Накануне Дня медиков интервью с главврачом Шумилинской ЦРБ Константином Бакановым

Актуалии Здоровье

Проста будзьце здаровымі!
Якімі б спецыялістамі мы сябе ні лічылі, але, захварэўшы, адразу ж спяшаемся да ўрача. Мы спадзяемся на яго прафесійную кампетэнтнасць, на яго чалавечую спагаду. Мы поўнасцю яму давяраем. Напярэдадні Дня медыцынскіх работнікаў журналісты завіталі ў цэнтральную раённую бальніцу для таго, каб у чарговы раз расказаць на старонках раёнкі пра няпростую, але вельмі ўдзячную працу нашых медыкаў.


Пра дасягненні раённай медыцыны
Пра дасягненні раённай медыцыны гутарым з галоўным урачом раёна К. Ф. Баканавым:
– За мінулы год і пачатак гэтага ў нас склаліся нядрэнныя паказчыкі здароўя насельніцтва. Мы дамагліся зніжэння агульнай смяротнасці да 19,4 праміле, такога паказчыку не было ўжо даўно. І па мадэлі канечных вынікаў (гэта паказчыкі здароўя людзей) летась наш раён заняў пятае месца ў вобласці.
– І як вам гэта ўдаецца?
– Па-першае, сёння прымяняюцца высокатэхналагічныя методыкі лячэння. Па-другое, мы звяртаем пільную ўвагу і на дыспансерызацыю, і на прафагляды, і на раннія выяўленні хваробы. Таму ў нас і анказапушчанасць у мінулым годзе была нізкая. Каб вось толькі не алкагалізм – самая вялікая наша бяда, з якой адным медыкам справіцца не пад сілу. За гэты год мы ўжо страцілі 29 чалавек, якія загінулі ад знешніх прычын. Амаль усе яны былі працаздольнымі, і загінулі ў стане алкагольнага ап’янення.
– Мяркую, што дабівацца высокіх вынікаў у рабоце лягчэй, калі ёсць магчымасць абапірацца на прафесійныя кадры.
– У мінулым годзе, як ніколі, нам удалося прыняць на работу 10 урачоў. Гэта і загадчык клініка-дыягнастычнай лабараторыі, і стаматолагі, і тэрапеўты, і акушэры-гінеколагі. Дзякуючы гэтаму, сапраўды, працаваць стала лягчэй. Таксама нядрэнна ўдалося ўкамплектаваць кадрамі сяло: летась на Шуміліншчыну прыехалі 18 маладых спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, у тым ліку і фельчары. І вось на сённяшні дзень у нас з 15 ФАПаў укамплектаваныя 14. Фельчара няма толькі ў Лявонаве, ды і тое, хутчэй за ўсё, улічваючы маланаселенасць вёскі, ФАП там будзе закрывацца.
– Але ж, напэўна, урачы яшчэ патрэбны?
– Так, патрэбны. У жніўні да нас прыедуць пяць урачоў: два тэрапеўты, стаматолаг, анестэзіёлаг-рэаніматолаг і лор. Але зноў жа, мы застаёмся без акуліста: малады спецыяліст паехала следам за мужам у Бешанковічы.
– Ці можаце пахваліцца новым медыцынскім абсталяваннем?
– Летась бальніца пабагацела на абсталяванне для клініка-дыягнастычнай лабараторыі – гэта сучасны аўтаімунны апарат ферментатыўнай дыягностыкі і іншае абсталяванне, якое спрашчае працэс дыягностыкі.
– Любому вашаму пацыенту відавочныя змены да лепшага ў сэнсе камфартабельнасці медыцынскай установы.
– Так, у мінулым годзе, дзякуючы раённаму бюджэту, нам удалося шмат зрабіць: мы патрацілі больш як 2,3 мільярда рублёў  на бягучы рамонт бальніцы і мадэрнізацыю ўваходнага ганка (680 мільёнаў). Ну, і самае галоўнае тое, што мы нарэшце замянілі ўсе вокны ў аддзяленнях стацыянарнага корпусу. Цяпер гэта работа вядзецца ў паліклініцы: з новымі вокнамі ўжо ўвесь першы паверх.
– А што з рамонтам тэрапеўтычнага аддзялення?
– Мы спадзяваліся на дапамогу прадпрыемстваў раёна, але дарэмна. Адгукнуліся на просьбу толькі індывідуальныя прадпрымальнікі, і на сабраныя імі 27 мільёнаў мы закупілі сантэхніку. 500 мільёнаў для рамонту аддзялення выдзеліла абласное ўпраўленне аховы здароўя. Будаўнічая арганізацыя “Вітбудмед” прыступіла да работы ў аддзяленні. Штодня працуюць па 12-15 чалавек, і ўжо палова аддзялення гатова.
А напрыканцы нашай гутаркі хачу павіншаваць калег, ветэранаў працы, усе калектывы лячэбна-прафілактычных устаноў з прафесійным святам, пажадаць моцнага здароўя і далейшых поспехаў у працы.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №47 ад 19. 06. 2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *