем па ахове здароўя аблвыканкама, Шумілінскай ЦРБ матывавалі вучняў на выбар гэтага профілю, прапрацаваны вучэбны план. Мы разумеем, што раёну патрэбны свае медыцынскія кадры, і рыхтаваць іх трэба са школы. Дагэтуль у нас паспяхова працавалі педагагічныя класы, якія паказалі высокую эфектыўнасць: у СШ № 1 паступленне на педспецыяльнасці склала 100%, у Обальскай – 60%.
?Як гэта звязана з ростам мэтавага набору?
– Напрамую. У 2026 годзе мы выдалі 49 мэтавых накіраванняў на розныя спецыяльнасці (у 2025 было 42). 16 чалавек паступілі на педагагічныя спецыяльнасці па мэтавых дагаворах, прычым чацвёра – з іншых раёнаў вобласці. Гэта паказвае, што нашы праграмы цікавыя не толькі мясцовым выпускнікам. Спадзяемся: медклас таксама прыцягне матываваных вучняў, якія потым вернуцца працаваць у раён.
?Кадравае пытанне застаецца вострым. Як вырашаеце праблему?
– Укамплектаванасць педагогамі – 100%, але нас турбуе старэнне калектываў: амаль кожны чацвёрты настаўнік – пенсіянер. Таму мы робім стаўку на прыцягненне моладзі. Па выніках гэтага года ў нас 100% замацаванне маладых спецыялістаў на першым працоўным месцы – гэта вынік работы настаўнікаў і Школы маладога спецыяліста. Аднак план атэстацыі выкананы толькі на 67,2%. Кіраўнікам устаноў трэба актывізаваць работу з педагогамі, якія маюць права прэтэндаваць на вышэйшую катэгорыю.
?Што робіцца для прыцягнення абітурыентаў у педагагічныя навучальныя ўстановы?
– Мы працуем персанальна з кожнай школай, з кожным вучнем, хто цікавіцца педагогікай. У гэтым годзе 33 вучні паступілі на педагагічныя спецыяльнасці (летась – 24). Цяпер дзейнічае прынцып «накіраваў на навучанне – атрымай спецыяліста». Мы патрабуем ад кожнага дырэктара актыўнага пошуку і суправаджэння абітурыентаў.
?Як справы з матэрыяльна-тэхнічнай базай??Як справы з матэрыяльна-тэхнічнай базай?
– Праведзены капітальны рамонт сістэмы ацяплення ў Обальскай СШ, у бліжэйшы час пачнецца мадэрнізацыя пажарнай сігналізацыі і электрычных сетак у Шумілінскім дзіцячым садзе № 3. Абноўлены спартыўныя пляцоўкі ў Мікіціхінскай і Кардонскай школах за кошт Беларускай федэрацыі футболу і Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Набыты новы школьны аўтобус на 16 месцаў. Ён будзе задзейнічаны ў падвозе 206 дзяцей па 38 маршрутах.
?Што змяняецца ў арганізацыі харчавання?
– З 1 верасня ўдасканалены прынцыпы аднаразовага харчавання: пераходзім на тры ўзроставыя групы, пашыраем выкарыстанне паўфабрыкатаў, уводзім другія сняданкі для першай змены і падвячоркі для другой, раўназначныя па каларыйнасці і кошце.
?Лічбавізацыя – яшчэ адзін новы накірунак. Што чакаецца ў новым навучальным годзе?
– Тры ўстановы – СШ № 1, Обальская СШ і Слабадская БШ – пачынаюць апрабацыю рэспубліканскай сістэмы «Электронная школа». У 6-9 класах уводзіцца абноўленая праграма па інфарматыцы з інтэграцыяй штучнага інтэлекту. Для 10-класнікаў уведзены 10-гадзінны курс па беспілотных лятальных апаратах у рамках дапрызыўнай падрыхтоўкі. Гэта маштабныя змены, якія патрабуюць дысцыпліны і каардынацыі, а таксама дадатковых сродкаў. Мы гатовы да гэтай работы.
?Апошняе пытанне: выхаванне і патрыятызм. Што новага?
– Мы прадоўжым праекты «Роднае#народнае», які стаў брэндам раёна, «Захапляльныя маршруты», які аб’яднаў адукацыйны турызм і краязнаўства. За мінулы год праведзены 62 экскурсіі з ахопам больш за 85% вучняў. Дзеці наведваюць мясцовыя славутасці: гадавальнік лясгаса, валун «Вялікі камень», заказнік «Казьянскі», Храм Успення ў в. Пабеда. Гэта выхоўвае патрыятызм. Нашы юныя экскурсаводы перамагаюць на абласных і рэспубліканскіх конкурсах. У новым годзе будзем больш актыўна ўцягваць бацькоў і грамадскасць у гэту дзейнасць.
!І традыцыйна – вашы пажаданні калегам і вучням.
– Хачу пажадаць усім здароўя, энергіі, сіл для штодзённай якаснай працы на карысць Радзімы, каб рабіць нашу краіну мацнейшай. Кожнаму педагогу і кожнаму вучню – асабістых перамог, вялікіх і маленькіх. Бо менавіта з іх складваецца агульны вынік. Як сказаў Прэзідэнт: «Сёння вельмі важная тактыка. Час канкрэтных спраў». Такім ён будзе і для нас. З пачаткам новага навучальнага года!
– Дзякуй за размову. У добры шлях!
Гутарыў Аляксандр ШЭДЗЬКО.

