Совету общественного пункта охраны правопорядка в Шумилино работы не убавляется

Общество

Калі сорамна – ёсць шанц выправіцца
На мінулым тыдні ў пасяджэнні савета грамадскага пункта аховы правапарадку ў Шуміліне, якое правёў намеснік старшыні райвыканкама А. М. Зайцаў, удзельнічалі намеснік пракурора Віцебскай вобласці У. І. Гук, намеснік начальніка упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі Віцебскага УУС У. М. Пранько, начальнік аддзела нагляду і прафілактыкі Віцебскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Д. В. Пантюхоў. Дарэчы, у той дзень прадстаўнікі праваахоўных органаў абласнога ўзроўню працавалі ва ўсіх сельсаветах раёна з мэтай нагляду за сістэмай работы па прафілактыцы правапарушэнняў у Шумілінскім раёне.
На савет грамадскага пункта выклікаюцца асобы, якія здзейснілі нейкія учынкі, што цягнуць адміністрацыйную адказнасць, ці яны знаходзяцца пад прафілактычным наглядам РАУС, ці вядуць антыграмадскае жыццё і іншае.
У той дзень на савет прыбылі дзевяць чалавек, якіх можна размеркаваць па некалькіх катэгорыях.
Абавязаныя асобы – нядбайныя бацькі, якіх пазбавілі бацькоўскіх правоў, ці яшчэ не пазбавілі, але яны павінны вяртаць дзяржаве грошы, за утрыманне дзяцей, якія знаходзяцца пад абаронай дзяржавы. Але яны не вельмі хочуць працаваць, за большасцю цягнецца шлейф даўгоў, які ўвесь час расце. Як, напрыклад за “рэкардсменкай” нашага раёна Таццянай Гусаковай, якая завінавацілася больш за 119 мільёнаў рублёў, пастаянна прагульвае, вядзе разбэшчанае жыццё, была ў ЛПП, але піць не кінула. Пры гэтым, і шчырага жадання вярнуць дзяцей не адчуваецца. З такой катэгорыяй ішла жорсткая размова: калі паводзіны не выправяцца, то ім пагражае крымінальная адказнасць і пазбаўленне волі.
Другая катэгорыя – аматары паскандаліць ці падэбашырыць у сям’і, вядома ж па п’янцы. Зусім маладыя хлопцы нідзе не працуюць, жывуць за грошы бацькоў-пенсіянераў ці пера-біваюцца выпадковымі заробкамі, пры гэтым не вельмі і адчуваюць сваю віну. І з такімі размова не лагодная – супраць іх трэба выкарыстоўваць ахоўнае прадпісанне, абмежаванне ў дзеяздольнасці ды накіроўваць у ЛПП, падкрэсліў У. І. Гук.
Трэцяя група – парушальнікі правілаў дарожнага руху, а дакладней тыя, каго супрацоўнікі ДАІ злавілі за рулём у стане алкагольнага ап’янення. Прыстойны людзі, апраўдваліся тым, што не адчувалі сабе п’янымі, што гэта адзінкавы выпадак, больш такога не паўтарыцца. Але намеснік пракурора вобласці адзначыў: “У маіх вачах – вы патэнцыйныя забойцы. Колькі праз мяне прайшло судовых спраў, калі п’яныя за рулём забівалі дзяцей, дарослых, сваіх пасажыраў, колькі калечылі. Не можа быць ніякага апраўдання такім паводзінам”.
У. І Гук падчас размовы з членамі савета пункта сказаў, што павінна весціся індывідуальная работа з кожным парушальнікам. Да кагосьці трэба прымяняць самы жорсткі ўціск, а хтосьці патрабуе шчырай размовы, бо сам асэнсоўвае свае паводзіны і імкнецца не дапусціць паўтарэння. Пракурор прапанаваў шырэй выкарыстоўваць галоснасць і публічнасць у рабоце з такімі асобамі. Кожны павінен ведаць і пальцам паказваць на іх, каб ім сорамна стала. Калі ім будзе сорамна – значыць у іх ёсць шанц выправіцца. Страшна, калі ім ужо ўсё роўна.
Сяргей ЕРМАЛАЕЎ.
Надрукавана ў №60 ад 04.08.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *