Жить в Беларуси. Россиянка Светлана Лисицина выбрала деревню Лесковичи в Шумилинском районе

Людзі і лёсы

“Я ўражана дабрынёй беларускіх людзей”
Прафесія Святланы Сяргееўны Лісіцынай ніколі не давала ёй сумаваць. Геалогія вабіла загадкавасцю і рамантычнасцю. Больш за трыццаць гадоў па камандзіроўках, па гарах і палях у пошуках карысных выкапняў. Рабілі геалагічныя здымкі, абследавалі мясцовасць. Святлана Сяргееўна працавала на Чукотцы, у Магадане, Кіргізіі, Казахстане, на Калыме, у Запаляр’і  і іншых кропках былога Савецкага Саюза. “Навучылася жыць у самых складаных умовах, – усміхаецца Святлана Сяргееўна.  – Начаваць у палатцы, гатаваць на кастры ежу – гэта стыль жыцця геолагаў. І хоць я карэнная масквічка, мне вельмі падабалася, калі мы спыняліся паблізу невялікіх вёсачак. Заўсёды знаходзіла кантакт з мясцовымі жыхарамі. Людзі часта дапамагалі нам”.
Напэўна, ранейшы стыль жыцця, экспедыцыі  паўплывалі на рашэнне Святланы Сяргееўны пасяліцца ў вёсцы. Хацелася цішыні, спакою, чыстага паветра. І калі аднойчы сяброўка Фаіна (дачка В. М. Карпавай) прапанавала: “А паехалі да мяне ў Беларусь, пабачыш, як там прыгожа”, нечакана для сябе згадзілася.
“Шчыра прызнаюся, Шуміліна не ўразіла, звычайны гарадскі пасёлак, – кажа С. С. Лісіцына. – А вось калі з сяброўкай пешшу прагульваліся да Лескавіч,  уразілі сасняк, напаўразбураныя панскія збудаванні, прыгожае возера. А ад царквы аж сэрца ёкнула! І за якую хвіліну я вырашыла, што буду жыць менавіта тут”.
Пяты год  Святлана Сяргееўна жыве ў Лескавічах. Яна здымае дом у пажыццёвую арэнду. Зрабіла тут рамонт, грошай на які пазычылі маскоўскія сябры. Паколькі С. С. Лісіцына па свайму характару чалавек гасцінны і шчыры, з’явіліся і новыя сябры. “Я ўвогуле была ўражана дабрынёй беларускіх людзей, іх шчырасцю, – кажа жанчына. – Многія мне, прыезджаму чалавеку,  узяліся дапамагаць.   Напрыклад, мая суседка, Валянціна Ананьеўна Паршыкава, пашыла мне шторы, падарыла карніз. А яе сын Аляксей адрамантаваў падлогу, зрабіў стол. І цяпер Паршыкавы часта прывозяць мне прадукты з горада”.
Інтэр’ер свайго дома Святлана Сяргееўна зрабіла ў стылі рэтра – з круглым сталом, аксамітнымі сурвэткамі. На гародзе – толькі кветкі  і  абкошаны газон. Дарэчы,  абкосам жанчына займаецца самастойна, трымае ў руках касу не горш за любога селяніна.
Ну, а ў  вольны час у Святланы Сяргееўны ёсць занятак для душы.  «У маім характары два лірычныя пачаткі, – кажа жанчына. – Гэта пісаць маслам і аўтаручкай. Калі мне было на душы цяжка і не было каму расказаць пра сваю бяду, я пісала дзённікі. Гэта вельмі дапамагала. А цяпер (вось ужо амаль трыццаць гадоў) пішу карціны. Напэўна, гэтыя задаткі былі дзесьці ў глыбіні душы. Але па-сапраўднаму занялася любімай справай толькі на пенсіі – пісала карціны ў трапезнай маскоўскай царквы “Жываносная крыніца”. Там мой талент заўважыў мастак Мікалай Андрэевіч Барысаў, у якога я потым брала ўрокі».
Святлане Сяргееўне добра ўдаюцца пейзажы – восеньскія, зімовыя, летнія. Жанчына ўмее перадаць прыгажосць палявога букета, зелянеючай руні, узыходзячага сонца. Гаворыць, што ў Лескавічах для мастака непачаты край работы, тут столькі прыгажосці – не ахапіць вокам.
Свае карціны С. С. Лісіцына не калекцыянуе. Дорыць сябрам, сваім знаёмым. Святлана Сяргееўна лічыць, што любая рэч, у тым ліку і карціна,  павінна жыць, дарыць людзям радасць, а не ляжаць мёртвым грузам. Больш таго, свой талент жанчына стараецца перадаць людзям. І ў яе з’явілася некалькі вучняў. Гэта дарослыя людзі, якія прагнуць  перадаць прыгажосць прыроды пэндзлем на карціне.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *