Детей в Обольском приюте познакомили с мужественной профессией и собакой Соней

Актуалии Образование Общество

Пра мужную прафесію і сабаку Соню
8 верасня супрацоўнікі Шумілінскага аддзялення Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь на чале з начальнікам аддзялення маёрам міліцыі А. А. Багацёнкам наведалі Обальскі сацыяльны прытулак для таго, каб расказаць пра сваю прафесію, прадэманстраваць узбраенне, адказаць на пытанні дзяцей.
Маючы на ўвазе няпросты лёс гэтых дзетак, можна зразумець некаторую насцярожанасць, з якой яны сустрэлі людзей у форме. Але зусім хутка мужчыны заваявалі прыхільнасць дзяцей, поўнасцю завалодалі іх увагай. І не дзіўна: якому малому не захочацца памераць бронекамізэльку, пабачыць сапраўдны аўтамат Калашнікава ці пісталет Макарава.
Аляксандр Афанасьевіч расказаў пра работу аддзялення, пра тое, з чым штодня прыходзіцца сутыкацца на службе, раскрыў некаторыя сакрэты. Напрыклад, сімвалам Дэпартамента аховы з’яўляецца сава. Начная птушка сімвалізуе тое, што ахова правапарадку, забеспячэнне спакою людзей – справа кругласутачная. Гэты знак можна ўбачыць на форменнай нашыўцы і на спецыяльным аўтамабілі.
“Супрацоўнікі аддзялення праходзяць павышаную фізічную і спецыяльную падрыхтоўку і знаходзяцца ў пастаяннай баявой гатоўнасці”, – заўважыў А. А. Багацёнак. Дзеці зразумелі, што гэта сапраўды небяспечная служба, якая патрабуе адвагі, сілы і кемлівасці. Супрацоўнікі аховы патрулююць па гора-дзе, часта першымі выязджаюць на здарэнні. А таму, вядома, ім неабходны і ўзбраенне, і добрае аўто, і сабака. Пры спрацоўванні сігналу трывогі група затрымання хуткага рэагавання павінна прыбыць на месца здарэння  ў максімальна кароткі тэрмін. Для гэтага трэба мець выдатныя навыкі ваджэння і ўмець хутка экіпіравацца.
Камандзір аддзялення групы затрымання старшы прапаршчык міліцыі В. П. Кузьмянок паказаў дзецям усе спецыфічныя сродкі, што выкарыстоўваюцца для нясення службы. Ім была прадэманстравана  разборка пісталета, процівагаз і майстар-клас па яго прымяненні і шмат чаго яшчэ. Дзеці ахвотна паспрабавалі сябе ў ролі супрацоўнікаў аховы: прымералі бронекамізэльку, ахоўны шлем.
Ну і канчаткова скарыў дзяцей сабака Соня. Міліцыянер-кінолаг групы затрымання А. М. Зубараў прадэманстраваў дзеткам, на што здатны сапраўдны службовы сабака.
Аляксандр Афанасьевіч расказаў, што гарадскія дзеці – даволі частыя госці ў аддзяленні, бо там пастаянна ладзяцца экскурсіі. Але ў гэты раз яны вырашылі самі наведаць дзетак у прытулку. 1 верасня супрацоўнікі аховы былі тут з дабрачынным візітам, тады і прыйшла ідэя вярнуцца ў Обаль яшчэ раз, зрабіць для дзяцей яшчэ нешта, каб парадаваць, каб запомнілася. Трэба сказаць, што ўсё атрымалася. Дастаткова было глянуць у вочы дзяцей, якія свяціліся радасцю і ўдзячнасцю. А раптам гэта сустрэча вызначыла нечы лёс. Так сапраўды бывае. І яшчэ, кожны з нас здатны зрабіць шчаслівым любое дзіця, хаця б на імгненне. І гэта – важна.
Наталля ЧАРНІЧЭНКА.
Надрукавана ў № 71 ад 11.09.2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *