У родителей болит голова: чем занять ребёнка летом?

Актуалии Семья

Чым заняць дзяцей летам?
З 1 мая па 1 верасня праходзіць міжведамасная рэспубліканская акцыя “Клопат”. Праграма акцыі накіравана на летнюю занятасць дзяцей, на прафілактыку безнагляднасці, дзіцячага траўматызму і правапарушэнняў.
“Мерапрыемствы праграмы “Клопат” зацверджаны камісіяй на справах непаўналетніх райвыканкама, – расказала старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС А. М. Селязнёва. – Усяго летам у школах раёна будуць працаваць 19 аздараўленчых лагераў дзённага прабывання.  Мы пракантралявалі, каб дзеці, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі (такіх усяго 26), былі летам заняты. Яны знаходзяцца ў аздараўленчых лагерах ці валанцёрскіх, некаторыя працаўладкаваліся ў сваіх школах. Больш таго, за кожным непаўналетнім замацаваны адказны з ліку кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый раёна. За кожным аздараўленчым лагерам замацаваны супрацоўнік РАУС, які праводзіць там прафілактычныя мерапрыемствы на тэму бяспекі на вадзе, пра шкоду алкаголю, курэння і ўжывання наркатычных сродкаў. Акрамя таго, у гэтым годзе міліцыянеры ўзялі шэфства над лагерамі дзённага прабывання ў Слабадской школе і Мішневіцкай. Мяркуем праводзіць тут розныя мерапрыемствы спартыўнага і прафілактычнага накірункаў”.
За праграму “Клопат” у адказе не толькі педагогі і міліцыянеры, але і пажарныя, работнікі культуры, райбальніцы, БРСМ, спецыялісты іншых устаноў.
Мы пацікавіліся ў галоўнага спецыяліста ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Л. Г. Сямагінай , куды ў гэтым годзе могуць працаўладкавацца дзеці.  “Па праграме другаснай занятасці і згодна з праграмай “Клопат” у маі ў школах раёна было выдзелена 51 працоўнае месца, у чэрвені было працаўладкавана яшчэ 9 чалавек, – расказала  Людміла Генадзьеўна. – На гэтыя мэты з абласнога бюджэту было выдзелена 150 мільёнаў рублёў.  Дзеці працаўладкаваны ў Мішневіцкай, Мікіціхінскай, Башнёўскай, Слабадской і Обальскай школах. Падлеткі займаюцца навядзеннем парадку на прышкольнай тэрыторыі, рамонтам мэблі, шыццём пасцельнай бялізны і штор”. Вельмі шкада, што з гэтага спісу выпалі самыя вялікія школы раёна: СШ № 1 і СШ № 2.
Каб дзеці з карысцю бавілі свой час, спецыялісты цэнтра дзяцей і моладзі прапануюць наведваць заняткі па інтарэсах: тут можна навучыцца вязаць, маляваць, рабіць аплікацыі, шыць мяккія цацкі, рабіць падзелкі з дрэва. Працуюць гурткі ў Доме рамёстваў, а таксама раённым цэнтры культуры.  Дзіцячая спартыўная школа прапануе на лета секцыі, а таксама ў першую і трэцюю змены тут будуць працаваць спартыўныя лагеры.
Усе ўстановы культуры раёна падрыхтаваліся да летніх канікулаў, адзначыла намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі  райвыканкама В. Г. Навіцкая. У сельскіх клубах, напрыклад, больш часта праводзяцца забаўляльныя мерапрыемствы для дзяцей. Самадзейныя артысты паказваюць свае канцэрты ў школьных лагерах, складзены графік кінасеансаў для дзяцей.
Згодна з праграмай “Клопат” супрацоўнікі РАНС праводзяць у аздараўленчых лагерах шмат прафілактычных мерапрыемстваў. Пажарныя адказныя за школьныя лагеры ў Обальскай школе і СШ № 2. Яны тут праводзяць гутаркі і  віктарыны, прысвечаныя правілам паводзін у надзвычайных сітуацыях, арганізуюць экскурсіі ў пажарную часць.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №44 ад 09.06.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *