Новогодние подарки получили и дети в Обольском приюте

Общество

“Новы год пастукаўся ў дзверы”
Па ўсёй рэспубліцы праходзіць дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”, у якой прымаюць удзел многія прадпрыемствы і арганізацыі, прыватныя прадпрымальнікі і проста добрыя людзі. Багата такіх і ў нашым раёне. Яны паклапаціліся пра тое, каб дзеці, якія падчас навагодніх святаў знаходзяцца ў прытулку, не засталіся без навагодніх сюрпрызаў і салодкіх падарункаў.
Сюрпрызаў і падарункаў хапала на святочным мерапрыемстве “Новы год пастукаўся ў дзверы”, якое ладзілася ў Обальскім дзіцячым прытулку 30 снежня. Святочны ранішнік быў падрыхтаваны сіламі педагагічнага калектыву прытулку. Выхавацелі, сацыяльныя педагогі, медыцынскія работнікі пераўвасобіліся ў казачных герояў. На свята да дзяцей (у той дзень у прытулку было 12 хлопчыкаў і дзяўчынак) прыйшлі не толькі Дзед Мароз са Снягуркай, але і Лесавік, Кікімара, Баба Яга. Было багата гасцей.
На святочнае мерапрыемства ці напярэдадні яго ў прытулак прывезлі падарункі з  аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, пракуратуры і суда, Обальскага керамічнага завода, Дэпартамента аховы, раённага аб’яднання арганізацый прафсаюзаў, Обальскага сельвыканкама, райаддзела па надзвычайных сітуацыях, раённага аддзела ўнутраных спраў, “Беларусбанка”, прыватнага прадпрыемства “Карынагандаль”, КУСГП “Ульскі”. “Таксама мы вельмі ўдзячны індывідуальным прадпрымальнікам з Шуміліна і Полацка, якія дапамаглі грашыма і падарылі дзецям некалькі пар гумавых ботаў, – расказала загадчыца Обальскага прытулку Т. С. Лузгіна. – дзякуй прадпрымальнікам А. П. Лешчанкову, І. А. Антоненку і ўсім тым, хто дапамог нам грашыма ці падарункамі і не пажадаў называць свае прозвішчы. А яшчэ нас парадавалі сваімі падарункамі Обальская, Слабадская, Мікіціхінская школы, а таксама яслі-сад № 3 г. п. Шуміліна”.
Кожны выхаванец прытулку падчас навагодніх святаў атрымаў салодкі падарунак. А яшчэ прытулку падарылі цацкі, спартыўны інвентар, канцылярскія тавары, электрамясарубку, ручнікі, упрыгожванні для ёлкі, кранштэйн для тэлевізара, сродкі асабістай  гігіены, расказала Таццяна Святаславаўна.
Дарэчы, дабрачынная акцыя “Нашы дзеці” працягваецца па 10 студзеня ўключна. Значыць, яшчэ ёсць час для добрых спраў.
Ларыса КІСЯЛЁВА.
Надрукавана ў №1 ад 05.01.2016 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *