Пра што гавораць старыя фотаздымкі?

Семья

Пра што гавораць старыя фотаздымкі?
Напэўна, у кожнай сям’і сярод старых фотаздымкаў знойдуцца рэдкія і ўнікальныя, якія нагадаюць пра даўнія падзеі, пра тых людзей, якіх даўно няма ў жывых. Вось і жыхарка райцэнтра Лідзія Уладзіміраўна Журава беражліва захоўвае даўнія фотаздымкі, на якіх яе бацькі – Уладзімір Тарасавіч і Ганна Аляксандраўна Жытчанкі.
“ Я равесніца Перамогі, –  кажа Лідзія Уладзіміраўна. –  Напярэдадні 9 мая часта ўспамінаю сваіх бацькоў.  Яны абодва былі ўдзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. Мама –  медработнікам на Пскоўшчыне, а бацька – партызанам атрада імя Чапаева брыгады Кароткіна.  Ён расказваў, што іх атрадам спачатку камандаваў Ф. С. Шляхтуноў, затым  – Д. М. Ляўковіч. Цяпер дакладна не помню, якія ўзнагароды меў бацька, але медалі былі. З імі любілі гуляць у дзяцінстве трое маіх малодшых братоў. Напэўна, дзесьці згубілі”.
Л. У. Журава расказала, што калі  бацька пайшоў у партызаны, яму было ўсяго 17 гадоў. Уладзімір Тарасавіч часта расказваў пра партызанаў сваім родным: як мініравалі чыгуначныя дарогі, як сядзелі ў засадах, як высочвалі і забівалі паліцаяў, разбуралі і палілі масты. У адной з разведак Уладзіміра Тарасавіча паранілі, адправілі лячыцца на Пскоўшчыну, дзе ён і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Пасля вайны У. Т. Жытчанка некаторы час працаваў старшынёй сельсавета ў в. Дубоцкае Ільінскага раёна Пскоўскай вобласці. А потым сям’я пераехала на Шуміліншчыну, дакладней –  у вёску Прыазёрная.
“Гэты перыяд я добра помню, – кажа Лідзія Уладзіміраўна. – Нас пасялілі ў невялічкай хаце, спачатку там быў усяго адзін ложак, і мне прыходзілася спаць на старым куфры, побач яшчэ прымайстроўваўся мой любімы сабака. Бацька працаваў у магазіне: вазіў туды на кані  з Шуміліна хлеб і іншыя прадукты. Жылі мы бедна, але ніколі не галадалі, бо развялі вялікую гаспадарку: карову, трусоў, курэй. Дамашнюю жывёлу даглядалі і мы, дзеці, бо бацька, інвалід другой групы, пасля ранення часта хварэў і лячыўся ў ваенных шпіталях”.
Л. У. Журава згадала, што ў іхні дом пасля вайны часта прыходзілі былыя партызаны Карпенка, Батакова, Кавалёва, з якімі ваяваў бацька. Яны згадвалі ваенныя гады, успаміналі пра тых, хто не дачакаўся мірнага жыцця.
Дачка партызана расказала пра свайго бацьку як пра чалавека спрытнага і вясёлага, які любіў пажартаваць і пасмяяцца. Уладзімір Тарасавіч быў  заядлым рыбаком і ўвогуле майстрам на ўсе рукі: сам абтынкаваў сцены ў старым доме, замяніў падлогу і дах.
“Бацька памёр, калі яму было ўсяго 48 гадоў, – кажа Лідзія Уладзіміраўна. – Пахаваны ён у в. Прыазёрная. Яшчэ пры жыцці ён прасіў родных не ставіць на ягонай магіле помнік, каб не было цяжка. Так і зрабілі: на крыж толькі прымацавалі шыльду”. І родныя былога партызана прыходзяць сюды не толькі на Тройцу, але і на Дзень Перамогі – ушанаваць светлую памяць роднага чалавека і мужнага абаронцы.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
На здымку: У. Т. Жытчанка разам з жонкай Ганнай Аляксандраўнай, дачкой Лідзіяй і ўнучкай Валяй.
Надрукавана ў №40 ад 26.05.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *