КФХ «Родник» лидирует в Витебской области по производству трав

Актуалии Сельское хозяйство Экономика

Пра бульбу, галегу і аўсяніцу
У гэтым годзе ў сялянска-фермерскай гаспадарцы “Раднік” пасаджана 150 гектараў бульбы. Пасадзіць – гэта палова справы, галоўнае – дагледзець пасевы і атрымаць добры ўраджай, упэўнены мясцовыя аграномы. Сёлета ў гаспадарцы расце восем гатункаў бульбы. Сярод ранніх сартоў – “лілея”, “няптун”, “уладар”, “маніфест”, “зорачка”.
“Бульбу апрацавалі “Зенкорам” супраць пустазелля, – расказаў кіраўнік гаспадаркі Ю. В. Сямёнаў. – Праводзім некалькі апрацовак супраць розных хвароб, а насенныя ўчасткі апрацоўваем і супраць шкоднікаў”.
Падчас нашага прыезду ў гаспадарку бульбу апрацоўвалі ад фітафторы. На полі ля вёскі Надзежына працавалі аграном па ахове раслін Віталь Мугака і механізатар Аляксандр Кандакоў (на здымку). “За дзень апрацоўваю па 30-40 гектараў, – расказаў Аляксандр Кандакоў. –  Калі тэхніка не псуецца, то працаваць лёгка. МТЗ новы, у кабіне ўсталяваны камп’ютар, які не дазваляе рабіць агрэхі, кантралюе норму рабочага раствору і адказвае за ўключэнне секцый апырсквальніка”.
Аграном са стажам Віталь Уладзіміравіч пераканаў нас, што апрацоўка ад фітафторы проста неабходная, каб “бульбу не з’еў туман”. У гаспадарцы яе апрацоўваюць разы чатыры. Ну, а чытачам раённай газеты, на чыіх агародах расце бульба, аграном раіў правесці апрацоўку хаця б два разы.
Механізатары “Радніка” расказалі, што яны правялі хімпраполку зерневых і зернебабовых, кукурузы.
СФГ “Раднік” спецыялізуецца на вырошчванні шматгадовых траў на насенне.  Трэба адзначыць, што пасевы чыстыя і дагледжаныя. Напрыклад, ля Ізгародзішча прыгожа цвіце бэзавае поле. Здалёк нам здалося, што гэта канюшына. “Не, гэта галега ўсходняя, – патлумачылі аграномы. – Гэту культуру выкарыстоўваюць на корм”.
“Травы мы сеем беспакроўна, – расказаў Юрый Віктаравіч. – Для нас важна сартавая і відавая чысціня. Трэба ж годна трымаць марку на рынку”. І сялянска-фермерская гаспадарка яе трымае. Так, нядаўна ў Віцебску былі падведзены вынікі работы элітных гаспадарак вобласці па вырошчванні траў. Да гонару нашага раёна, “Раднік” па вытворчасці і рэалізацыі шматгадовых траў высокіх рэпрадукцый заняў першае месца.
На мінулым тыдні на полі ля Мішкавіч два трактары з плугамі працавалі на палетках, дзе прайшлі меліярацыйныя работы: рыхтавалі глебу для сяўбы шматгадовых траў. Як высветлілася, аўсяніцу чырвоную можна сеяць і ў канцы чэрвеня-пачатку ліпеня.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў №52 ад 07.07.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *