В деревне Мокраки на Шумилинщине живет семья Синицких, у которых есть своя ферма из 10 коров

Сельское хозяйство Экономика

А на дойку 10 кароў – усёй сям’ёй
Напэўна, самыя працавітыя людзі жывуць у вёсцы. Магчыма, некаторыя чытачы і не згодзяцца з такім сцвярджэннем. Але ў гэтым журналісты раённай газеты пераконваліся неаднойчы, калі сустракаліся з вяскоўцамі, якія трымаюць вялікую падсобную гаспадарку. Як, напрыклад, Віктар Мікалаевіч і Валянціна Віктараўна Сініцкія з вёскі Макракі Мікалаеўскага сельсавета. Яны трымаюць дзесяць кароў, некалькі свіней, па статку гусей і курэй.

“Калі жывеш у вёсцы, то ўсё трэба ўмець рабіць і  не быць гультаём – тады і дабрабыт будзе“, – упэўнены Віктар Мікалаевіч, які сваімі рукамі пабудаваў хлеўчукі для дамашняй жывёлы. Гаспадар ганарыцца тым, што мае ўласны дрэваапрацоўчы станок і ў любы момант можа пагабляваць дошкі. А яны вельмі патрэбныя ў гаспадарцы: то падлогу адрамантаваць, то парнік новы паставіць. А яшчэ на “тэхнічнай палове” падворку Сініцкіх – маленькі машынны двор: трактар, глебаапрацоўчая тэхніка, касілка, варушылка, граблі. Усе гэтыя прыстасаванні вельмі дапамагаюць гаспадару апрацоўваць агарод і сушыць сена.
Але, калі шчыра, нават цяжка сабе ўявіць, як гэта можна нарыхтаваць сена на дзесяць кароў. “Ды нічога, спраўляемся, – усміхаюцца муж і жонка Сініцкія. – У нас многа памочнікаў: пяцёра дачок, зяці, унукі і прыёмны сын Юрый. Гэта ўдваіх цяжка – а талакой работа спорыцца. Не без гордасці магу сказаць: наша сям’я дружная, у нас усе працавітыя, абібокаў няма”.
Разам Сініцкія спраўляюцца з кармленнем дамашняй жывёлы. І на дойку ідуць усёй сям’ёй: гаспадары, дочкі Наташа і Даша, сын Юрый (астатнія дзеці ўжо дарослыя і разляцеліся з бацькоўскага гнязда).
З сям’ёй Сініцкіх сустрэліся пасля ранішняй дойкі. Гаспадары паклапаціліся, каб палегчыць сабе працу: купілі даільныя апараты, падвялі ваду паіць кароў.
А стомленасці на тварах вяскоўцаў няма. Замест гэтага – агеньчыкі ў вачах, прыгожы дасціпны жарт. Стала зразумела, што гаварыць пра цяжкасці і складанасці гаспадары не настроены. Яны – з кагорты працаголікаў і аптымістаў. “Калі бачыш вынікі сваёй працы – душа радуецца, –  лічаць Сініцкія. – Каб трымаць жывёлу, перш-наперш патрэбна вялікае жаданне, імкненне вучыцца і спасцігаць новае ў вядзенні падсобнай гаспадаркі. Ну, і, вядома, працавітасць – без гэтага ніяк”. А работа на зямлі дае сілы і здароўе, упэўнены Сініцкія.
Пакуль мы размаўлялі, да хаты пад’ехаў малаказборшчык. За два дні (малако зімой і вясной здаюць праз дзень) Сініцкія сабралі 265 літраў. Летам будзе значна больш. “Малочныя” грошы з’яўляюцца важкай падтрымкай для шматдзетнай сям’і. Напрыклад, за іх нядаўна адной з дачок купілі скутар.
“Думаем, многія б на вёсцы маглі трымаць гаспадарку, ну, хаця б невялікую,” – упэўнены Сініцкія. І калі часам нехта дзівіцца з вялікай гаспадаркі, Сініцкія мудра адказваюць: “Усё ў вашых руках”.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №38 ад 22.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *