Пятьдесят лет вместе. Семья Козловых из Куриловщины

Людзі і лёсы

Каханне разгарэлася на кірмашы
Паўстагоддзя разам – гэта добрае выпрабаванне часам, гэта большая частка жыцця і сямейнага шчасця, сцвярджаюць Уладзімір Дзмітрыевіч і Любоў Нікіфараўна Казловы з вёскі Курылаўшчына, што на Каўлякоўшчыне.
Так, Казловым пашчасціла пражыць разам пяцьдзясят гадоў, і яны гэта лічаць добрым падарункам лёсу. “Я родам з Чарнецкіх, а Уладзімір  мясцовы, з Курылаўшчыны, – кажа Любоў Нікіфараўна. – А пазнаёміліся мы на Узнясенне на кірмашы, які ў 60-я гады часта праводзіўся ў вёсцы Бокішава. Упадабалі адзін аднаго, некаторы час сустракаліся, а потым пажаніліся. У сельскі савет мы ехалі распісвацца на машыне ГАЗ-53, якую на вяселле выдзелілі нам з калгаса. Як сёння помню, да вяселля бацькі зарэзалі парася і некалькі авечак. На святочным стале было шмат мясных страў і вінегрэт”.
З вышыні пражытых гадоў Казловы ўпэўнены, што самае галоўнае ў сямейным жыцці – слухаць адзін аднаго і чуць. А яшчэ ўступаць, падтрымліваць не толькі словам, але і справаю. “Сапраўднае разуменне адзін аднаго прыйшло з гадамі, – кажа У. Д. Казлоў. – А ўвесь сакрэт у тым, што ніколі не трэба трымаць крыўды на сваю другую палову. Вядома, у жыцці здаралася рознае, але  мы з павагай ставіліся адзін да аднаго, ніколі не абразілі і не зняважылі”.
Усё жыццё Казловы пражылі ў Курылаўшчыне. Уладзімір Дзмітрыевіч працаваў у мясцовым калгасе “Рассвет” механізатарам, а Любоў Нікіфараўна – даяркай. Больш за трыццаць сезонаў гаспадар садзіўся падчас жніва за штурвал камбайна. Кажа, што ў прыпар асноўны цяжар дамашняй работы клаўся на жончыны плечы, бо прыходзіў дадому толькі начаваць. Тым не менш, Казловы ганарацца сваёй работай ў калгасе. Прозвішча Уладзіміра Дзмітрые-віча было занесена на калгасную Дошку гонару,  Любоў Нікіфараўна таксама мела шмат падзяк і грамат. А ў якасці падарунка за добрую работу калгас аднойчы ўзнагародзіў Казловых паездкай у Ленінград.
Муж і жонка згадалі, што іх заробак на той час быў добры: па 300-400 рублёў за месяц. Пасля зарплаты з лёгкасцю маглі купіць вялікі дыван на сцяну, які тады каштаваў 250 рублёў. Дарэчы, Уладзімір Дзмітрыевіч і зараз трымае цесную сувязь з ААТ “Прыдзвінскі”: зрэдку ды і зробіць па заказу для гаспадаркі аглоблі і дугі для конскай вупражы.
Казловы нарадзілі і выхавалі трох сыноў, маюць чацвярых унукаў і праўнучку. “Самае лепшае выхаванне для дзяцей – гэта праца, – кажа Уладзімір Дзмітрыевіч. – Думаю, гэты правераны жыццём прынцып не страціў актуальнасць і сёння: менавіта ў працы фарміруецца  і характар, і вынослівасць, і стрыманасць, і сіла волі. Так мы выхоўвалі сваіх дзяцей, так раім рабіць і сваім дзецям”.
Казловы пабудавалі ў Курылаўшчыне ўласны дом, дзе і жывуць зараз. На падворку выкапалі кало-дзеж, ля якога і сфатаграфаваліся для раённай газеты. Вада ў кало-дзежы чыстая, як сляза – добра наталяе смагу. Вады хапае і для хатніх патрэб, і для жывёлы. Між іншым, Казловы – адзіная сям’я на ўсю Курылаўшчыну, якая і сёння трымае карову. Ёсць яшчэ конь, два парасяці і куры. Любоў Нікіфараўна і Уладзімір Дзмітрыевіч цікавяцца навінамі ў раёне, пра якія дазнаюцца з “Герой працы”. Газету выпісваюць усё жыццё, кажуць, што любяць пачытаць пра надоі, тэмпы пасяўной і ход жніва.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №50 ад 30.06.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *