Культпаход: беларускае лета

Актуалии Общество

У сталіцу нашай Радзімы
Лета – самая выдатная пара для таго, каб паказаць нашым дзецям Беларусь. Згадзіцеся, убачыць нешта на свае вочы – гэта не толькі цэлае мора ўражанняў, але і каштоўныя веды, якія, калі спатрэбіцца, лёгка можна будзе аднавіць потым на школьных занятках. Мы адправіліся ў сталіцу нашай Радзімы – у Мінск.
Першай кропкай нашай вандроўкі стаў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Музей размяшчаецца на ўзвышанасці ля абеліска “Мінск – горад-герой” (праспект Пераможцаў, 8) і складаецца з чатырох блокаў, якія сімвалізуюць чатыры гады вайны. Экспазіцыі размешчаны ў 10-ці залах. Толькі ў зале “Дарога вайны” мы ўбачылі 16 адзінак буйнагабарытнай баявой тэхнікі і ўзбраення: танкі, самалёты, гаўбіцы. Быццам, вырваныя з ваенных гадоў, застыўшыя імгненні баёў і ваеннага быту лёгка акунаюць гасцей у атмасферу вайны, робяць успрыняцце больш эмацыйным, пачуццёвым. На гэты эфект у музеі працуюць і разнастайныя мультымедыйныя тэхналогіі падачы традыцыйнага музейнага матэрыялу. Ёсць і  3D “Туманны экран”, і шмат інтэрактыўных экранаў, кіраваць якімі можа любы наведвальнік.
Для таго, каб грунтоўна пазнаёміцца з усімі экспанатамі і экспазіцыямі музея не хопіць, бадай, і цэлага дня. Але і таго, што паспелі ўхапіць мы з дзецьмі-малодшымі школьнікамі, нам дастаткова для перажыванняў і ўспамінаў, для ўсведамлення вялікага подзвігу нашага народа.
Далей мы трымалі шлях у Нацыянальную бібліятэку Беларусі (праспект Незалежнасці, 116). Не, мы не мелі намеру чытаць, а хацелі, як і многія, ўзняцца на панарамным ліфце над Мінскам і паглядзець на горад з вышыні птушынага палёту. Празрыстая сценка ліфта давала адчуванне палёту нам самім. Аглядальная пляцоўка, што знаходзіцца за 73 метры над Мінскам, адкрывала выдатны від на яго наваколле. Можна было пакарыстацца аптычнымі прыладамі.
Апусціўшыся на зямлю, мы паехалі ў Мінскі заапарк (Ташкенцкая, 40), ажыццявіўшы самае класічнае дзіцячае жаданне. Вядома, што мы правялі там не адну гадзіну, разглядаючы экзатычных і не вельмі жывёл і птушак. Прадказальна незабыўнае ўражанне пакінула прадстаўленне ў дэльфінарыі, а таксама наведванне экзатарыума, які адкрыўся зусім нядаўна.

У новым павільёне прадстаўлена флора і фауна Паўднёвай Амерыкі. Уразілі не толькі самі “пастаяльцы” экзатарыума, але і тэхнічныя прыёмы, мастацкія рашэнні ў афармленні вальераў і самога будынка. Але здаецца, што і вальераў ніякіх там няма, складваецца адчуванне, што ты ў тропіках: вось мост праз рэчку, а вось шуміць вадаспад, магчыма, у наступную хвіліну на плячо табе сядзе малпачка. Задавальненню дзяцей не было межаў.
Падарожжа скончылася. Мы плануем новае. А вы?
Рубрыку вядзе Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў №48 ад 23. 06. 2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *