Доска почёта Шумилинского района: Валерий Москаленчик

Актуалии Экономика

Прараб Валерый Маскаленчык
Сустрэцца з прарабам ПМК-70 Валерыем Рыгоравічам Маскаленчыкам, імя якога сёлета занесена на раённую Дошку гонару, з першага разу не ўдалося. На тое былі аб’ектыўныя прычыны. У прараба зараз, як і ва ўсіх будаўнікоў, гарачая пара – аб’екты. У В. Маскаленчыка, як высветлілася, паралельна тры будоўлі: шматкватэрны жылы дом, лясніцтва і гасцініца ў райцэнтры. І за ўсім, зразумела, патрэбен кантроль, арганізацыя вытворчасці. Вось і даводзіцца прарабу круціцца, раз’язджаць.  “Ды з яго энергіяй, вялікім багажом ведаў, вопытам і прафесіяналізмам, а яшчэ пазітыўным стаўленнем да справы і наогул да жыцця ўсё па сілах”, – кажа начальнік ПМК-70 Аляксей Крыўко.
Кіраўніцтва прадпрыемства цэніць свайго работніка і ўпэўнена давярае яму самыя адказныя і маштабныя будаўнічыя пляцоўкі. Ведае: Маскаленчык справіцца. Напрыклад, летась прараб з гонарам справіўся з заданнямі па будаўніцтву жылога дома ў райцэнтры і двух дамоў у Гарадку.
На пытанне “Чым ганарыцца?” Валерый Маскаленчык не змог адразу адказаць. Маўляў, не ганарлівы ён увогуле чалавек. А вось на пытанне, ці ёсць такія аб’екты, якія пабудаваны пад яго кіраўніцтвам і якімі ён ганарыцца, адказаў адразу: “Газаразмеркавальныя станцыі па раёне, а таксама тэлевышка ў Мішневічах. Ды і дамы ў Кіраўскім, якія будаваліся ў гады маёй маладосці”.
А мары ў вытворцы работ В. Р. Маскаленчыка не завоблачныя, можна сказаць, надта сціплыя і жыццёвыя: адпачыць як след і ад работы, і ад людзей таксама. Пабываць абавязкова ў лесе, пахадзіць за грыбамі. Хаця калі меркаваць па тым, што прарабу ў сціслыя тэрміны трэба здаць аб’ект (жылы дом у райцэнтры), грыбоў будаўніку, напэўна, не відаць. Бо ў такі напружаны час выхадных практычна няма, і вытворчасць наладжана ў некалькі змен.
Трэба дадаць, што пры ўсім пры гэтым Валерый Маскаленчык вельмі адданы свайму прадпрыемству. Нягледзячы ні на што, з 1987 года пасля заканчэння Бабруйскага тэхнікума як трапіў малады тэхнік-будаўнік родам з Гомельшчыны ў Шумілінскае ПМК-70, так і застаўся тут, можна сказаць, на ўсё жыццё. І з’язджаць нікуды не плануе: тут дом, побач дачка з сынам, унучка. І работа, якая прыносіць і маральнае, і матэрыяльнае задавальненне.
Алена КАРПУШЭНКА.
Надрукавана ў № 73 ад 18. 09. 2015 г.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *