Сакрэт сямейнага шчасця Гусаравых
Знаёмячыся з жыхарамі нашага раёна, у большасці сваёй застаешся задаволеным, што на Шуміліншчыне нямала дружных сем’яў, дзе паважаюць старэйшых, беражліва і патрабавальна адносяцца да выхавання дзяцей. Удвая прыемна, калі муж з жонкай могуць пахваліцца зайздросным сямейным стажам. Як, напрыклад, Зоя Дзянісаўна і Рыгор Апанасавіч Гусаравы з вёскі Дабея.
“Сёлетні год для нас юбілейны: святкуем 50-годдзе сумеснага жыцця”, – з гордасцю кажа Рыгор Апанасавіч. Гаспадар расказаў, што ягонае і жончына дзяцінства было галоднае, апаленае вайной. “У час Вялікай Айчыннай вайны ў хаце маіх бацькоў у Дабеі быў нямецкі штаб, – кажа Р. А. Гусараў. – Маці і мяне з сястрой выгналі жыць у хляўчук. Так мы і прабылі там, лічыце, усю вайну. Карова грэла і карміла. Але ж усё роўна зімой было холадна”.
Пасля вайны Рыгор Апанасавіч вывучыўся на заатэхніка. Калі працаваў у калгасе “Іскра”, кожную раніцу аб’язджаў на кані ўсе фермы гаспадаркі. Асабліва падабалася прыязджаць на ферму Сосніна, бо там працавала даяркай прыгажуня Зоя. Часта выпадала ездзіць разам на розныя раённыя і абласныя нарады: Рыгора Апанасавіча запрашалі туды як сакратара партыйнай арганізацыі калгаса, Зою Дзянісаўну – як сакратара камсамольскай арганізацыі.
Неўзабаве Рыгор і Зоя ажаніліся. Вяселле было багатым, мнагалюдным, а галоўнае – вясёлым. Пётр Апанасавіч Кібісаў, які тады ўзначальваў калгас “Іскра”, параіў маладому заатэхніку: ”Бяры, Рыгор, лепшага калгаснага рысака і едзь за нявестай”. Так жаніх і зрабіў: на кані павёз сваю будучую жонку ў Дабейскі сельвыканкам, каб узаконіць свае адносіны.
Тады яшчэ Рыгор Апанасавіч і не падазраваў, што лёсам будзе наканавана самому працаваць у гэтым сельвыканкаме больш за дваццаць гадоў.
Маладая сям’я некалькі гадоў пражыла з бацькамі Рыгора Апанасавіча, потым пабудавала свой уласны дом. Будаваліся доўга. Дапамагалі родныя і суседзі. Р. А. Гусараў кажа, што асноўныя дамашнія работы клаліся на плечы жонкі. Сакратар Дабейскага сельсавета выконваў абавязкі і начальніка ваеннага ўліковага стала, быў заняты і грамадскімі справамі. Вельмі многа было работы з дакументамі, бухгалтэрыю прыходзілася весці ад рукі. Больш таго, сакратар быў у адказе за закупку ў насельніцтва лішкаў гародніны, мяса і сала. Бывала, прыедзе грузавая машына з Брэста, і разам з ёй сакратар да вечара ездзіць па вясковых падворках, з якіх прадаюць бульбу.
Пасля работы заўсёды прыемна было вяртацца дадому, дзе чакалі жонка і дзве дачкі, дзе ў пакоях панавала чысціня, а на стале была смачная вячэра. Гусаравы кажуць, што на іх жыццёвым шляху былі радасці і нягоды, якія заўсёды дзялілі папалам. І хоць Рыгор Апанасавіч прызнаецца, што ў яго складаны характар, сямейная пара ўсё ж змагла захаваць цеплыню сямейных адносін.
“Трэба ўмець разумець і дараваць, – кажа Зоя Дзянісаўна. – У сямейным жыцці калі адзін з агнём, то другому трэба быць з вадой, каб не было пажарышча”. Вельмі добрая па сваёй натуры, з пакладзістым характарам, жанчына заўсёды была і застаецца мудрай гаспадыняй і жонкай.
У Дабеі Гусаравы карыстаюцца заслужанай павагай. Яны, як і ў маладосці, перажываюць за грамадскае, за лёс сваёй вёскі і яе людзей. Яны людзі душэўныя, прыветлівыя і гасцінныя, у іх доме па-сямейнаму ўтульна. Да таго ж, вось ужо як паўстагоддзя Гусаравы з’яўляюцца падпісчыкамі “Герой працы”. Зычым нашым пастаянным чытачам здароўя і дабрабыту.
Ларыса ЗАЙЦАВА.
Надрукавана ў № 82 ад 20.10.2015 г.