Главное сейчас — работа на полях, считает механизатор из КУСХП «Мишневичи» Пётр Семченко

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Гарачых дзён наперадзе нямала
У гэты сонечны дзень над палеткамі ў Заобалі кружылі жаваранкі. Спявалі-заліваліся, не шкадуючы сваіх вясёлых мелодый. Здавалася, што ўсе яны былі адрасаваны механізатарам КУСГП “Мішневічы”, што працавалі непадалёк: аралі, баранавалі, сеялі зерневыя.
“Стаяць сонечныя дні, дык і працаваць весялей, – кажа механізатар Пётр Семчанка (на здымку). – Шчыруем на палетках да позняга, тут жа і сілкуемся: нас забяспечваюць гарачым харчаваннем. У сталоўцы гатуюць усё, што ні папросім. Напрыклад, учора быў боршч, рыс з гуляшом і чай.  Машыну для развозкі абедаў ужо каторы год нам прадастаўляюць нашы шэфы з “Белпошты”.
На сваёй трохмятровай сеялцы Пётр Семчанка засявае за дзень па 16-18 гектараў (норма – 11). Увогуле мужчына працуе ў гаспадарцы многа гадоў, а вось сеялку да свайго трактара сёлета прычапіў упершыню. “Адчуваю ўласную адказнасць за пасяўную ў гаспадарцы, – кажа Пётр. – Са сваім часам не лічуся, падчас пасяўной дома я не гаспадар, бо прыходжу з цёмным. Разумею, што галоўнае зараз – гэта палявыя работы, а ўласныя справы могуць і пачакаць. А ўвогуле мне падабаецца сеяць. Вопытныя механізатары расказалі, што рэальна адсеяцца дзён за дзесяць. Іншая справа, што не ўсе палеткі яшчэ высахлі, на некаторыя нават не ўз’ехаць. Праца на зямлі спрадвеку была адной з самых цяжкіх. Такой застаецца і сёння, нягледзячы на  інтэнсіўныя тэхналогіі. Вельмі хочацца, каб за клопат зямля аддзячыла добрым ураджаем”.
На суседнім полі працаваў сеяльшчык Віктар Пятроў. Ён вопытны механізатар, працаздольны і адказны. І пшаніцу гатунку “рассвет” сее не першы год. Ведае: важна не ўпусціць час.
Да механізатараў на поле пад’язджае дырэктар гаспадаркі М. Г. Цікавенка. Ён правярае глыбіню ўзаранай глебы,  акідвае вокам вопытнага кіраўніка якасць работы дыскатараў і сеялак. “У гэтым годзе перагледзелі структуру пасяўных плошчаў, – кажа Міхаіл Герасімавіч. – Па плану нам даведзена засеяць 1004 гектары зерневых і зернебабовых, 230 га рапсу, 400 – кукурузы. Пасеялі 320 гектараў аўса, 300 гектараў зернебабовых (гаворка вялася ў сярэдзіне мінулага тыдня – аўт.).  Расслабляцца няма калі, гарачых дзён наперадзе нямала”.
Насення зерневых у КУСГП “Мішневічы” хапае ўласнага. Тым не менш, дзеля абнаўлення насення ў “Альгоўскім” сёлета закупілі пяць тон элітнага ячменю. Калі будзе спрыяць надвор’е, то зусім хутка першыя зярняты, кінутыя ў глебу, прарастуць і ўпрыгожаць палеткі маладой зелянінай.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №34 ад 05.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *